Пошук

24.06.2021 12:33   Catholic.by
Фота: ilriformista.it

Не быць закамянелымі «ахоўнікамі праўды», а радаснымі прапаведнікамі Евангелля заклікаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 23 чэрвеня прайшла ва ўнутраным дворыку святога Дамаса ў Ватыкане.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на ёй Святы Айцец распачаў новы катэхетычны цыкл, прысвечаны Пасланню да Галатаў.

«Гэта вельмі важнае Пасланне, я б нават сказаў, вызначальнае, не толькі для таго, каб лепш пазнаёміцца з Апосталам, але ў першую чаргу для таго, каб зразумець некаторыя аргументы, якія ён глыбока даследуе, паказваючы прыгажосць Евангелля. У гэтым пасланні Павал змяшчае шматлікія біяграфічныя ўзгадкі, якія дазваляюць нам даведацца пра яго навяртанне і рашэнне паставіць сваё жыццё на службу Езусу Хрысту. Акрамя таго, ён закранае некаторыя тэмы, вельмі важныя для веры, такія як свабода, ласка і хрысціянскі лад жыцця.

Яны надзвычай актуальныя, бо датычацца шматлікіх аспектаў жыцця Касцёла ў нашыя дні. Гэта вельмі актуальнае пасланне, якое, здаецца, было напісана для нашага часу», — сказаў Папа.

Першае, што заўважаецца ў Пасланні да Галатаў — гэта евангелізацыйная дзейнасць, распачатая Апосталам, які як мінімум двойчы наведваў супольнасць Галатыі падчас сваіх місійных падарожжаў. У пасланні Павел звяртаецца менавіта да хрысціянаў гэтай тэрыторыі.

«Мы не ведаем дакладна, да якога геаграфічнага абшару яна адносіцца, і не можам з упэўненасцю сцвярджаць пра час, калі ён напісаў гэтае Пасланне. Нам вядома, што галаты былі старажытным кельцкім народам, які ў выніку шматлікіх перыпетый пасяліўся ў прасторным рэгіёне Анатоліі, цэнтрам якога быў горад Анкіра, сучасная Анкара, сталіца Турцыі. Павел паведамляе толькі тое, што з прычыны хваробы быў вымушаны спыніцца тут (пар. Гал 4, 13). Святы Лука ў Дзеях Апосталаў знаходзіць больш духоўную прычыну, кажучы, што яны «прайшлі Фрыгію і краіну галатаў, а Дух Святы стрымліваў іх ад абвяшчэння слова ў Азіі» (16, 6), — нагадаў Пантыфік.

«Гэтыя два факты не супярэчаць адзін аднаму, але ўказваюць на тое, што шлях евангелізацыі не заўсёды залежыць ад нашага жадання і нашых задум, але патрабуе гатоўнасці да таго, каб дазволіць фармаваць сябе і ісці іншымі шляхамі, якія не былі прадугледжаны… Дакладна вядома, што Апостал у сваёй нястомнай евангелізацыйнай дзейнасці змог заснаваць некалькі невялікіх супольнасцей у розных месцах рэгіёну Галатыі», — дадаў Папа.

Ён звярнуў увагу на душпастырскую руплівасць Паўла, які пасля заснавання гэтых Касцёлаў заўважыў вялікую небяспеку, з якой яны сутыкнуліся ў сваім узрастанні ў веры. Рэч у тым, што ў супольнасць праніклі некаторыя хрысціяне, якія перайшлі з юдаізму, і пачалі сеяць мудрагелістыя тэорыі, што супярэчылі вучэнню апостала і нават ачарнялі яго.

«Як відаць, практыка прадстаўлення сябе ў некаторых сітуацыях адзінымі ўладальнікамі праўды і імкненне прынізіць працу, зробленую іншымі, у тым ліку з дапамогай ачарнення, з’яўляецца вельмі старажытнай. Гэтыя праціўнікі Паўла настойвалі на тым, што таксама і язычнікі павінны прайсці праз абразанне і жыць паводле правіл закона Майсея. Яны вярталіся назад, у захаванне таго, што існавала раней, што было адменена Евангеллем. Галаты, такім чынам, павінны былі адмовіцца ад сваёй культурнай тоеснасці, каб падпарадкавацца нормам, прадпісанням і звычаям, уласцівым юдэям. І не толькі. Гэтыя праціўнікі настойвалі на тым, што Павел не быў сапраўдным апосталам і таму не меў ніякага права абвяшчаць Евангелле…», — нагадаў Святы Айцец.

«Галаты апынуліся ў крызіснай сітуацыі. Што яны павінны былі рабіць? Слухаць і выконваць тое, што прапаведваў ім Павел, ці пагадзіцца з новымі прапаведнікамі, якія яго абвінавачвалі? Лёгка ўявіць стан збянтэжанасці, які панаваў у іх сэрцах. Для іх знаёмства з Езусам і вера ў справу збаўлення, рэалізаваную праз Яго смерць і ўваскрасенне, сталі сапраўдным пачаткам новага жыцця — свабоднага жыцця. Яны распачалі шлях, які дазваляў ім нарэшце стаць свабоднымі, нягледзячы на тое, што іх гісторыя была сплецена са шматлікіх форм прымусовага рабства, не толькі таго, якое падпарадкоўвала іх імператару Рыма. Таму перад абліччам крытыкі з боку новых прапаведнікаў яны адчувалі сябе разгубленымі і няўпэўненымі адносна таго, як паводзіць сябе і чый бок заняць… Карацей кажучы, стаўкі былі па-сапраўднаму вялікімі!», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён заўважыў, што гэтая сітуацыя нагадвае досвед, які многія хрысціяне перажываюць у нашыя дні.

«Таксама і сёння хапае прапаведнікаў, якія, асабліва праз новыя сродкі камунікацыі, могуць ствараць неспакой у супольнасці.

Яны з’яўляюцца ў першую чаргу не для таго, каб абвяшчаць Евангелле Бога, які любіць чалавека ў Езусе, Укрыжаваным і Уваскрослым, але для таго, каб настойліва сцвярджаць, як сапраўдныя «ахоўнікі праўды» — так яны называюць сябе, — які спосаб быцця хрысціянамі з’яўляецца найлепшым. Яны з моцай сцвярджаюць, што сапраўднае хрысціянства — гэта тое, да якога прывязаны яны; хрысціянства, якое часта атаясамліваецца з некаторымі формамі з мінулага, і што вырашэнне сучасных крызісаў заключаецца ў вяртанні назад, каб не згубіць сапраўднай веры. Таксама і сёння, як і ў тыя часы, існуе спакуса закрытасці ў некаторых перакананнях, набытых з традыцый мінулага», — дадаў Папа, падкрэсліваючы, што адметнай рысай прыхільнікаў такіх поглядаў з’яўляецца суровасць і закамянеласць.

«Наследаваць вучэнне апостала Паўла з Паслання да Галатаў будзе нам карысна для разумення таго, якім шляхам трэба ісці. Шлях, указаны Апосталам, вызваляе і з’яўляецца заўсёды новым шляхам Укрыжаванага і Уваскрослага Езуса; гэта шлях абвяшчэння, які рэалізуецца праз пакору і братэрства, а новыя прапаведнікі не ведаюць ні пакоры, ні братэрства; гэта шлях лагоднага і паслухмянага даверу, а новыя прапаведнікі не ведаюць ні лагоднасці, ні паслухмянасці.

Гэты лагодны і паслухмяны шлях дазваляе ісці наперад з упэўненасцю ў тым, што Святы Дух дзейнічае ў кожную эпоху Касцёла. Урэшце менавіта вера ў Святога Духа, прысутнага ў Касцёле, вядзе нас наперад і збавіць нас», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа