Пошук

01.08.2023 11:11   Тэкст: Вікторыя Філіпенка / Фота: Леанід Юрык / Сatholicnews.by

28 і 29 ліпеня ў санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі ў Росіцы адбыліся ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных ксяндзоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.

80 гадоў таму, падчас Другой сусветнай вайны, верныя да канца свайму пакліканню святары прынялі мучаніцкую смерць ад рук нацыстаў разам з даручанай ім паствай.

Больш за паўтары тысячы людзей згарэлі тады ў агні ў Росіцы падчас карнай аперацыі.

Як нагадвае Catholicnews.by, 26 ліпеня на ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных мучанікаў вырушыла пешая пілігрымка з Друі — мястэчка, якое некалі стала своеасаблівай духоўнай «калыскай» адроджанай благаслаўлёным біскупам Юрыем Матулевічам кангрэгацыі марыянаў. Сімвалічна, што менавіта з Друі ў Росіцу распачалі свой шлях і ксяндзы марыяне Юрый і Антоній. Больш за 80 пілігрымаў ішлі тры дні, разважаючы над тым, як заставацца вернымі Хрысту ў штодзённым жыцці, а асабліва калі прыходзяць цяжкія выпрабаванні.

Урачыстасці ў Росіцы распачаліся ўвечары ў пятніцу Імшой для пілігрымаў, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Гамілію прамовіў ксёндз Ілля Саўчанка МІС, кіраўнік пешай пілігрымкі, які пажадаў удзельнікам Эўхарыстыі быць сведкамі веры на ўзор благаслаўлёных мучанікаў, а вярнуўшыся ў штодзённасць, захаваць і павялічыць плён пілігрымкі.

Малітоўную праграму працягнуў Акафіст да росіцкіх мучанікаў, які правёў Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, таксама марыянін.

Пасля набажэнства сёстры эўхарысткі правялі Ружанец і прэзентацыю пра гісторыю і дзейнасць сваёй супольнасці. Падставай для разважанняў над ружанцовымі таямніцамі сталі словы бласлаўленага Юрыя Матулевіча — заснавальніка Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі.

Сёлетнія ўрачыстасці ў Росіцы асаблівыя і для эўхарыстак, бо ў 2023 годзе яны адзначаюць 100-годдзе з часу заснавання сваёй супольнасці.

Пасля ружанцовай малітвы адбылася малітва праслаўлення і духоўная канферэнцыя, якую прамовіў ксёндз Аляксандр Жарнасек МІС.

Апоўначы вернікі сабраліся на святую Імшу, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх разважаў над падзеямі апошніх дзён жыцця, якія перажывалі людзі тут, у росіцкай святыні, якая 80 гадоў таму стала месцам вялікай трагедыі.

«Мы не ведаем да канца, што адбывалася ў людскіх душах, але не можам не ацаніць подзвіг святароў, якія таксама аказаўшыся ў складанай сітуацыі, засталіся вернымі Хрысту і даручаным ім авечкам. Можна з упэўненасцю сказаць, што многія з тых, хто аказаўся тут у дні трагедыі, перажылі сваё навяртанне», — зазначыў біскуп. Ён дадаў, што ўзяць свой крыж і ісці за Хрыстом — гэта заданне для кожнага хрысціяніна.

«Чалавек, які вырашае наследаваць Пана, умее давяраць Яму, ідзе за Ім, атрымлівае неверагодную моц і сілу», — сцвердзіў біскуп Касабуцкі.

Пасля Імшы прысутныя скіраваліся да месца мучаніцкай смерці благаслаўлёных мучанікаў і тых, хто разам з імі аддаў тут сваё жыццё ў жудасным полымі.

Там пасля кароткага набажэнства кожны мог пакінуць зніч і ўкленчыць каля крыжа — знака мукі Хрыста і адначасова Яго перамогі над злом і смерцю.

 

Абноўлена 01.08.2023 11:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця