
Пантыфік з глыбокім сумам і сардэчнасцю адгукнуўся на трагедыю, якая здарылася з польскімі пілігрымамі на венгерскай зямлі.
Папа Леў XIV з вялікім болем успрыняў навіну пра смяротнае дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам польскіх пілігрымаў, якія вярталіся з Меджугор’е. У выніку катастрофы некаторыя асобы загінулі, а іншыя атрымалі цяжкія траўмы. Ад імя Яго Святасці кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар, накіраваў тэлеграму з выразам суперажывання арцыбіскупу Пшэмысльскаму Адаму Шалю і біскупу Жэшоўскаму Яну Вантробе.
Святы Айцец запэўнівае ў сваёй духоўнай блізкасці ўсіх, каго закранула гэтая драма. Ён асабліва ўзносіць малітвы за тых, хто, «вяртаючыся з пілігрымкі веры, завяршылі сваю зямную пілігрымку», даручаючы іх Божай міласэрнасці і просячы аб суцяшэнні для іх родных і блізкіх.
Трагедыя адбылася ўначы з 15 на 16 жніўня каля вёскі Мезёкерэстэш на ўсходзе Венгрыі. Аўтобус з польскімі пілігрымамі, якія вярталіся з Меджугор'е, трапіў у аварыю. Паводле папярэдніх звестак, на месцы катастрофы загінулі 12 чалавек, яшчэ 7 атрымалі цяжкія траўмы.







