Пошук

04.08.2022 13:56   Vatican News
Папа Францішак у Канадзе. Фота: REUTERS / Amber Bracken

Аб важнасці сваёй 37-й замежнай паездкі, якой стала Апостальскае падарожжа ў Канаду, што адбывалася з 24 па 30 ліпеня, Святы Айцец казаў 3 жніўня падчас першай пасля летніх канікул агульнай аўдыенцыі.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа Францішак падкрэсліў унікальны характар пілігрымкі, галоўным матывам якой была сустрэча з карэннымі народамі. Ён хацеў выказаць сваю блізкасць і жаль, а таксама папрасіць прабачэння за шкоду, нанесеную ім тымі хрысціянамі, якія ў мінулым супрацоўнічалі ў палітыцы гвалтоўнай асіміляцыі і эмансіпацыі, што праводзілася тагачаснымі ўладамі.

Папа звярнуў увагу на тое, што, з аднаго боку, прадстаўнікі Касцёла былі аднымі з самых рашучых і адважных абаронцаў годнасці карэнных народаў, але з іншага, на жаль, былі і тыя, хто ўдзельнічаў у праграмах, якія, як мы разумеем сёння, супярэчаць Евангеллю.

«Такім чынам, гэта была пакаянная пілігрымка», — падкрэсліў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што на працягу першага з трох этапаў згадвалася гісторыя першых народаў, другім этапам было прымірэнне ў Хрысце, трэцім — аздараўленне. Ён падкрэсліў, што гэтае падарожжа нясе надзею для Касцёла як у Канадзе, так і ва ўсім свеце.

Пантыфік дадаў, што праграмай яго візіту была прадугледжана сустрэча з мясцовым Касцёлам і ўладамі краіны.

Папа пацвердзіў жаданне Касцёла спрыяць развіццю культуры карэнных народаў і адзначыў, што каланізацыйнае мысленне «прысутнічае сёння ў розных формах ідэалагічнай каланізацыі, пагражаючы традыцыям, гісторыі і рэлігійным сувязям народаў, сціраючы адрозненні, засяроджваючыся толькі на сучаснасці і часта занядбоўваючы абавязкі ў адносінах да самых слабых і найбольш уразлівых».

Пастыр паўсюднага Касцёла лічыць, што патрэбна «аднаўленне здаровага балансу, гармоніі паміж сучаснасцю і культурай продкаў, паміж секулярызацыяй і духоўнымі каштоўнасцямі».

Святы Айцец падкрэсліў, што апошняя сустрэча падарожжа з маладымі і пажылымі эскімосамі таксама была адзначана надзеяй.

«Няхай адвага і мірныя дзеянні карэнных народаў Канады стануць для ўсіх карэнных народаў прыкладам умення не замыкацца ў сабе і прапанаваць свой незаменны ўклад у больш братэрскае чалавецтва, якое будзе любіць стварэнне і Стварыцеля», — выказаў пажаданне Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.