Пошук

05.07.2026 12:22   Аляксандр Панчанка / Vatican News BY
Ілюстрацыйнае фота: sedmitza.ru

Дыкастэрыя веравучэння разаслала біскупам усяго свету дакумент, у якім тлумачыцца парадак паўторнага прыняцця ў поўную еднасць з Касцёлам тых, хто вырашыць пакінуць Брацтва святога Пія X пасля схізматычнага акту, які прывёў да новай экскамунікі.

У дакуменце Апостальскай Сталіцы, які быў абнародаваны 2 ліпеня, гаворыцца, што святар, які вырашыў пакінуць Святарскае брацтва святога Пія X і гатовы прыняць Другі Ватыканскі Сабор і законнасць novus ordo Missae, застаючыся прывязаным да usus antiquior, павінен «знайсці ардынарыя (дыяцэзіяльнага біскупа, вышэйшага настаяцеля святарскага інстытута кансэкраванага жыцця або таварыства апостальскага жыцця папскага права і г.д.), які будзе гатовы прыняць яго ad experimentum».

Святар павінен уласнаручна напісаць ліст да Святога Айца, прадставіцца ў ім і папрасіць аб зняцці кананічных пакаранняў, накладзеных з прычыны пасвячэння, атрыманага ад экскамунікаванага або кананічна нерэгулярнага біскупа, або з-за таго, што, будучы пасвечаны дзейсным і законным чынам, пазней уступіў у Святарскае брацтва святога Пія X.

Святар павінен далучыць пасведчанне аб прэзбітэрскім пасвячэнні, а таксама Professio fidei і Formula adhaesionis, падпісаныя і датаваныя. Гаворка ідзе пра Вызнанне веры, у якім абагульняецца змест каталіцкай веры, і Формулу прыналежнасці, у якой святар:

  • абяцае вернасць Папу, абавязваючыся не выступаць публічна супраць яго і яго навучання;
  • заяўляе аб прыняцці палажэнняў 25-га пункта дагматычнай канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору Lumen gentium адносна паслухмянасці навучанню Касцёла;
  • дэкларуе, што прызнае дзейснай цэлебрацыю Імшы і сакрамэнтаў паводле абрадаў, якія змяшчаюцца ў тыпавых выданнях Рымскага Імшала і Рытуала, выдадзеных Паўлам VI і Янам Паўлам II;
  • абяцае прытрымлівацца агульнай дысцыпліны Касцёла і нормаў Кодэкса кананічнага права, прамульгаванага Янам Паўлам II.

Ардынарый павінен накіраваць усе гэтыя дакументы ў Дыкастэрыю веравучэння разам з суправаджальным лістом, у якім павінен выказаць «гатоўнасць прыняць святара “ad experimentum” у сваёй дыяцэзіі або інстытуце». Пасля атрымання дакументаў Дыкастэрыя рыхтуе рэскрыпт аб зняцці кананічных пакаранняў, дазваляючы ардынарыю прыняць святара «на выпрабавальны тэрмін не менш за адзін год і не больш за тры гады, пасля заканчэння якога можна будзе распачаць працэс яго інкардынацыі».

Парадак прыняцця ў поўную еднасць з Каталіцкім Касцёлам свецкіх вернікаў, якія фармальна далучыліся да Брацтва святога Пія X або ўдзельнічаюць у яго жыцці, звязаны «з пытаннем аб іх вінаватасці або ступені суб’ектыўнай адказнасці». Падкрэсліваецца, што накладанне кананічнага пакарання на свецкіх членаў Брацтва не можа быць аўтаматычным і «павінна ацэньвацца ў кожным выпадку асобна».

«Паколькі вінаватасць патрабуе поўнага ўсведамлення і свядомай згоды, прыклады даказанай вінаватасці могуць датычыць: свецкіх вернікаў, якія з’яўляюцца членамі Трэцяга ордэна Святарскага брацтва святога Пія X; свецкіх вернікаў, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у набажэнствах Святарскага брацтва святога Пія X, фармальна падзяляючы яго дактрынальныя пазіцыі»,

 гаворыцца ў дакуменце.

Парадак прыняцця свецкіх вернікаў, якія належаць да Брацтва святога Пія X, на якіх было накладзена кананічнае пакаранне і якія просяць прыняць іх у поўную еднасць з Каталіцкім Касцёлам, «прадугледжвае фармальны акт поўнага прыняцця каталіцкага веравучэння і паслухмянасці каталіцкай іерархіі пад юрысдыкцыяй ардынарыя месца, які з’яўляецца гарантам еднасці мясцовага Касцёла».

Таму свецкі вернік, які вырашыў пакінуць Святарскае брацтва святога Пія X, павінен прадставіць свайму біскупу Professio fidei і Formula adhaesionis, падпісаныя і датаваныя. «Пасля атрымання гэтай дакументацыі ардынарый месца паклапоціцца пра прыняцце свецкага верніка ў той час і такім спосабам, якія палічыць найбольш адпаведнымі» гаворыцца ў інструкцыі.

У дакуменце ўдакладняецца, што не павінны лічыцца вінаватымі:

  • свецкія, якія наведвалі Святарскае брацтва святога Пія X выключна з літургічных або духоўных прычын;
  • свецкія, якія, хоць і ведаюць пра напружаныя адносіны з Апостальскай Сталіцай, не адмаўляюць навучанне Касцёла або аўтарытэт Рымскага Пантыфіка.

Ім будзе дастаткова звярнуцца «да святара, які знаходзіцца ў поўнай еднасці з Касцёлам», прыняўшы рашэнне ў будучыні больш не наведваць Святарскае брацтва святога Пія X.

Абноўлена 05.07.2026 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа