Пошук

27.09.2023 14:16   Vatican News
Фота: Vatican Media

21 верасня Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі каля 200 рэктараў дзяржаўных і прыватных універсітэтаў краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага Басейна, якія ўдзельнічалі ў канферэнцыі пад назвай «Арганізуючы надзею». Яна адбылася ў Папскім патрыстычным інстытуце Аўгустыніянум у Рыме ў прысутнасці прэфектаў і сакратароў розных структур Апостальскай Сталіцы.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтая сустрэча рэктараў з Папам праходзіла за закрытымі дзвярыма. Святы Айцец паразмаўляў з імі на розныя тэмы, сярод якіх кліматычныя змены, міграцыя, культура адчужэння. Ён заклікаў сваіх гасцей быць крэатыўнымі ў выхаванні моладзі і захоўваюць увагу да рэальнасці і выклікаў сённяшняга дня.

У прыватнасці, Пантыфік падкрэсліў негатыўныя наступствы культуры, якая характарызуецца прынцыпам «выкарыстай і выкінь», што абумоўлена недахопам належнага выхавання: няўменнем выкарыстоўваць і перапрацоўваць тое, што застаецца. Гэтая культура адбіваецца на прыродзе, рэсурсы якой эксплуатуюцца празмерна, папярэдзіў Пантыфік, выказаўшы пажаданне, каб універсітэты спрыялі большай адчувальнасці моладзі да экалагічных праблем.

Папа выказаў заклапочанасць празмернай засяроджанасцю некаторых універсітэтаў на рознага кшталту эканамічных і сацыяльных тэорыях, у якіх не звртаецца ўвага на канкрэтныя цяжкасці людзей, якія жывуць у найбольшай нястачы.

«Мы павінны ўсведамляць, што выкарыстоўваем багацце прыроды выключна на карысць невялікіх груп праз сацыяльна-эканамічныя тэорыі, якія не злучаюць прыроду і адчужаных людзей», — дадаў ён.

Святы Айцец заклікаў да пошуку альтэрнатыўных мадэляў развіцця, якія дапамогуць пераадолець экалагічны крызіс. У якасці прыкладу ён згадаў пра размяшчэнне сонечных панэляў на даху Залы Паўла VI, што дазваляе забяспечваць «зялёнай» энергіяй многія будынкі на тэрыторыі Ватыкана. «Мы павінны быць вельмі крэатыўнымі ў такіх справах, каб захаваць прыроду», — сказаў Папа, падкрэсліўшы, што «маладыя людзі, якіх фармуем, павінны стаць перакананымі лідарамі ў гэтай сферы».

У гэтым кантэксце Пантыфік абвясціў, што яго наступная Апостальская адгартацыя, якая выйдзе ва ўспамін святога Францішка Асізскага 4 кастрычніка 2023 года пад назвай Laudate Deum, будзе ўяўляць сабой «позірк на тое, што здарылася і што трэба рабіць».

Папа з жалем адзначыў, што дэградацыя навакольнага асяроддзя ідзе ў нагу з дэградацыяй чалавецтва: заняпадам умоў жыцця і каштоўнасцяў. Ён заклікаў вучыць каштоўнасцям моладзь, каб на падставе іх маладыя людзі маглі ацэньваць сітуацыі і называць рэчы сваімі імёнамі. Навучальныя ўстановы павінны прапагандаваць гуманістычныя каштоўнасці і братэрскі дыялог, павінны дапамагчы студэнтам «уваходзіць у палітыку», удзел у якой з’яўляецца «высакародным пакліканнем».

«Давайце не будзем забывацца, што самае высакароднае пакліканне чалавека — гэта палітыка. Давайце будзем вучыць нашу моладзь быць палітыкамі ў самым шырокім сэнсе гэтага слова: не толькі займацца партыйнай палітычнай дзейнасцю, бо партыя — гэта невялікая група, але мець палітычную адкрытасць і быць здольнымі весці сталы дыялог з палітычнымі групамі. Палітыка — гэта не хвароба. На мой погляд, гэта самае высакароднае пакліканне ў грамадстве, бо яна спрыяе працэсам развіцця», — лічыць Святы Айцец.

Пантыфік пажадаў таксама, каб універсітэты вучылі моладзь даваць чалавечны і хрысціянскі адказ на міграцыйны крызіс. «Мігрантаў трэба прымаць, суправаджаць, падтрымліваць і інтэграваць. Калі не здолеем інтэграваць іх — пацерпім паразу», — папярэдзіў пастыр паўсюднага .

На думку Папы Францішка, універсітэт павінен не толькі даваць веды, але вучыць моладзь выкарыстоўваць мову розуму, сэрца і рук. Заданне заключаецца ў тым, каб быць «крэатыўнымі перад абліччам рэальнасці і выклікаў; выхоўваць, а не проста даваць інфармацыю».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.