Пошук

14.04.2026 22:37   Кс. Аляксандр Амяльчэня / Марыя Валодзіна / Vatican News BY / Catholic.by

Фота: Vatican Media

Падзеі аўторка 14 красавіка былі прысвечаны постаці святога Аўгустына інтэлектуальнага волата, чыя спадчына сфарміравала хрысціянскую культуру Захаду, і сканцэнтраваны вакол Анабы, дзе Святы Айцец наведаў археалагічны комплекс і сустрэўся са сваімі субратамі аўгустыніянамі. 

Святы Аўгустын — духоўны арыенцір візіту Льва XIV

Святы Аўгустын. Выява ілюстрацыйная

Постаць святога Аўгустына, біскупа Гіпоны, застаецца ў цэнтры ўвагі Пантыфіка падчас яго знаходжання ў Паўночнай Афрыцы. Гэтага святога і Доктара Касцёла называюць чалавекам вялікай палымянасці і веры, чый уплыў на заходнюю цывілізацыю настолькі глыбокі, што, паводле слоў Папы Бэнэдыкта XVI, усе шляхі лацінскай хрысціянскай літаратуры вядуць менавіта ў Гіпону.

Жыццё і творчасць святога Аўгустына сталі фундаментам, на якім стагоддзямі будавалася еўрапейская думка і духоўнасць.

Святы Аўгустын нарадзіўся ў 354 годзе ў Тагасце. Яго шлях да Бога не быў простым: нягледзячы на хрысціянскае выхаванне, атрыманае ад маці, святой Монікі, у маладосці ён аддаліўся ад Касцёла. Пошукі праўды вялі яго праз захапленне рыторыкай, філасофіяй Цыцэрона і нават праз пастку маніхейства, якое абяцала рацыянальнае тлумачэнне свету. Аднак сапраўдны спакой яго неспакойнае сэрца знайшло толькі ў Хрысце.

Важным пунктам гэтага шляху стаў Мілан, дзе Аўгустын, захапіўшыся казаннямі святога Амброзія, адкрыў для сябе глыбіню Святога Пісання. У 386 годзе адбылося яго канчатковае навяртанне, а праз год, у велікодную ноч, ён прыняў хрост. Самабытная духоўная аўтабіяграфія Аўгустына «Споведзь» застаецца непераўзыдзеным прыкладам духоўнай глыбіні ў сусветнай літаратуры.

Вярнуўшыся ў Афрыку, Аўгустын марыў пра манаскае жыццё, але Божы Провід меў іншыя планы. У 395 годзе ён стаў біскупам Гіпоны.

На працягу 35 гадоў свайго служэння ён нястомна прапаведаваў, апекаваўся беднымі і змагаўся з ерасямі, якія пагражалі еднасці Касцёла.

Яго жыццё скончылася ў 430 годзе падчас аблогі горада вандаламі. Нават у апошнія дні, пакутуючы ад ліхаманкі, ён маліўся пакаяннымі псальмамі, застаючыся прыкладам поўнага даверу Богу.

Па слядах святога Аўгустына: Леў XIV у старажытным Гіпоне

Фота: Vatican Media

Леў XIV аддаў даніну памяці свайму духоўнаму настаўніку. 14 красавіка 2026 года ён стаў першым Папам, які наведаў археалагічны комплекс у Гіпоне, дзе калісьці месцілася біскупская рэзідэнцыя святога Аўгустына, падкрэсліўшы актуальнасць яго вучэння пра мір і адзінства народаў.

На ўваходзе ў археалагічны комплекс Папу сустракаў яго кіраўнік. Святы Айцец прайшоў па тэрыторыі раскопак і агледзеў руіны некалі квітнеючага партовага горада, які да V стагоддзя быў домам рыбакоў, маракоў, салдат, гандляроў, рамеснікаў, чыноўнікаў і земляробаў, а таксама заможных людзей і сем’яў.

Пантыфік усклаў вянок белых і жоўтых руж, пасля чаго з дапамогай двух скаўтаў пасадзіў аліўкавае дрэва як сімвал міру.

На некалькі хвілін Папа спыніўся ў малітве, падчас якой у неба ўзляцелі белыя галубы – яшчэ адзін знак надзеі і прымірэння. Хор Інстытута музыкі Анабы выканаў песні на лацінскай, берберскай і алжырскай мовах з тэкстамі святога Аўгустына пра мір і братэрства.

Папа ў доме састарэлых у Анабе: сэрца Бога з малымі і пакорнымі

Пансіянат для пажылых «Ma Maison». Фота: Vatican Media

Папа наведаў пансіянат «Ma Maison» для пажылых людзей, якімі апякуюцца Малыя сёстры бедных. Ён размешчаны ў Анабе — старажытным Гіпоне — на ўзгорку побач з Базылікай святога Аўгустына. Установа займаецца доглядам самотных пажылых людзей, як хрысціян, так і мусульман. Пяць законных сясцёр, некалькі супрацоўнікаў і валанцёраў даглядаюць каля 40-а пажылых людзей.

