Пошук

05.06.2026 16:07   Фота: Марына Валасар / Паводле: pinskdiocese.by

31 мая ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў Баранавічах адбылося святкаванне 25-годдзя з даты пасвячэння касцёла святога Зыгмунта.

Святую Імшу з нагоды ўрачыстасці ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, пробашч парафіі святога Зыгмунта ксёндз канонік доктар Багдан Крынскі і іншыя святары.

Звяртаючыся да сабраных вернікаў, Мітрапаліт Юзаф звярнуў увагу на вялікі дар, якім з’яўляецца вера і адносіны з Богам. Усё гэта напаўняе людзей духоўнымі сіламі, падтрымлівае іх на жыццёвым шляху і натхняе будаваць такія прыгожыя святыні як касцёл святога Зыгмунта ў Баранавічах, якія становяцца месцам сустрэчы людзей з Богам і паміж сабою, ствараючы вялікую духоўную сям’ю сем’яў.

На завяршэнне літургіі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка заахвоціў вернікаў узнесці да Бога малітву падзякі за ўсіх, хто прычыніўся да будаўніцтва гэтай святыні — за жывых і памерлых. Асабліва біскуп Антоні ўзгадаў кардынала Казіміра Свёнтка, які падтрымліваў парафію на самым пачатку яе арганізацыі ў новай частцы горада і здзейсніў пасвячэнне касцёла святога Зыгмунта 25 год таму. Таксама іерарх прыгадаў нядаўна спачылага біскупа Казіміра Велікасельца, які распачынаў будаўніцтва гэтай велічнай святыні — сапраўднага ўпрыгажэння Баранавічаў.

Удзяляючы благаслаўленне сабраным вернікам і гасцям урачыстасці, Мітрапаліт Юзаф Станеўскі запрасіў усіх да руплівай малітвы «аб новых святарскіх пакліканнях з нашых сем’яў, каб маладыя людзі з адвагай і энтузіязмам веры адклікаліся на запрашэнне Пана пайсці шляхам служэння Богу і людзям у Хрыстовым святарстве».

Абноўлена 05.06.2026 17:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа