Пошук

24.01.2022 17:44   Тэкст: Надзея Бука / Фота: Генадзь Бука / Catholic.by

23 студзеня, у нядзелю Божага Слова, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў касцёл Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой горцы ў Мінску, дзе цэлебраваў святую Імшу і ўзяў удзел у прэзентацыі кнігі «Ян Павел II цэнтральна-усходняй Еўропе».

У прамоўленай на Эўхарыстыі гаміліі арцыпастыр заахвоціў вернікаў звяртаць большую ўвагу на Божае слова і жыць паводле яго.

«Яно заўсёды актуальнае і дзейснае, і можа перамяніць лёс чалавека і грамадства. Гэта заўсёды актуальная „канстытуцыя хрысціяніна“, якая ніколі не змяняецца і гарантуе гарманічнае развіццё чалавека», — сцвердзіў заслужаны іерарх.

Звярнуўшыся да імшальнага чытання з Евангелля, у якім Езус у сінагозе ў Назарэце адносіць да сябе словы прарока Ісаі і кажа, што прыйшоў абвяшчаць Добрую навіну ўбогім, вызваленне палонным, сляпым вяртаць зрок, выпусціць спакутаваных на свабоду, абвясціць год ласкі Пана, арцыбіскуп адзначыў, што гэтыя словы сталі своеасаблівай «прэзентацыяй» місіі Хрыста, праграмай Яго дзейнасці.

«Як бачым, праграмай дзейнасці Езуса з’яўляецца свабода. Свабода ў Хрысце — гэта свабода ад грахоўнага зняволення, што з’яўляецца падмуркам свабоды ў кожнай іншай сферы жыцця чалавека, бо грэх — прычына кожнага зла. Таму вызваленне ад граху вядзе да свабоды духа, а таксама да свабоды і справядлівасці ў штодзённым жыцці. Свабода духа кажа нам жыць згодна з Божым законам і паводле прынцыпу „нікому не рабіць таго, чаго не жадаеш сабе“. Да такой свабоды духа вядзе нас Божае слова», — падкрэсліў арцыпастыр, заахвоціўшы вернікаў пазнаваць Святое Пісанне і жыць ім.

Пасля Імшы ў залатагорскай святыні адбылася прэзентацыя кнігі «Ян Павел ІІ цэнтральна-усходняй Еўропе», у якой сабраныя яго прамовы падчас апостальскіх падарожжаў у Польшчу, Літву і Украіну. Кніга выдадзена на беларускай, польскай, літоўскай і ўкраінскай мовах.

У межах прэзентацыі новага выдання арцыбіскуп Кандрусевіч выступіў з адмысловым дакладам «Цэнтральна-усходняя Еўропа Яна Паўла ІІ». У ім заслужаны іерарх прадставіў асобу Папы-славяніна, які змагаўся за незалежнасць і свабоду, у тым ліку веравызнання, у гэтай частцы Еўропы.

«Дзякуючы яго намаганням там, дзе доўгія дзесяцігоддзі панаваў ваяўнічы атэізм, Касцёл пачаў адраджацца. Аднак Вялікі Папа папярэджваў, што свабода — гэта не толькі дар, але і адказнасць. Таму ён, як быццам, пытаецца кожнага з нас: вы перамаглі з несвабодай, але ці пераможаце са свабодай і яе амаральнымі выклікамі? Для гэтага неабходна адкрыцца на Хрыста, бо толькі ў Ім чалавек здольны пазнаць самога сябе», — падсумаваў вучэнне святога Папы арцыпастыр.

Ён таксама нагадаў заклік Яна Паўла ІІ да таго, каб Еўропа дыхала абодвума лёгкімі, маючы на ўвазе заходняе і ўсходняе хрысціянства.

«Гэта вельмі важна ў наш час, калі толькі супольнымі намаганнямі розных хрысціянскіх канфесій, перадусім разам з праваслаўнымі, мы зможам эфектыўна супрацьстаяць небяспечным амаральным выклікам нашага часу», — заўважыў арцыбіскуп эмерыт.

Асаблівую ўвагу ён звярнуў на вучэнне Яна Паўла ІІ аб хрысціянскай культуры і каранях Еўропы. Іерарх зазначыў, што для Яна Паўла ІІ цэнтральна-усходняя Еўропа — гэта Еўропа хрысціянскіх каранёў і прынцыпаў; Еўропа заходняга і ўсходняга хрысціянства; Еўропа багатай хрысціянскай культуры, у якой ёсць месца кожнаму.

Арцыбіскуп нагадаў, што адраджэнне Касцёла ў былым Савецкім Саюзе непасрэдна звязана з асобай Яна Паўла II. «Асоба гэтага Папы мае велізарнае гістарычнае значэнне, і немагчыма пераацаніць усе добрыя справы, якія на хвалу Богу і дзеля міру ва ўсім свеце падчас свайго пантыфікату ён зрабіў», — падкрэсліў заслужаны іерарх. Ён дадаў, што сярод розных дыпламатычных захадаў Святога Пасаду асаблівае месца мела сустрэча Яна Паўла II з першым і адначасова апошнім прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым, што адбылася ў Ватыкане 1 снежня 1989 года.

«Удумаеся толькі ў значэнне таго, што адбылося тады. Папа сустрэўся з лідарам краіны, у якой тры пакаленні праводзілася дзяржаўная палітыка ваяўнічага атэізму!» — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Кніга „Ян Павел ІІ цэнтральна-усходняй Еўропе“ набліжае да нас асобу Вялікага Папы і яго вучэнне, скіраванае блізкім да нас паводле менталітэту, культуры і традыцый людзям. Мы, як і яны, з’яўляемся нашчадкамі атэістычнага рэжыму і сутыкаемся з падобнымі праблемамі», — сказаў заслужаны іерарх.

Ён дадаў, што, хоць Ян Павел ІІ па вядомых прычынах не змог наведаць Беларусі, аднак ён часта віншаваў нас на беларускай мове як з Ватыкана, так і падчас сваіх апостальскіх падарожжаў у Польшчу, Літву і Украіну. Таму, на думку арцыбіскупа Кандрусевіча, сімвалічна, што прэзентацыя кнігі адбылася ў юбілей 500-годдзя выдання Францішкам Скарынам «Малой падарожнай кніжыцы» — першага малітоўніка на беларускай мове.

Арцыпастыр выказаў надзею на тое, што кніга будзе спрыяць далейшаму развіццю культу святога Яна Паўла ІІ, духоўнаму ўдасканаленню і аб’яднанню братэрскіх народаў.

Кнігу «Ян Павел II цэнтральна-усходняй Еўропе» можна набыць у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску (пр. Незалежнасці, 44-А).

Абноўлена 24.01.2022 17:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.