Пошук

11.03.2024 15:24   Паводле: rkc.org.ua / Фота: rkc.org.ua / Catholic.by

З 5 па 8 сакавіка на тэрыторыі Вышэйшай духоўнай семінарыі святога Юзафа ў львоўскім раёне Брухавічы праходзіла 60-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў Украіны.

Як паведамляецца на партале Рыма-Каталіцкага Касцёла ва Украіне rkc.org.ua, пасля супольнай малітвы Літургіі гадзінаў на пачатку першага працоўнага дня пасяджэнне распачаў малітваю за Бацькаўшчыну Старшыня Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў Украіны біскуп Луцкі Віталій Скамароўскі.

Пасля прывітальных словаў Апостальскага нунцыя ва Украіне арцыбіскупа Вісвальдаса Кульбокаса і сакратара нунцыятуры монсіньёра Джозэфа Марамрэддзі перад прыступнымі з прамовай выступіў кардынал Герхард Мюллер, які ў 2012–2017 гадах быў Прэфектам тагачаснай Кангрэгацыі Веравучэння, а таксама ўзначальваў Міжнародную тэалагічную камісію і Папскую біблійную камісію.

Кардынал Мюллер прадставіў даклад на тэму сучаснай сітуацыі ў Касцёле, падзяліўся досведам і душпастырскімі парадамі адносна таго, якім чынам біскупам дзейнічаць у актуальных умовах, захоўваючы паслухмянасць Святому Айцу.

Кардынал Мюллер таксама прачытаў лекцыю на тэму «Месца Бога і месца чалавека паводле энцыклікі Deus caritas est Святога Айца Бэнэдыкта XVI» з нагоды 100-годдзя з чсу заснавання ў Львове Тэалагічнага таварыства і 10-годдзя з часу заснавання Рыма-Каталіцкага тэалагічнага таварыства ва Украіне у Тэалагічным інстытуце святога Юзафа Більчэўскага.

Пасля размовы з кардыналам Мюллерам украінскія каталіцкія біскупы правялі сустрэчу з Апостальскім нунцыем Кульбокасам. Першая частка сустрэчы была прысвечана агульным пытанням, якія датычацца пастырскай дзейнасці ва ўмовах вайны. «Гаворка ішла пра дзейнасць і планы Святога Пасаду і ўсяго Каталіцкага Касцёла на міжнародным узроўні ў гуманітарнай сферы. У гэтым пытанні важна, каб была каардынацыя паміж біскупамі ва Украіне і кіраўнікамі Святога Пасаду. Гэта датычыцца вяртання дзяцей ва Украіну і іншых пытанняў», — зазначыў нунцый. Акрамя таго, быў абмеркаваны шэраг іншых канкрэтных праблем падчас вайны.

«Тут важна мець агульную думку і каардынаваць нашую дзейнасць: маю дзейнасць як Апостальскага нунцыя і біскупаў. Падзяліцца нашымі думкамі і нашым бачаннем таго, што рабіць у духоўным, пастырскім, сацыяльным, гуманітарным планах. Гэта заўсёды важнае пытанне, бо нам не хапае часу, а кожная сустрэча дапамагае падзяліцца досведам і думкамі», — падсумаваў прадстаўнік Папы Францішка ва Украіне.

Пасля перапынку і супольнай малітвы Вяночкам да Божай Міласэрнасці пасяджэнне працягнулася. Біскуп Кіева-Жытомірскі Віталій Крывіцкі SDB прадставіў склад Экуменічнай камісіі пры епіскапаце. Новы склад камісіі і яе мэты былі зацверджаны на пасяджэнні. Біскуп Крывіцкі таксама пазнаёміў прысутных з дзейнасцю Усеўкраінскай рады Цэркваў і рэлігійных арганізацый. На заканчэнне першага працоўнага дня адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў кардынал Мюллер. У малітве за Украіну, людзей добрай волі і за мір аб’ядналіся біскупы, кансэкраваныя асобы і святары са Львова і ваколіц, а таксама студэнты, выкладчыкі і выпускнікі Тэалагічнага інстытута святога Юзафа Більчэўскага. Завяршыўся дзень гадзіннай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Другі дзень пасяджэння распачаўся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый ва Украіне Вісвальдас Кульбокас. Біскупы разам з прадстаўніком Святога Айца супольна памаліліся за мір ва Украіне і аб абароне ад дэмана вайны.

У прамоўленай гаміліі нунцый зазначыў, што Бог пасылаў да народа прарокаў, але вушы людзей заставаліся закрытымі. Іерарх пералічыў прылады, якія дапамагаюць лепш слухаць Бога: цвярозасць, малітва, пакора, імкненне заўсёды вучыцца. Нунцый Кульбокас заахвоціў удзельнікаў святой Імшы маліцца аб здольнасці рэагаваць на знакі часу і слухаць голас Бога, каб быць здольнымі прыняць такі жаданы мір на ўкраінскай зямлі.

Па выніках 60-а пленарнага пасяджэння Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў Украіны было выдадзена камюніке, у якім, між іншым, паведамляецца, што іерархі прынялі рашэнне надаць статус Усеўкраінскай Кальварыі санктуарыю Мукі Пана і Крыжоваму шляху ў Шаргарадзе, што на Віннічыне.

Акрамя таго, біскупы зацвердзілі новыя літургічныя кнігі, у прыватнасці, Агенду, якая неўзабаве будзе выдадзена. Іерархі таксама вызначалі паасобныя пункты плану развіцця Касцёла ва Украіне ў бліжэйшы час.

 

Абноўлена 11.03.2024 15:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа