Пошук

09.09.2023 09:03   Vatican News
Юзаф і Вікторыя Ульма з дзецьмі / przemyska.pl

5 верасня Святы Пасад абнародаваў заяву адносна беатыфікацыі сям’і Ульма, якая адбудзецца ў Польшчы 10 верасня.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у дакуменце, падпісаным Прэфектам Дыкастэрыі па справах кананізацыі кардыналам Марчэло Сэмэрара, сказана, што дзіця, якім была цяжарная Вікторыя Ульма, нарадзілася ў момант мучаніцкай смерці маці, таму і было далучана да групы дзяцей-мучанікаў.

«У сувязі з нядаўна распаўсюджанай у некаторых СМІ інфармацыяй аб мучаніцкай смерці сям’і Ульма, абрад беатыфікацыі якой адбудзецца 10 верасня 2023 года ў польскай Маркове, Дыкастэрыя па справах кананізацыі заяўляе, што ў момант забойства Вікторыя Ульма была цяжарная сёмым дзіцём. Яно нарадзілася ў час мучаніцкай смерці маці. Такім чынам яго дадалі да ліку дзяцей-мучанікаў. У мучаніцкай смерці бацькоў яно прыняло хрост крывёй», — паведамляецца ў заяве Святога Пасаду.

Сям’я Ульма была забітая гітлераўцамі 24 сакавіка 1944 года за ўкрыванне габрэяў. Спачатку забілі іх, а потым усю сям’ю Ульма: Юзафа, Вікторыю і іх шасцёх дзяцей: Стася, Басю, Уладзя, Франя, Антося і Марысю. Самаму старэйшаму з іх было 8 гадоў, наймалодшаму — паўтара гадкі.

У дзень злачынства Вікторыя была на познім тэрміне цяжарнасці і з прычыны стрэсу, звязанага з расстрэлам, у яе пачаліся роды.

Разам з кардыналам Марчэло Сэмэрара беатыфікацыйную Імшу ў Маркове будуць канцэлебраваць каля тысячы святароў і 80 кардыналаў і біскупаў з Польшчы і з-за мяжы. Аб сваім удзеле ў ёй толькі афіцыйна заявілі больш за 32 тысячы чалавек. На літургіі будзе прысутнічаць галоўны рабін Польшчы.

Абноўлена 09.09.2023 19:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.