Пошук

22.01.2024 14:14   Паводле: CNA / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: PAP/EPA / Will Oliver

19 студзеня ў Вашынгтоне, нягледзячы на снежнае і марознае надвор’е, пад дэвізам «З кожнай жанчынай, для кожнага дзіцяці» прайшоў 51-ы Марш за жыццё.

Як паведаміла Catholic News Agency, у ім узялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек, якія прыбылі ў сталіцу з розных мясцін Злучаных Штатаў Амерыкі, каб выказаць свой пратэст супраць «цывілізацыі смерці», пра якую казаў святы Ян Павел ІІ, і супраць забойства ненароджаных дзяцей ва ўлонні маці.

Марш за жыццё адбываецца штогод у гадавіну прысуду ў справе Роў супраць Уэйда, якім у 1973 годзе ў ЗША былі легалізаваныя аборты.

Мерапрыемства, ініцыятарамі якога выступаюць Рыцары Калумба і Сёстры Жыцця, распачалося раніцай з Life Fest, падчас якога гучалі свдчанні, музыка, а таксама адбывалася адарацыя і цэлебравалася святая Імша.

Падчас Эўхарыстыі Мітрапаліт Бостанскі кардынал Шон Патрык О’Мэллі задаў пытанне: «Ці мы верым у тое, што чалавечыя істоты маюць каштоўнасць і павінны быць пад абаронай?» Амерыканскі ірарх дадаў, што нават пасля адмены прысуду ў справе Роў супраць Уэйда ў Злучаных Штатх гіне занадта шмат дзяцей. «Еўгенічны аспект абортаў часта камуфлюецца высокімі фразамі пра выбар і прыватнасць. Наіўна лічыць, што аборты не зніжаюць адчувальнасці нашага народа. Менавіта гэта мае на ўвазе Папа Фрацішак, калі кажа пра глабалізацыю абыякавасці», — падкрэсліў кардынал.

«Будзем жа дапамагаць будаваць новую цывілізацыю і абараняць жыццё. Мы абараняем нават саміх сябе. Сёння я заклікаю ўсіх вас, мае браты і сёстры, каб вы ўзышлі на гэтую гару любові. Прынясіце сябе ў дар. Зрабіце свет лепшым», — заахвоціў удзельнікаў Імшы кардынал О’Мэллі.

На традыцыйным маршы ў абарону жыцця разам сабраліся дарослыя, моладзь, дзеці і нават немаўляты. Несучы вялікі драўляны крыж, трымаючы ў руках транспаранты і амерыканскія сцягі, яны прайшлі да будынку Вярхоўнага суда. Усё мерапрыемства працягвалася каля трох з паловай гадзін.

Джын Манчыні, кіраўніца Маршу за жыццё, у сваёй прамове адзначыла, што, нягледзячы на адмену прысуду ў справе Роў супраць Уэйда, абаронцы жыцця павінны і надалей актыўна выступаць у абарону жыцця не толькі на нацыянальным узроўні, але таксама ў штатах, дзе яны жывуць. З 2018 года рух у абарону жыцця актыўна падтрымлівае маршы за жыццё на ўзроўні паасобных штатаў. Цяпер яны штогод адбываюцца прынамсі ў 16-і розных штатах.

«Не дайце сябе падмануць: будзем праводзіць маршы да таго часу, пакуль аборты стануць чымсьці, што немагчыма сабе нават уявіць», — сказала актывістка.

Да сабраных звярнуўся таксама спікер Палаты Прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Майк Джонсан, які пахваліў сваіх калег за прынятую ў чацвер рэзалюцыю аб захаванні фінансавання для цэнтраў дапамогі цяжарным жанчынам насуперак намаганням адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна, якая імкнецца спыніць фінансаванне гэтых цэнтраў у межах федэральнай праграмы.

«Наш марш — гэта прыгожы вобраз Амерыкі; усе разам мы святкуем жыццё і сутнасць быць амерыканцам», — сказаў палітык. Ён выказаў упэўненасць у тым, што ўдасца змяніць грамадскае меркаванне ў ЗША і пабудаваць культуру, якая цэніць, падтрымлівае і абараняе жыццё.

Перад маршам у базыліцы Нацыянальнага санктуарыя Беззаганнага Зачацця ў Вашынгтоне прайшло малітоўнае чуванне ў абарону жыцця. Яго ўдзельнікі маглі ўшанаваць рэліквіі сям’і Ульма з Польшчы.

Падчас Другой сусветнай вайны Юзаф і Вікторыя Ульма, а таксама іх сямёра дзяцей, у тым ліку адно ненароджанае дзіцятка, былі забітыя нацыстамі за тое, што дапамагалі ратавацца габрэям. Упершыню ў гісторыі Каталіцкага Касцёла, уся сям’я была беатыфікавана 10 верасня мінулага года.

Абноўлена 22.01.2024 14:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця