Пошук

13.12.2023 14:29   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Папа Францішак падчас інтэрв’ю мексіканскаму тэлебачанню. Фота: @valealazraki via @nmas

Папа Францішак выказаў пажаданне, каб пасля смерці яго пахавалі не ў Ватыканскай базыліцы святога Пятра, дзе спачываюць яго папярэднікі.

«Хачу, каб мяне пахавалі ў базыліцы Святой Марыі Вялікай», — сказаў Святы Айцец у інтэрв’ю мексіканскай журналістцы Валянціне Алазракі.

Як паведаміла 13 снежня Польская рэдакцыя парталу Vatican News, разам з тым Папа нагадаў, што ён вельмі прывязаны да гэтай галоўнай Марыйнай святыні Вечнага горада.

Папа Францішак таксама прызнаўся, што, нягледзячы на шматлікія праблемы са здароўем, з якімі ён сутыкнуўся на працягу года, які завяршаецца, і на тое, што неўзабаве адзначыць свой 87-ы дзень нараджэння, ён не думаў пра адрачэнне.

Замест гэтага ён назваў месцы, куды скіруецца ў наступныя Апостальскія падарожжы. Гэта будзе Бельгія, Палінезія і, магчыма, Аргентына.

Нагодай для інтэрв’ю стаў успамін Маці Божай Гвадэлупскай, які адзначаўся напярэдадні. Па распараджэнні Папы Яна Паўла ІІ Маці Божай Гвадэлупскай была прысвечана адна з капліц у Гротах Ватыканскай базылікі, непадалёк ад месца спачыну рэліквій святога Пятра. Ян Павел ІІ жадаў, каб гэтая капліца прадстаўляла ў Рыме мексіканскі нацыянальны санктуарый. Папа Францішак прызнаўся, што заходзіць у гэтую капліцу кожны раз, калі моліцца пры пахаваннях сваіх папярэднікаў.

Размаўляючы з мексіканскай журналісткай, Святы Айцец заўважыў, што аб’яўленні ў Гвадэлупэ з’яўляюцца вялікай ласкай для яе радзімы і дадаў, што з-за гэтага д’ябал не любіць гэтую краіну. Таму мексіканцы тым больш павінны памятаць пра словы, якія Марыя сказала Хуану Дыега: «Я тут прысутнічаю, Я — твая Маці; чаму сумняваешся: ці ж Я не тут?»

«Гэта павінна даць нам сілы, каб ісці далей», — сказаў Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця