Пошук

10.02.2024 10:43   Падрыхтавала: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by

9 лютага беларускаму культурнаму дзеячу Віктару Шалкевічу споўнілася 65 гадоў. З гэтай нагоды ён пазнаёміў чытачоў Catholic.by з той часткай асабістага жыцця, пра якую распавядаюць не так часта.

Віктара Шалкевіча называюць беларускім бардам, пісьменнікам, акцёрам, паэтам і шоўмэнам — надзелены адметнымі талентамі, ён пастараўся рэалізаваць сябе ў розных напрамках. Аднак уся творчасць гэтага культурнага дзеяча быццам працята адной ніццю. Яе самабытны характар вымалёўвае асаблівае асяроддзе ў якім рос Віктар: каталіцкая сям’я з невялічкага мястэчка Поразава на Гарадзеншчыне, свежае паветра, сялянская праца, традыцыі, касцёл, вера.

— Вы лічыце сябе католікам? Якія вашы першыя ўспаміны пра касцёл?

— Так, я па хрышчэнні католік. Я ведаю імёны сваіх хросных і месца, дзе мяне хрысцілі — касцёл у Ізабэліне. Калі ксёндз Славінскі ў Поразаве памёр, а новага ксяндза не давалі, прыйшлося бацькам і хросным везці малога Віктара ў суседнюю парафію.

З дзяцінства мама мяне брала па нядзелях на Імшу а 13-й гадзіне, людзі самі яе правілі, і я, хоць, малы, круціўся, седзячы на лаўках, але неяк высіжваў да канца.

На вялікія святы прыяжджаў ксёндз Варанецкі з Ружанаў альбо ксёндз Раслеўскі з Ваўкавыска. Арганістыя былі нашыя, поразаўцы, Зюнік Дамброўскі і Буйко (на жаль, імя не памятаю). І гэты Буйко меў адмысловыя пальчаткі з абрэзанымі пальцамі, каб рукі ўзімку не мерзлі, і можна было ў іх граць на аргане. Два вялікія абразы віселі на бочных сценах: з правага боку: святы Францішак, здымаючы Пана Езуса з крыжа, і святы Вінцэнт, міссіянер, з левага боку. Цэнтральны алтар стылю барока был перанесены са старога драўлянага касцёла. Катэхетак у нас тады не было, вучылі нас нашыя мацяркі, дарэчы, добра вучылі.

— Якой была ваша вера ў юныя гады, у падлеткавым узросце?

—Я сцярогся зрабіць нешта дрэннае, таму што ведаў — Бог ўсё бачыць! Аднойчы пасвіў кароў, заблудзіўся ў высокім жыце, доўга па ім бегаў, нарэшце спыніўся, прамовіў «Ойча наш», пайшоў прама — і выйшаў на дарогу.Так што з Панам Богам у мяне завязаліся адносіны з маленства.

— Ці ёсць у вас якія-небудзь сямейныя малітвы, асаблівыя святы, можа традыцыі, звязаныя з верай?

— Вельмі падабалася на Вялікдзень хадзіць да стрыечных братоў з «валачоным», насіць сваё і атрымоўваць іхняе. Любіў дзень святога Казіміра, бо ішоў да роднага дзядзькі з паштоўкаю, а вяртаўся з рублём. Люблю дзень святога Антонія, бо тады ўспамінаю бацьку, і святой Альжбеты. Мама мая была Альжбета.

— У дзяцінстве людзі могуць уяўляць Бога, як нейкага барадатага дзядулю на Небе. Калі вы адчулі, што ваша вера стала іншай, дарослай?

— Пра дзядулю я не ведаю, Мама мне тлумачыла неяк інакш, пра Тройцу. Трансфармацыі веры не адбылося, бо як быў Бог усюды ў дзяцінстве, так Ён усюды і застаўся. Проста сам чалавек набірае, ідучы па жыцці, досвед, і мусіць усё набытае неяк раскласці па паліцах. Гэта самае складанае. Але даецца зрабіць.

— Вы моліцеся?

— Канешне. Можа не так сыстэматычна, як некаторыя, але стараюся. Пры нагодзе заўсёды заходжу да блізкага касцёла, стаўлю свечкі і адмаўляю «Анёл Панскі». Ёсць за каго. Бывае, што ідзеш каля касцёла, а ногі самыя цябе туды нясуць, а рука хапаюцца за клямку. Бывае не вельмі…

Па-рознаму, словам. Люблю адчыненыя храмы пасля імшы, калі нехта яшчэ сядзіць у лаўках і вышэптвае пацеры, а арганісты на хорах нешта новае развучвае.

— Якія вам падабаюцца каталіцкія спевы?

— Амаль што ўсе рэлігійныя творы Станіслава Манюшкі. Песні на вершы Францішка Карпіньскага Libera mе Domine — гэты харал можна пачуць раз у год на Усіх Святых у гарадзенскай Фары. Аднойчы быў у касцеле ў Росі. Там стары арганісты спяваў такія цудоўныя творы. А як граў на арганах!

— Вы ўдзельнічаеце ў пілігрымках? Ёсць любімыя маршруты?

— Быў раз у Чэнстахове. Ездзіў на спатканне з Янам Паўлам. Больш не. Не тыя гады…

— Вы адчуваеце, што ваша творчая дзейнасць — гэта пакліканне, праз якое вы служыце Богу і людзям?

—Наш Гродзенскі біскуп Аляксандар Кашкевіч пры нагодзе заўсёды паўтарае цытату з Новага Запавету: «Жніво вялікае, але працаўнікоў замала».

Я вось такі, адзін з нешматлікіх працаўнікоў на гэтай няўдзячнай, камяністай, літаратурна-музычна-песеннай ніве.

Думаю, што наступныя пакаленні, што прыйдуць нам на змену, паставяць ўсё на свае месцы ды разбяруцца, хто якое пакліканне меў, а хто яго не меў зусім.

Я не дзялю сябе на празаічнае ці песеннае, я стараюся займацца тым, што мне цікава рабіць, да чаго рукі цягнуцца. Што да служэння Богу і людзям, я сціплей скажу: калі твае сучаснікі цытуюць твае творы альбо твае радкі — гэта ўжо нешта. Але трэба пачакаць яшчэ гадоў сто. Карпінскага песні каталіцкі свет спявае дзвесьці з нечым год. Ці ведае пан Францішак пра гэта — oto jest pytanie?

— Скажыце, а што за звон у вас гучыць у пачатку песні «За сто крокаў ад Вострае Брамы»?

— Гэтае пытанне я паўтару Анатолю Пятровічу Кандыбе, аранжыроўшчыку альбома. Дзесці ён гэты гук вычапіў, але гучыць звон яўна не вясельны, хутчэй жалобны…

— Ведаю, што ў вас шмат абразоў. Якія для вас асаблівыя? Як вы імі карыстаецеся?

— Назбіралася дастаткова і незлічона, яны не маюць асаблівай матэрыяльнай каштоўнасці, хутчэй, сямейныя рэліквіі, і падарункі ад сяброў, ад знаёмых.

Ёсць абраз Маці Божай Вастрабрамскай, намаляваны на шкле. Мама калісьці купіла на фэсце у галянтэрніка. Па-мойму, такія абразы ксяндзы не асвячалі. Ёсць абраз Пана Езуса ў цярновай кароне з нашага хутара за вёскаю Гарнастаевічы, яму гадоў сто, калі не больш.

Гэтай вясной маю надзею развесіць іх усіх па сценах у хаце за горадам пры фаховай дапамозе суседа-мастака Алеся Сурава. Пакуль абразы стаяць, захінутыя паперай, чакаюць…

— Якія ў вас творчыя планы? У леташнім інтэрв’ю вы казалі, што «даб'яце раман і напішыце оперу». Ці атрымалася рэалізаваць гэта?

Хочаш насмяшыць Пана Бога? Распавядзі Яму пра свае планы!

Планы і запрашэнні на канцэрты ёсць. Раман дапісваецца. Не ганюся за датаю, ганюся за якасцю. Адзіны чалавек, які б мог яго мне адрэдактаваць, на жаль, памёр, таму сам сябе рэдактую. З операю тое ж самае. Яна актуальная будзе заўсёды — паверце майму слову.

— Калі б Бог прапанаваў выканаць адно ваша жаданне, аб чым вы б папрасілі?

Па-першае, Ён яшчэ нікому такіе прапановы не рабіў. І наўрад зробіць! Адкажу словамі майго прадзеда, Яна Шалкевіча: «Хочацца мне яшчэ з вамі тут пажыць, паглядзець, што тут далей будзе…»

Біяграфія

Віктар Шалкевіч нарадзіўся ў 1959 годзе і паходзіць з Пораза, што ў Гарадзенскай вобласці. Скончыў школу ў Поразаве, потым Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у Мінску (у 1980 годзе). Працаваў у Гродзенскім абласным драматычным тэатры (1980–1987), выкладчыкам у Гродзенскай культасьветвучэльні (1987–1990).

Аўтар кніг «Блюз Вясна», «Мястэчка G… …і ваколіцы…», «Requiem па непатрэбных рэчах».

Здымаўся ў фільмах «Плач перапёлкі», «Атрад», «Слёзы блуднага сына», «Салодкі яд кахання», «Тутэйшыя».

Лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў аўтарскай песні, у тым ліку «Басовішча-92», «Восень бардаў-93». З канцэртамі выступае ў Беларусі, Літве, Германіі, Польшчы, Расеі, Украіне, Францыі, Чэхіі. Тэксты песень перакладзены на англійскую, нямецкую, польскую, украінскую і чэскую мовы. Альбомы: «Правінцыя» (1992) «Смутны беларускі блюз» (1996) «Балады і рамансы» (1998) «Добрай раніцы» (2002) «За сто крокаў ад Вострае Брамы» (2004) «Гарадзенец прызямліўся ў Менску» (2006) «Enigmatyczne kino Lwów» (Таямнічы кінатэатар Львоў — польскамоўная кружэлка), «Шчаслівая Сямёрка» (2010).

За частыя сустрэчы з дзецьмі і папулярызацыю сярод іх ведаў аб тэатры быў узнагароджаны міжнародным Ордэнам усьмешкі, кавалерамі якога зьяўляюцца святы Ян Павел ІІ, Астрыд Ліндгрэн, Стывен Спілберг і іншыя.

 

Абноўлена 26.02.2024 22:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа