Пошук

23.02.2024 18:50   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Раман Ярмош / Grodnensis.by

22 лютага ў Гродне прайшло пахаванне ксяндза Яна Гавэцкага, адміністратара парафіі Маці Божай Шкаплернай (святога Юды Тадэвуша) у Прывалках (дэканат Гродна-Усход). Святар адышоў у вечнасць 20 лютага.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенская дыяцэзіі, у гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскім), роднай парафіі спачылага, адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і на якой сабралося больш за 100 святароў з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі.

Прысутнічалі Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

У Літургіі ўдзельнічалі законныя сёстры, а таксама вернікі розных парафій, многія з якіх ведалі спачылага, — сярод іх вернікі Івейскага дэканату, у прыватнасці парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, дзе ксёндз Ян на працягу 25-і гадоў быў пробашчам.

Прысутныя дзякавалі Богу за параўнальна кароткае, з чалавечага пункту гледжання, зямное жыццё ксяндза Яна і за ўсё добрае, што прынесла ім яго святарскае служэнне.

У гаміліі ксёндз канонік Ян Пузына, пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Ашмянах і дэкан Ашмянскага дэканату, нагадаў зямны шлях ксяндза Гавэцкага, які памёр пасля цяжкіх аперацый.

Ашмянскі дэкан, які паходзіць, як і спачылы, з гродзенскай францішканскай парафіі, нагадаў таксама пра бацькоў ксяндза Гавэцкага, памерлых раней. Ксёндз Ян Пузына адзначыў, што яны былі пабожнымі людзьмі і, верагодна, змаглі выпрасіць у малітвах святарскае пакліканне для свайго сына.

Напрыканцы святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі выказаў ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча спачуванні Касцёлу на Гродзеншчыне ў асобе біскупа Аляксандра Кашкевіча, а таксама спачуванні бліжэйшым родным спачылага — яго братам Баляславу і Антонію з іх сем’ямі.

Ксёндз Ян Гавэцкі, на працягу многіх гадоў будучы пробашчам у Іўі, дзе даўно пераплятаюцца культуры габрэяў, беларусаў, татараў, палякаў — прычым усе яны, што варта ўвагі, жывуць у згодзе, — заўсёды добра кантактаваў з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў. З гэтай нагоды на пахаванні прысутнічаў настаяцель праваслаўнага храма святога Гаўрыіла Беластоцкага ў Іўі протаіерэй Вячаслаў Пашкевіч.

Настаяцель падзякаваў спачыламу за вялікую дабрыню, гатоўнасць да супрацоўніцтва, добразычлівасць, якія мясцовыя праваслаўныя вернікі адчувалі падчас яго служэння ў івейскай парафіі.

Пасля святой Імшы труна з целам спачылага была дастаўлена на найстарэйшыя каталіцкія могілкі Гродна, заснаваныя ў 1792 годзе, дзе многія надмагіллі маюць гістарычную і культурную каштоўнасць.

На могілках адбыўся абрад пахавання, які ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Ксяндза Яна Гавэцкага пахавалі побач з нядаўна спачылым ксяндзом прэлатам Ежы Лявінскім, які шмат гадоў быў выкладчыкам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У суседстве з імі пахаваны таксама ксёндз інфулат Міхал Арановіч, які шмат гадоў быў пробашчам у Гродне, і ксёндз Міхал Варанецкі СM, першы духоўны айцец гродзенскай семінарыі.

Ксёндз Ян Гавэцкі нарадзіўся 28 сакавіка 1962 годзе ў Гродне. Паходзіў з парафіі Маці Божай Анёльскай.

27 мая 1990 года прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гродзенскім катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя, у той час першай у Беларусі малой базыліцы.

Пасля пасвячэння адзін год быў вікарыем парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Шакяі (Літва). Потым вярнуўся на радзіму і ў 1991–1996 гадах быў пробашчам парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах, з 1996 да 2021 года — пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

У 2022 годзе быў прызначаны адміністратарам парафіі Маці Божай Шкаплернай (святога Юды Тадэвуша) у Прывалках (дэканат Гродна-Усход).

У памяці тых, хто сустракаўся з ім, ён застаўся як добры арганізатар розных душпастырскіх акцый і мерапрыемстваў. Падчас служэння ў івейскай парафіі ён стаў ініцыятарам правядзення там фестывалю калядных песень Gloria in excelsis Deo — адной з яскравых рэлігійных падзей жыцця Касцёла на Беларусі.

Таксама вернікі памятаюць яго як натхнёнага пілігрыма, які паклаў пачатак пешым пілігрымкам Івейскага дэканату ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Дзякуючы ксяндзу Яну шмат вернікаў мелі магчымасць наведваць многія санктуарыі Беларусі і замежжа.

Абноўлена 22.03.2024 10:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа