Пошук

14.03.2024 14:19   Паводле: КАІ / Фота: Аrchidiecezja.lodz.pl / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Слкга Божая Станіслава Ляшчынская. Вітраж. Фота: Kamil Gregorczyk / niedziela.pl

11 сакавіка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Лодзі (Польшча) адбылося заключнае пасяджэнне на заканчэнне дыяцэзіяльнага этапу беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божай Станіславы Ляшчынскай, якая была акушэркай ў канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц-Біркенаў, арганізаваным нацыстамі пад Асвенцымам падчас Другой сусветнай вайны.

«Гэта быў свет вялікага выпрабавання веры. І мы дзякуем Богу, што яна прайшла гэтае выпрабаванне веры такім чынам, што стала для нас узорам веры», — сказаў арцыбіскуп Лодзі кардынал Гжэгаж Рысь у 50-ю гадавіну смерці Слугі Божай Станіславы Ляшчынскай.

Пасяджэнне распачалося малітвай, якую ўзначаліў кардынал Рысь. Пасля гэтага адбылося прадстаўленне даклада ксяндза Дамініка Суецкага, прынясенне прысягі кардыналам Рысем, дэлегатам, прамотарам справядлівасці, натарыусам, дапаможным натарыусам, пастулятарам, а таксама падпісанне акта. Прысягу даў таксама партатар актаў, які абавязаны перадаць іх у Дыкастэрыю па справах кананізацыі ў Рыме. Падчас сесіі выступіў арцыбіскуп эмэрыт Уладзіслаў Зёлэк. Іерарх нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ, які ў Лодзі сказаў, што Станіслава Ляшчынская пакінула пасланне ў абарону чалавечага жыцця. Святы Айцец тады падкрэсліў: «Не занядбайце гэтай справы: гэта вялікая справа».

Гераізм у час выпрабаванняў

«Стаўленне Яна Паўла ІІ да Станіславы Ляшчынскай ўмацавала маю веру ў яе святасць і ў рэшце рэшт падштурхнула мяне распачаць беатыфікацыйны працэс у 1992 годзе, які пасля перапынку аднавіў і ўзначаліў кардынал Гжэгаж, якому я асабіста вельмі дзякую», — падзяліўся арцыбіскуп Зёлэк. Іерарх адзначыў, што Станіслава Ляшчынская нясе пасланне любові і вернасці чалавеку і Касцёлу і служэння праўдзе.

«Яе дзейнасць — гэта гучны крык у абарону жыцця кожнага чалавека, асабліва ненароджанага. Нават сёння, у часы паўсюднай ідэалогіі культуры смерці, яе бескампраміснасць становіцца простым і ясным знакам таго, што чалавечае жыццё з’яўляецца святым, вялікім Божым дарам», — падкрэсліў арцыбіскуп Уладзіслаў Зёлэк.

Кардынал Рысь у сваёй прамове спаслаўся на кнігу Пятра Цывіньскага «Аўшвіц. Манаграфія чалавека».

«Мы бачым яе побач з усімі гэтымі дзецьмі, якія будуць забітыя неўзабаве пасля нараджэння, памруць ад голаду ці памруць праз некалькі дзён у выніку хваробы: яна была пасярод пекла, — адзначыў арцыбіскуп Лодзі. —

Гэтая жанчына гераічным чынам была адкрытая на ласку веры ў свеце, дзе вера сапраўды не была чымсьці відавочным для кожнага чалавека, які там апынуўся. Гэта быў свет вялікага выпрабавання веры. І мы дзякуем Богу, што яна прайшла гэтае выпрабаванне веры такім чынам, што становіцца для нас узорам веры», — заключыў кардынал Гжэгаж Рысь.

Напрыканцы сабраныя памаліліся аб беатыфікацыі Слугі Божай Станіславы Ляшчынскай. Адбыўся таксама паказ фільма Марыі Стахурскай «Акушэрка», пасля чаго рэжысёр адказала на пытанні прысутных.

Акушэрка з лагера смерці

Станіслава Ляшчынская нарадзілася 8 мая 1896 года ў Лодзі. Яе маці Генрыка Замбжыцкая працавала на фабрыцы, а бацька Ян Замбжыцкі падпрацоўваў як сталяр. Вучыцца Станіслава пачала ў сем гадоў, спачатку індывідуальна, а праз два гады ў прагімназіі. У той час яе бацьку адправілі ў царскую армію на пяць гадоў. 17 кастрычніка 1916 года Станіслава выйшла замуж за Браніслава Ляшчынскага, вядомага наборшчыка з Лодзі. Праз год у іх нарадзіўся першынец Браніслаў, а праз два гады — дачка Сільвія.

У 1920 годзе Станіслава Ляшчынская пераехала ў сталіцу, дзе паступіла ў фельчарска-акушэрскую школу. Муж і двое дзяцей засталіся ў Лодзі пад апекай бабулі і дзядулі. Пасля заканчэння школы з выдатнымі адзнакамі пачала працаваць акушэркай. Яна нарадзіла яшчэ двух сыноў: Станіслава і Генрыка, якія падчас вайны трапілі ў лагеры ў Гузене і Маўтхаўзене, а Станіславу з дачкой дэпартавалі ў Асвенцым 17 красавіка 1943 года. Яны атрымалі лагерныя нумары 41335 і 41336.

Як падкрэсліваюць біёграфы, Станіслава аказалася вельмі прадбачлівай. Яна кантрабандай правезла ў лагер пасведчанне аб заканчэнні школы акушэрства ў зубным парашку. Калі яна даведалася, што немка, якая служыла лагернай акушэркай, захварэла, яна прапанавала доктару Мэнгеле замяніць яе. Кат з Асвенцыма пагадзіўся, але пяпярэдзіў, што кожнае народжанае дзіця павінна разглядацца як мёртванароджанае.

Лічыцца, што тады Ляшчынская сказала: «Не, ніколі. Нельга забіваць дзяцей!» Яна рабіла ўсё, каб засцерагчы іх ад нялюдскіх эксперыментаў, спрабавала падтрымліваць маці і ратаваць немаўлят.

Сваімі драматычнымі ўспамінамі яна падзялілася ў «Рапарце акушэркі з Асвенца», упершыню апублікаваным у 1965 годдзе. Па матывах гэтай кнігі быў пастаўлены спектакль Oratorium оświęcimskie — «Араторый у Асвенцыме».

26 студзеня 1945 года. Ацалелыя дзеці лагера Аўшвіц-Біркенаў. Фота: ІТАР-ТАСС

Яна прымала роды ў нечалавечых лагерных умовах. Ёй даводзілася таксама хаваць дзяцей ад эсэсаўцаў. Паводле сведкаў, Ляшчынская звычайна прымала роды сама. Аднак амаль усе дзеці, якія нарадзіліся ў лагеры, загінулі ад голаду. З больш як трох тысяч дзяцей, якіх выратавала Ляшчынская, лагер перажылі толькі каля 30-і. Да сённяшняга дня ў свеце ёсць каля дзясятка людзей, якім удалося выжыць у Асвенцыме дзякуючы гераічнай акушэрцы.

Яна працавала акушэркай, пакуль нацысты не пакінулі лагер 26 студзеня 1945 года. Усе, нават немцы, называлі яе «матулька», што можна прачытаць у шматлікіх дакументах, якія апісваюць гераіню канцлагера.

Станіслава Ляшчынская працавала акушэркай да 1958 года. У 1973 годзе стан яе здароўя значна пагоршыўся. Памерла яна 50 гадоў таму, 11 сакавіка 1974 года.

У сакавіку 1992 года быў выдадзены дэкрэт па справе кананізацыі Станіславы Ляшчынскай, пасля чаго распачалася карпатлівая праца па зборы дакументаў і сведчанняў. У 1996 годзе ў сутарэннях касцёла на плошчы Касцёльнай была ўладкавана крыпта, дзе былі пахаваны парэшткі Станіславы Ляшчынскай, куды іх перанеслі з могілак у Радагошчы.

Штогод у раёне 11 сакавіка ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лодзі адбываецца ўрачыстая святая Імша ў інтэнцыі беатыфікацыі Слугі Божай Станіславы Ляшчынскай, у якой бяруць удзел не толькі жыхары Лодзі, але таксама акушэркі з усіх куткоў Польшчы, чыёй апякункай з’яўляецца гераіня з Асвенцыма. Яна таксама лічыцца нефармальнай апекункай Маршаў за жыццё і сям’ю, якія адбываюцца ўжо восем гадоў і праходзяць па вуліцах Асвенцыма.

 

Абноўлена 14.03.2024 21:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа