Пошук

05.08.2017 07:48   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

4 жніўня Росіца прывітала шматлікіх пілігрымаў, якія прыйшлі і прыехалі ў гэтую маленькую памежную вёску на летнія ўрачыстасці, каб у чарговы раз узгадаць подзвіг благаслаўлёных мучанікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.

Маленькай Стэфаніі толькі год і тры месяцы, але ў Росіцу яна пілігрымуе ўжо трэці раз. Першы раз яна наведала Росіцу яшчэ ва ўлонні маці. Гэтым разам яе бацькі — Павел і Тамара Мінютка здзейснілі роварную пілігрымку, пераадолеўшы 215 кіламетраў за чатыры дні,  і везучы з сабой маленькую дачку.

Сваю пілігрымку сям’я распачала ў вёсцы Валоські Вілейскага раёна. На начлегі спыняліся ў сяброў. 

Для мяне Росіца асаблівае месца, — распавядае Тамара. — Гэта як першае каханне... Упершыню я прыйшла сюды ў пілігрымцы з Друі ў 2007 годзе, і з таго часу прыходжу ці прыязджаю ў Росіцу штогод. Спачатку сама, потым з маім будучым мужам, а цяпер мы прыязджаем сюды ўсёй сям’ёй.

На сёлетнія росіцкія ўрачыстасці прыбыло пяць пілігрымак: тры пешыя — з Друі, Полацка і Барысава, роварная з Барысава і пілігрымка на матацыклах з Браслава.

Вялікая колькасць пілігрымаў з усёй Беларусі прыбылі на аўтобусах і машынах. Усіх іх пры ўваходзе ў росіцкую святыню сустракаў кусташ месца гібелі благаслаўлёных мучанікаў і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы кс. Чэслаў Курэчка МІС, шчодра пакрапляючы стомленых спякотай ды далёкай дарогай пілігрымаў асвячанай вадой. Апагеем жа іх пілігрымавання з’яўляецца той момант, калі пілігрымы ціха заходзяць у святыню і кладуцца ў цішыні крыжам на падлогу — тую самую, якая памятае стогн і енкі шматлікіх ахвяраў росіцкай трагедыі.

        

Сёння большасць пілігрымаў — гэта тыя, хто прыбыў у Росіцу не першы раз. Нездарма падчас Імшы для пілігрымаў святар падкрэсліў, што кожны, «хто раз завітаў у Росіцу, застаецца тут назаўсёды».

Імшу для пілігрымаў узначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч у канцэлебры з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, правінцыялам Польскай правінцыі Кангрэгацыі айцоў марыянаў Томашам Навачэкам і шматлікімі святарамі з Віцебскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Пакінуць свае інтэнцыі, з якімі пілігрымы прыйшлі сюды, менавіта тут, у Росіцы, і такім чынам як бы «ачысціць» сваё сэрца, заклікаў у гаміліі кс. Вадзім Мізэр МІС, нагадваючы, што такім чынам Бог жадае ўліць у сэрцы вернікаў штосьці новае.

Пасля Імшы грэка-католікі на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам выканалі Акафіст. Тым часам росіцкія ўрачыстасці працягваюцца....   

Абноўлена 05.08.2017 07:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.