Пошук

01.09.2021 17:11   Паводле: Vatican News
Фота: Vatican Media

Святы Айцец абверг інсінуацыі наконт заўчаснага завяршэння свайго пантыфікату. «Я ніколі не думаў адракацца», — сказаў Папа ў першым пасля ліпеньскай аперацыі інтэрв’ю.

Як зазначае Беларуская рэдакцыя Vatican News, размаўляючы з журналістам Радыё COPE, органам Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі, Святы Айцец распавёў аб актуальных праблемах жыцця свету і Касцёла, не пазбягаючы адказаў на асабістыя пытанні.

У самым пачатку інтэрв’ю на пытанне Карласа Эрэры: «Як Вы сябе адчуваеце?» Пантыфік адказаў з усмешкай: «Яшчэ жывы». Паводле Папы Францішка, яго «выратаваў» медбрат з медыцынскай службы Ватыкана, «чалавек з трыццацігадовым прафесійным стажам», які настаяў на аперацыі, хоць і быў варыянт курсу лячэння антыбіётыкмі. Рашэнне аказалася правільным, бо падчас аперацыі была выяўлена некратычная частка.

Змяншэнне кішэчніка не перашкаджае Пантыфіку весці «цалкам нармальны лад жыцця». Ён можа есці практычна ўсё і, прымаючы адпаведныя лекі, падтрымліваць актыўны парадак дня, які ўключае і падарожжы.

У кантэксце размовы пра стан здароўя Папа рашуча абверг інсінуацыі некаторых журналістаў наконт магчымага заўчаснага завяршэння пантыфікату:

«Мне і ў галаву такое не прыходзіла… Я не ведаю, адкуль у іх здагадкі, што я рыхтуюся адрачыся!»

Каментуючы сітуацыю ў Афганістане, Святы Айцец высока ацаніў дыпламатычныя намаганні Дзяржаўнага сакратарыяту. Ён назваў кардынала П’етро Параліна «лепшым дыпламатам, якога ён калі-небудзь сустракаў». Папа лічыць вывад амерыканскіх войскаў з Афганістана «законным», хоць у выніку рашэння «афганскі народ апынуўся пакінутым сам сабе».

«Мне здаецца, не ўсе варыянты былі ўзятыя пад увагу, не хачу судзіць, але не ўсе», — адзначыў Папа Францішак.

У інтэрв’ю прагучала пытанне і пра ватыканска-кітайскія ўзаемаадносіны. «Кітай — няпросты, але я перакананы, што мы не павінны адмаўляцца ад дыялогу», — сказаў Пантыфік На яго думку, «існуе верагоднасць быць падманутым падчас дыялогу, можна дапусціць памылкі <…> але гэта спосаб ісці наперад».

У гэтым кантэксце пастыр паўсюднага Касцёла спаслаўся на канцэпцыю кардынала Агасціно Казароллі, які быў Дзяржаўным сакратаром падчас пантыфікату Яна Паўла II і ўжо пры Яне XXIII адказваў за кантакты з Цэнтральнай Еўропай, якая знаходзілася тады пад уладай камуністаў. «Гэта былі невялікія крокі адзін за адным па наладжванні мастоў. Паволі ўдавалася атрымліваць саступкі на ўзроўні дыпламатычных адносін, што ў канчатковым выніку дазваляла прызначаць новых біскупаў і клапаціцца аб верным Божым народзе.

Сёння ў пэўнай ступені мы павінны ісці тым жа шляхам дыялогу ў самых канфліктных сітуацыях», — перакананы Святы Айцец.

Абноўлена 01.09.2021 22:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа