Пошук


Фота: www.vaticannews.va/it

Падчас агульнай аўдыенцыі 19 жніўня Папа Леў XIV звярнуўся да тэмы сакральнай музыкі. Пантыфік растлумачыў, чаму яна не проста суправаджае набажэнства, а з’яўляецца яго жывым сэрцам і дапамагае спевам стаць сапраўднай малітвай.

Музыка не дэкарацыя, а малітва

На агульнай аўдыенцыі, якая 19 жніўня з прычыны рымскай спёкі прайшла ў Базыліцы Святога Пятра, папа Леў XIV працягнуў цыкл разважанняў над канстытуцыяй Другога Ватыканскага Сабору Sacrosanctum Concilium. Гэтым разам ён спыніўся на шостым раздзеле дакумента і прысвяціў сваю катэхезу сакральнай музыцы. Пантыфік падкрэсліў, што музыка ў літургіі — не проста аздабленне, а неад’емная частка ўрачыстага набажэнства.

Саборны дакумент, прысвечаны рэформе і развіццю літургіі, нагадвае, што «музычная традыцыя Касцёла» — «скарб нязмернай каштоўнасці», які «вылучаецца сярод іншых відаў мастацтва, асабліва дзякуючы таму, што сакральны спеў, злучаны са словамі, з’яўляецца неабходнай і неад’емнай часткай урачыстай літургіі» . Таму, як нагадвае сам дакумент, «сакральная музыка будзе тым больш святой, чым больш будзе звязана з літургічным дзеяннем».

Пантыфік заўважыў, што спевы і музыка падчас святой Імшы з’яўляюцца формай малітвы, якая дапамагае вернікам адкрыць сэрца на дзеянне Божай ласкі. Менавіта тут знаходзіцца «ядро саборнага навучання, якое пацвярджае і паглыбляе службовую функцыю музыкі ў літургіі, ужо вызначаную святым Піем X у Motu Proprio Inter sollicitudines.

Прыводзячы словы святога Аўгустына аб пачуццёвым вымярэнні малітвы Cantare amantis est, якія азначаюць «спяваць уласціва таму, хто любіць», Святы Айцец асабліва падкрэсліў важнасць музыкі ў літургіі, бо яна дапамагае вернікам адкрыць сэрца на дзеянне Бога ў ласцы. А сумесны спеў яшчэ і яднае людзей, дазваляючы разам праслаўляць Бога. «Праз сімфонію галасоў ён спрыяе яднанню душ, пераадольваючы адрозненні паміж людзьмі і збіраючы ўсіх у адзінай хвале Богу. Так ён становіцца эпіфаніяй Касцёла, пачуццёвым выяўленнем еднасці, якая належыць да самой яго прыроды», адзначыў Папа. Такі спеў становіцца бачным выразам прыроды Касцёла.

Таму сакральная музыка павінна адпавядаць пэўным патрабаванням: спалучаць высокую музычную якасць і лёгкасць выканання, высакароднасць і прастату, асабліва калі яна прызначана для выканання ўсёй супольнасцю.

Сабор рэкамендуе, каб сакральных тэксты спеваў былі глыбокімі і зразумелымі, грунтаваліся на Святым Пісанні і Традыцыі Касцёла і тым самым падтрымлівалі сувязь паміж малітвай і верай.

Леў XIV нагадаў, што вернікі закліканы да актыўнага ўдзелу ў Эўхарыстыі — праз спевы, адказы, псальмы, антыфоны і нават маўчанне. Таму кожны, святар ці свецкі, павінен выконваць сваю ролю ў адпаведнасці з прыродай абраду і літургічнымі нормамі ў гарманічнай раўнавазе паміж рознымі служэннямі.

Традыцыя, сучаснасць і адна адказнасць

Святы Айцец адзначыў важнае значэнне грыгарыянскага спеву, што аднак не выключае іншых форм сакральнай музыкі ў літургіі. Што да музычных інструментаў, то асаблівая ўвага надаецца аргану, аднак выкарыстанне іншых інструментаў дапускаецца, калі яны адпавядаюць святасці і годнасці літургіі, а таксама спрыяюць духоўнаму ўзбагачэнню вернікаў.

Фота: Vatican Media

Сабор таксама заклікае ўлічваць музычныя традыцыі розных народаў як частку іх рэлігійнага і грамадскага жыцця.

Важнае месца ў літургіі займае і хор (schola cantorum), які павінен забяспечваць якаснае выкананне музычных твораў і дапамагаць актыўнаму ўдзелу вернікаў у супольным спеве.

«Кампазітары, якія ствараюць сакральную музыку, пакліканы ведаць і захоўваць музычную спадчыну Касцёла і, абапіраючыся на яе, пісаць новыя творы, якія адпавядаюць сучаснай культуры і годнасці літургіі, пазбягаючы стылявой нядбайнасці, неахайных форм і няўклюдных тэкстаў і мелодый»,

— падкрэсліў Папа.

Пантыфік таксама заклікаў развіваць навучанне і практыку сакральнай музыкі ў семінарыях, навіцыяце мужчынскіх і жаночых манаскіх ордэнаў і каталіцкіх школах, а таксама забяспечваць грунтоўную літургічную падрыхтоўку музыкантаў і спевакоў.

На заканчэнне катэхезы Леў XIV яшчэ раз падкрэсліў высокую ролю сакральнай музыкі як сімвала еднасці Касцёла і прывёў словы святога Ігнацыя Антыёхскага, які заклікаў вернікаў быць адзіным хорам, разам праслаўляць Бога і добрымі ўчынкамі сведчыць пра сваю прыналежнасць да Яго Сына.

Абноўлена 20.08.2026 10:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.