У сустрэчы з Папам удзельнічалі жыхары дома, сёстры на чале з настаяцельніцай супольнасці сястрой Філаменай Пітэр і супрацоўнікі. Прагучалі прывітанні, сведчанні, музыка і спевы, а таксама адбыўся абмен падарункамі.

Леў XIV цёпла вітаў прысутных, падзякаваўшы за гасціннасць і сведчанні. Ён адзначыў, што месцы, дзе пануюць любоў і служэнне, становяцца месцамі прысутнасці Бога.

Папа падкрэсліў, што менавіта ў такіх супольнасцях, дзе людзі жывуць у братэрстве і ўзаемнай падтрымцы, нараджаецца надзея.

«Я думаю, што Пан з нябёсаў, бачачы такі дом, дзе спрабуюць жыць разам у братэрстве, можа падумаць: тады ёсць надзея!» 

— сказаў ён.

«Сэрца Бога пакутуе ад войнаў, гвалту, несправядлівасці і хлусні. Але сэрца нашага Айца не з тымі, хто чыніць зло, не з тымі, хто злоўжывае ўладай, і не з ганарлівымі: сэрца Бога з малымі і пакорнымі, і разам з імі Ён працягвае будаваць сваё Валадарства любові і міру з дня ў дзень. Як вы імкнецеся рабіць тут у паўсядзённым служэнні, у сяброўстве, у сумесным жыцці», — адзначыў Святы Айцец, запэўніўшы прысутных у сваёй малітве і ўдзяліўшы ім апостальскае благаслаўленне.

Леў XIV да Касцёла ў Алжыры: заставайцеся на гэтай зямлі

Папа Леў XIV падчас святой Імшы ў Базыліцы Святога Аўгустына ў Анабе. Фота: Vatican Media

Заключным пунктам праграмы візіту Льва XIV у Алжыр стала святая Імша, якую ён цэлебраваў у Базыліцы святога Аўгустына ў Анабе. У гаміліі ён заклікаў мясцовых католікаў заставацца моцнымі ў веры і заўсёды «нараджацца нанова ў Богу», што з’яўляецца «місіяй для ўсяго Касцёла, а значыць, і для хрысціянскай супольнасці Алжыра».

«Дарагія хрысціяне Алжыра, заставайцеся на гэтай зямлі як пакорны і верны знак любові Хрыста. Сведчыце Евангелле простымі жэстамі, сапраўднымі адносінамі і дыялогам, які вядзецца дзень за днём: так вы будзеце несці смак і святло туды, дзе жывяце»,

сказаў Папа.

Пантыфік параўнаў каталіцкую супольнасць у Алжыры з кадзілам, «якое распаўсюджвае водар, бо аддае хвалу Пану і прыносіць радасць і суцяшэнне многім братам і сёстрам». Ён падкрэсліў, што гэта «маленькі, але каштоўны элемент, які не знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, але запрашае нас звярнуць свае сэрцы да Бога, падтрымліваючы адзін аднаго ў вытрываласці перад цяжкасцямі гэтага часу».

Святы Айцец заклікаў мясцовых католікаў натхняцца прыкладам першых хрысціян, жыццё якіх апісана ў кнізе Дзеяў Апосталаў. У першую чаргу ён адзначыў важнасць захавання духоўнага адзінства быцця «супольнасцю сэрцаў, якія б’юцца разам, бо з’яднаныя з сэрцам Хрыста». Папа пажадаў, каб еднасць алжырскіх католікаў грунтавалася на «гармоніі ў веры, пачуццях, ідэях, жыццёвых рашэннях, у цэнтры якіх знаходзіцца любоў Бога, які стаў чалавекам дзеля збаўлення ўсіх народаў зямлі».

«Вера ў адзінага Бога, Пана неба і зямлі, яднае людзей згодна з дасканалай справядлівасцю, якая заклікае ўсіх да любові — гэта значыць заклікае любіць кожнае стварэнне той любоўю, якую Бог нам дорыць у Хрысце. Таму, асабліва перад абліччам нястачы і прыгнёту, фундаментальным кодам хрысціян ёсць любоў: мы робім іншым тое, што хочам, каб рабілі нам. Натхнёны гэтым законам, які Бог упісаў у сэрцы, Касцёл заўсёды нараджаецца нанова, бо там, дзе пануе адчай, ён запальвае надзею, дзе пануе галеча, ён нясе годнасць, дзе пануе канфлікт, ён нясе прымірэнне»,

падкрэсліў Леў XIV.

«Ваша гісторыя складаецца з шчодрага гасцінства і стойкасці ў выпрабаваннях: тут маліліся мучанікі, тут святы Аўгустын любіў сваю паству, шукаючы праўду з запалам і служачы Хрысту з палымянай верай. Будзьце спадкаемцамі гэтай традыцыі, сведчачы ў братэрскай любові пра свабоду тых, хто нараджаецца нанова, як пра надзею на збаўленне для свету», заклікаў напрыканцы гаміліі Пантыфік.

Абноўлена 14.04.2026 23:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця