Пошук

29.10.2020 10:12   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйная выява: Pinterest

27 кастрычніка Папа Францішак сустрэўся на аўдыенцыі з прэфектам Кангрэгацыі па справах кананізацыі арцыбіскупам Марчэло Сэмерара і ўхваліў дэкрэты, якія датычацца кананізацыйнай і некалькіх беатыфікацыйных спраў.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, першымі трыма дэкрэтамі прызнаюцца цуды, здзейсненыя праз заступніцтва благаслаўлёнага Джусціно Марыі Русаліла, італьянскага святара, заснавальніка Таварыства Боскіх Пакліканняў і Кангрэгацыі Сясцёр Боскіх Пакліканняў, памерлага 2 жніўня 1955 г., Слугі Божай Марыі Ларэнца ін Лонга, іспанскай законніцы, заснавальніцы бальніцы для невылечна хворых у Неапалі і кангрэгацыі Манахінь Кларысак Капуцынак, памерлай у Неапалі 21 снежня 1539 г., і Слугі Божай Эльжбеты Чацкай, польскай законніцы, заснавальніцы Таварыства Апекі над Сляпымі і Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Служак Крыжа, памерлай 15 мая 1961 г.

Яшчэ тры дэкрэты прызнаюць мучаніцтва.

Яны датычацца Слуг Божых Леанарда Мелкі і Томаса Салеха, святароў з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, забітых з нянавісці да веры ў Турцыі ў 1915 і 1917 гг., Слугі Божага Луіджы Ленцыні, дыяцэзіяльнага святара, забітага з нянавісці да веры ў італьянскім Крочэтэ-дзі-Павула ў ноч з 20 на 21 ліпеня 1945 г., і Слугі Божай Ізабэлы Крысціны Мрад Кампас, свецкай верніцы, забітай па той жа прычыне ў бразільскім Джуіс дэ Фора 1 верасня 1982 г.

Двума іншымі дэкрэтамі прызнаецца гераічнасць цнотаў.

Яны датычацца Слугі Божага Раберто Джавані, бразільца, брата з Кангрэгацыі Святых Стыгматаў Пана Нашага Езуса Хрыста, які памёр у Кампінасе 11 студзеня 1994 г., і Марыі Тэрэзы ад Сэрца Езуса, іспанкі, якая была адной з заснавальнікаў Кангрэгацыі Служак Боскага Сэрца Езуса і памерла ў Севільі 2 чэрвеня 1908 г.

Пра даты правядзення кананізацыйных і беатыфікацыйных абрадаў будзе вядома пазней.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа