Пошук

12.06.2019 15:28   Тэкст: Анастасія Грышан / Catholic.by

Раніцай 12 чэрвеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў гродзенскім мікрараёне Дзевятоўка ў межах ХІ Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.

У Парафіядзе ўдзельнічае каля 400 чалавек. Асаблівую радасць арцыбіскупу Кандрусевічу прынеслі маладыя людзі з Котласа (Архангельская вобласць Расіі), дзе ён быў біскупам 16 гадоў. Іерарх пажартаваў, што, можа, нават кагосьці з іх хрысціў.

У прамове падчас Імшы арцыбіскуп засяродзіў увагу на трох вымярэннях Парафіяды: святыня, тэатр, стадыён.

Святыня, як адзначыў ён, з’яўляецца месцам сустрэчы чалавека з Богам у Божым слове, сакрамэнтах і дабрачыннай дзейнасці. Тэатр і мастацтва з першых стагоддзяў хрысціянства выкарыстоўваліся для евангелізацыі. У старых кляштарах і касцёлах, у тым ліку і ў гродзенскай катэдры, можна знайсці фрэскі з біблійнымі сюжэтамі. Гэта была так званая Біблія для непісьменных.

Спорт, па словах іерарха, з’яўляецца каталізатарам сацыялізацыі, супольнага жыцця людей розных нацый, моваў, культур. Ён гартуе волю чалавека, вучыць прыняць паразу, каб з гэтага зрабіць адпаведныя высновы і ў будучыні перамагаць. У спорце існуюць свае правілы. Гэта алюзія да правіл нашага жыцця, якія прадстаўляюць Біблія і Касцёл. Як у спорце трэба гуляць паводле правіл, так, падкрэсліў арцыбіскуп, і ў жыцці трэба прытрымлівацца Божага слова, якое нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла.

Пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пажадаў маладым удзельнікам Парафіяды, прытрымліваючыся алімпійскага прынцыпу «галоўнае не перамога, а ўдзел», імкнуцца да фізічнай і духоўнай дасканаласці.

Абноўлена 18.07.2019 13:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.