Пошук

22.01.2024 17:00   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

20 студзеня, у межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэыя ў Гродне адбылося экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, дэвізам сёлетняга экуменічнага тыдня сталі словы з Евангелля паводле Лукі: «Любі Пана Бога твайго…, а бліжняга свайго, як самога сябе» (Лк 10, 27).

У малітве, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, удзельнічалі прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай Царквы, Праваслаўнай Царквы, Евангелічна-лютэранскай супольнасці і супольнасці поўнага Евангелля «Жывое Слова». Праваслаўную Царкву прадставіў протаіерэй Аляксандр Хомбак, Грэка-Каталіцкую Царкву — настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне айцец Андрэй Крот, Евангелічна-лютэранскyю супольнасць у Гродне — дыякан Уладзімір Лобач, супольнасць поўнага Евангелля «Жывое Слова» — пастар Віктар Сцяпко.

У ходзе набажэнства прадстаўнікі канфесій звярнуліся з прамовамі да ўдзельнікаў.

Протаіерэй Аляксандр Хомбак, які прадстаўляў Праваслаўную Царкву, адзначыў: «Зрабі для чалавека столькі, колькі зможаш, але шчыра і ад душы, і выканаеш запаведзь любові».

Святар працытаваў словы праваслаўнага прапаведніка святога Тэафана Затворніка:

«Любоў — гэта форменнае адзенне хрысціянаў, па якім іх трэба адрозніваць ад нехрысціянаў. Ніводнага генерала мы не пазнаем без формы. Гэтак жа і нас: калі хто не мае любові, таго ніхто не прызнае хрысціянінам: ні Бог, ні анёлы, ані святыя».

Дыякан Уладзімір Лобач, прадстаўнік Евангелічна-лютэранскай супольнасці, сказаў: «Не можа быць адзінства хрысціянаў, калі няма адзінства з Богам і бліжнім. Бог патрабуе ад нас любові як сведчання нашай веры. Мы можам быць упэўненыя ў нашай веры праз любоў.

Той, хто любіць свайго бліжняга, верыць у Бога. Не важна, якога мы веравызнання; калі мы называемся вучнямі Хрыста, то павінны памятаць Яго заклік: „Ідзі і рабі гэтак жа“. Мы павінны верыць да канца», сказаў лютранскі дыякан.

Пастар Віктар Сцяпко з супольнасці поўнага Евангелля «Жывое Слова» заўважыў, што Пан «спрасціў» шматлікія запаведзі да запаведзяў любові. «Уявіце, што ў краме, у школе, іншых публічных месцах вы сустракаецеся з любоўю», — сказаў пастар. Таксама ён зачытаў фрагмент Паслання святога Апостала Паўла да Карынцянаў — гімн любові — і заклікаў «занесці любоў дадому», дадаўшы, што адзінства будзе тады, калі людзі будуць практыкаваць яе.

Прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы айцец Андрэй Крот звярнуў увагу на тое, што ў пэўным узросце чалавеку важна разумець, што ён чагосьці дасягнуў, і ведаць, што выканаць яшчэ, — у тым ліку як рэалізаваць любоў у адзінстве хрысціянаў. Святар прывёў прыклад: «Калі на вуліцы ляжыць чалавек, якому стала кепска, то мы не будзем пытацца, якога ён веравызнання — католік, праваслаўны ці, можа, баптыст, — мы яму дапаможам. Гэта і ёсць праява адзінства», — лічыць грэка-каталіцкі святар.

Біскуп Кашкевіч у сваёй прамове адзначыў:

«Кожны чалавек з’яўляецца для нас нашым бліжнім, аб чым нагадвае нам Езус у сёлетні Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў <…>. З гэтага вынікае, што я павінен любіць кожнага чалавека, а асабліва таго, хто галодны, хворы, няшчасны, адкінуты асяроддзем. Я павінен яму дапамагчы! Не важна, колькі гэта каштуе, не важна, якую вялікую цану я павінен за гэта заплаціць, — я павінен яму дапамагчы, бо гэта чалавек у патрэбе. Аднак такая любоў да бліжняга сёння вельмі цяжкая. Мы павінны ёй вучыцца, каб, не зважаючы на адрозненні, маглі стаць адзін для аднаго бліжнімі, такімі, як самаранін у Евангеллі», — падкрэсліў іерарх.

У ходзе экуменічнага набажэнства адбыліся абрады святла. Пасля малітвы ўсе прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій запалілі свечкі ад пасхала. Пасхал з’яўляецца сімвалам Хрыста — адзінага Збаўцы свету.

На заканчэнне малітоўнай сустрэчы Гродзенскі біскуп падзякаваў прысутным вернікам розных канфесій, якія разам са сваімі духоўнымі кіраўнікамі прыйшлі ў галоўную каталіцкую святыню горада над Нёманам.

«Для ўсіх нас гэта было нагодай задумацца над тым, як сёння прыкладаць сумесныя намаганні, каб хрысціянства было знакам духоўнага і маральнага адраджэння; сілай, што супрацьстаіць граху і духоўнай абыякавасці, якія нішчаць сучасны свет», — дадаў на заканчэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч.

 

Абноўлена 22.01.2024 17:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа