Пошук

08.11.2017 11:35   Фота: Паўліна Барадзевіч / Catholic.by

З 4 па 6 лістапада ў Жодзіне адбылася другая сустрэча музыкантаў «ГрайПану», якая аб’яднала больш за 60 удзельнікаў з Беларусі і Украіны. Ініцыятыва сустрэчы паходзіць ад удзельнікаў гурта Rybyproject.

«Прагненне дзяліцца пачынаецца тады, калі ты разумееш, што сам перапоўнены. За 3,5 гады існавання праекта мы аб’ездзілі амаль усю Беларусь з канцэртамі. Мы хочам дзяліцца не толькі музычным досведам, але таксама ўсім, што самі перажываем і над чым разважаем»,— адзначае Алёна Кот, менеджар гурта.

«Прыемна арганізоўваць такія з'езды. Моладзі гэта трэба, хоць бы раз на паўгода. Гэта іх зараджае! Бо пакуль ёсць людзі, якія хочуць вучыцца прафесійна славіць Бога і мець асабістыя зносіны з Хрыстом, ёсць сэнс існавання нас, “Рыб”. Мы павінны дзяліцца тым, што даў нам Бог!» — кажа Паўліна Гардзіенка, клавішніца і аўтар песен.

Басіст гурта Уладзіслаў Фасевіч спадзяецца, што гэтыя сустрэчы будуць адбывацца пастаянна і сістэматычна. «Слава Богу за кожнага чалавека, які быў з намі. Веру, што кінутае ў іх сэрца зерне дасць добры і вялікі плён».

На сустрэчу таксама былі запрошаны госці.

Ксёндз Кірыл Бардонаў паглыбіў веды ўдзельнікаў па тэме «Выбар спеваў для святой Імшы». Канферэнцыя, па словах музыкаў, адкрыла для іх шмат новых ведаў пра літургію. «Было цікава пачуць, як насамрэч павінна ўсё выглядаць», — заўважыла Святлана Станкевіч.

Яркім момантам у праграме стаў прыезд сясцёр Крысціны і Карыны Кобрын. Музыкі, лідары студэнцкага служэння з Баранавіч, захапілі ўдзельнікаў сваёй адкрытасцю, шчырасцю і талентам. Дзяўчаты прыехалі разам са сваім татам — кампазітарам, аранжыроўшчыкам і гукарэжысёрам Сяргеем Кобрынам, і распавялі, як гэта – нарадзіцца ў музычнай сям’і, што значыць для іх «Граць Пану», а таксама заспявалі.

Пасля сустрэчы Крысціна Кобрын напісала ў інстаграме:

#ГрайПану: «Тут сабралася больш за 60 музыкаў-хрысціянаў з Беларусі, і нават адзін удзельнік з Кіева. Вось не прайшло і паўгода, як мы пазнаёміліся з @rybyproject, а сёння вы нас так цёпла прынялі, такое адчуванне, што знаёмыя з дзяцінства. Ведаеце, ёсць людзі, якія не такія, як усе, у якіх ёсць святло ў вачах, з імі добра. Гэта ўсё пра @rybyproject. Сябраваць з вамі неацэнна!»

Вельмі шмат увагі падчас сустрэчы ўдзялялася духоўным тэмам. Арганізатары стараліся адвярнуць увагу ад сябе і скіраваць яе на Таго, хто дае таленты і натхняе — на Бога. Гэта неаднойчы падкрэслівалася падчас сустрэчы.

«Жаданне развіваць таленты, у тым ліку музычныя, існаванне гэтага жадання ў прамежках паміж такімі вось натхняючымі падзеямі напрамую залежыць ад вернасці Таму, хто нас імі забяспечыў. Удасканальвацца дзеля дасканаласці бессэнсоўна. Менавіта веданне, каму мы граем і вучымся граць, павінна стаць першачарговым стымулам кожны дзень расці», – дзеліцца гітарыст Юрый Гардзіенка.

Святлана Станкевіч з Маладзечна заўважае: «Пасля таго, як я была на першым этапе вясной, думала, што нічога цікавейшага не будзе на гэтай сустрэчы. Што можна прыдумаць яшчэ больш? Але ўсё адбылося зусім наадварот. На гэтай сустрэчы быў акцэнт на духоўнае. Ва ўсялякім разе, на мне адбілася больш духоўнае, чым праца».

Яшчэ адной важнай думкай сустрэчы стала тэма «Эмоцыі — гэта добры слуга, але дрэнны камандзір».

Сапраўды, часта мы запальваемся нейкай справай, пачынаем нешта рабіць, але, калі эмоцыі і запал знікае, знікае і само жаданне развівацца, працаваць. І вось тут вельмі важна зрабіць гэты высілак, падпарадкаваць свае эмоцыі розуму і волі і працягваць рабіць патрэбную справу. Гэта датычыць усяго. І развіцця талентаў, і малітвы таксама.

Марта Амбросава з парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве распавяла, што сустрэча дапамагла ёй усвядоміць, што «ў жыцці не ўсё так проста, і неабходна шмат намаганняў у любой справе».

«Трэба прыкласці шмат сіл, каб развіць голас або навучыцца граць на інструментах. Не ўсё прыходзіць у адно імгненне. Усе гэтыя намаганні, старанні і падзенні неабходна давяраць Богу. Суправаджаць усё малітвай, зносінамі з Ім», — заўважыла Марта.

Сваім досведам на гэтую тэму падзяліўся барабаншчык Віталь Грышкевіч: «Не сумняюся, што “ГрайПану” — гэта Божая справа, але перад прыездам была эмацыйная падаўленасць, я адчуваў толькі дыскамфорт. Даводзілася ўзбуджаць у сабе сілы. Усё аддаваў Богу. Веру, што Ён выкарыстаў мае сілы па максімуму. І асабіста я ўсвядоміў, што рабіць рэчы на хвалу Божую значна прыемней свядома, па добрай волі. Прыемна бачыць, як крута Бог змяняе сэрцы, ламае стэрэатыпы, вылівае ласку. А ад мяне патрабавалася толькі дакладна выконваць свае абавязкі. Я вельмі задаволены быць у Яго камандзе са сваёй камандай», — дзеліцца музыкант.

«Гэтая сустрэча, на мой погляд, зрабіла больш вялікую справу для саміх “Рыб”, чым для ўдзельнікаў. Варта памятаць пра тое, што павінна намі кіраваць. І гэта не эмоцыі, але нашая воля і розум. Мы адчувалі братэрскую любоў і патрэбу адно ў адным. Вядома, ёсць свае нюансы, але ўвогуле асабіста я шчаслівы адчуваць, што мяне Бог можа выкарыстоўваць для сваіх мэтаў. Як прыемна, калі такі аўтарытэт, як Езус, можа даверыць нам такую справу», — дадаў Віталь.

Скончылася сустрэча святой Імшой, пасля якой адбыўся невялікі канцэрт, складзены са спеваў, вывучаных удзельнікамі сустрэчы.

    

Прасачыць за развіццём сустрэчы музыкаў «ГрайПану» можна па хэштэгах #grajPanu #грайПану #grajPanu2 #gp #nelazhaj #rybyproject

Відэа з майстар-класаў, канферэнцый, рэпетыцый і канцэртаў глядзіце на старонцы @rybyproject у Фэйсбуку.

Абноўлена 08.11.2017 15:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа