Дэкрэт быў падпісаны кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам, прэфектам Дыкастэрыі веравучэння, і двума сакратарамі гэтай жа Дыкастэрыі — арцыбіскупам Джонам Кенэдзі і ксяндзом Арманда Матэа. Ён быў апублікаваны на наступны дзень пасля цырымоніі, якая прайшла ў сядзібе брацтва ў швейцарскім горадзе Экон.
Святары і свецкія вернікі папярэджваюцца Дыкастэрыяй веравучэння, што далучэнне да схізмы Святарскага брацтва святога Пія Х ipso facto вядзе да пакарання экскамунікай latae sententiae.
У гэты ж дзень прэфектам Дыкастэрыі кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам разам з сакратарамі дактрынальнай і дысцыплінарнай секцый была падпісаная дадатковая тлумачальная нота да дэкрэта.
Тлумачальная нота для ўсяго Божага народу
У тэксце нагадваецца, што спробы вярнуць паслядоўнікаў руху, распачатага арцыбіскупам Марсэлем Лефебрам, да поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, якія Апостальская Сталіца рабіла яшчэ з часоў Паўла VI і аж да апошніх сумесных размоў у Ватыкане, не прынеслі выніку. Сітуацыя, паводле аўтараў, яшчэ больш абвастрылася праз нядаўняе біскупскае пасвячэнне, здзейсненае без папскага мандата, насуперак волі Пантыфіка і ў парушэнне канічнага права.
Дыкастэрыя падкрэслівае, што такое дзеянне ўтварае злачынства расколу з адпаведнымі канічнымі наступствамі як для святароў, так і для свецкіх вернікаў, якія да яго далучыліся.
Тэкст спасылаецца на дэкларацыю 1988 года, у якой Ян Павел ІІ ужо адзначаў: «Такая непаслухмянасць, якая нясе з сабою практычную адмову ад рымскага прымату, з'яўляецца схізматычным актам».
Першы пункт ноты датычыцца святароў Брацтва святога Пія Х: яны знаходзяцца ў стане расколу і павінны лічыцца схізматыкамі, а таксама падлягаюць экскамуніцы, прадугледжанай правам паводле канона 1364 §1 Кодэкса канічнага права.
Другі пункт тычыцца свецкіх: схізматыкамі і экскамунікаванымі лічацца тыя вернікі, якія фармальна далучыліся да Брацтва на ўмовах, вызначаных у тлумачальнай ноце Папскай рады па заканадаўчых тэкстах ад 1996 года, якая, як удакладняе Дыкастэрыя, далей дзейнічае і прымяняецца на практыцы.
Трэці пункт ноты папярэджвае Божы народ, што святары Брацтва святога Пія Х цэлебруюць сакрамэнты нязгодна з правам, а сакрамэнт пакаяння і сужэнства з іх удзелам з’яўляюцца нядзейснымі.
Дакумент нагадвае і пра іншы бок справы. Касцёл, як клапатлівая Маці, прыме з шчырай любоўю і жывою заклапочанасцю ўсіх, хто пажадае вярнуцца да поўнай еднасці, а апостальскія нунцыі падрыхтуюць працэдуры, якімі змогуць скарыстацца ардынарыі ў розных выпадках. На самой справе, менавіта такое запрашэнне да вяртання застаецца галоўнай мэтай усёй ноты.
Дыкастэрыя заклікае ўсіх вернікаў заставацца моцнымі ў еднасці з Рымскім Пантыфікам, з біскупамі, якія знаходзяцца ў еднасці з ім, і з усім Касцёлам, спасылаючыся на Lumen Gentium і канон 751 Кодэксу канічнага права.
Вернікаў таксама заклікаюць устрымлівацца ад удзелу ў набажэнствах і дзейнасці, якую арганізуе Брацтва святога Пія Х.







