Пошук


16 лістапада біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў Імшу ў катэдры святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне. У гэты дзень Касцёл на Гродзеншчыне адзначае ўрачыстасць у гонар сваёй галоўнай Апякункі — Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці.

Сёлетняя ўрачыстасць мела характар падзякі за Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, які скончыўся напярэдадні, і за перэгрынацыю ў дыяцэзіі копіі абраза Маці Міласэрнасці. Перэгрынацыя праводзілася з нагоды 35-годдзя дыяцэзіі, у гэты дзень копія абраза знаходзілася ў катэдры.

У Імшы ўдзельнічалі вернікі гродзенскіх парафій. Біскуп маліўся падчас літургіі асаблівым чынам за ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, — духоўных і свецкіх асобаў.

У гаміліі біскуп Гродзенскі засяродзіў увагу на тым, што Найсвяцейшая Панна Марыя «не толькі прымае нашыя просьбы, але і вучыць нас жыць з Богам і быць побач з людзьмі».

«Калі мы называем Марыю Маці Міласэрнасці, то вызнаём, што праз Яе Бог паслаў свету свайго Сына, — патлумачыў іерарх. — Езус Хрыстус — аблічча Божай міласэрнасці. У Ім Бог наблізіўся да чалавека, каб шукаць згубленага, падымаць таго хто ўпаў, вылечваць параненага і вяртаць надзею таму, хто яе страціў. Марыя стала той, якая першай прыняла гэтае Божае набліжэнне і дала яму месца ў сваім жыцці».Разважаючы над літургічным чытаннем гэтага дня, дзе апісваецца звеставанне, біскуп адзначыў, што Панна Марыя «прыняла Божую волю не таму, што ўсё для Яе было ясным, а таму, што верыла: Бог не пакіне чалавека, якога паклікаў». «Божая ласка папярэднічае нашым добрым учынкам і дапамагае нам навяртацца, абнаўляцца і пачынаць зноў. Марыя першай прыняла гэтую ласку асаблівым чынам, дазволіла Богу дзейнічаць у сваім жыцці. Але прыняты дар не стаў Яе асабістым скарбам, які трэба схаваць, — дадаў біскуп. — Яе міласэрнасць — гэта прысутнасць, клопат і гатоўнасць дапамагчы. У гэтым Яна паказвае нам, што той, хто прыняў Божую любоў, не можа жыць выключна для сябе».

Па словах біскупа, перэгрынацыя копіі абраза Панны Марыі Вастрабрамскай стала нагодай да супольнай малітвы ў розных кутках дыяцэзіі, «кожная парафія прымала Маці Божую як сваю Маці, і ў гэтым адчувалася, што мы належым да адной дыяцэзіяльнай сям’і, якую аб’ядноўвае вера ў Хрыста і любоў да Яго Маці». 

Паколькі перэгрынацыю планавалася завяршыць на наступны дзень у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, біскуп заахвоціў маліцца за семінарыстаў, «каб яны, гледзячы на Марыю, вучыліся слухаць Божае слова і адказваць на яго з даверам», за святароў, «каб у іх служэнні людзі сустракалі міласэрнага Хрыста», і аб новых пакліканнях да святарскага і кансэкраванага жыцця.

«Марыя можа быць блізкай кожнаму, хто сёння перажывае цяжкі час: хвораму, самотнаму, збянтэжанаму, таму, хто змагаецца з грахом або шукае дарогу назад да Бога. Перад Маці Божай Вастрабрамскай мы можам спыніцца са сваім болем і просьбамі. Але пасля гэтай малітвы пойдзем далей — з большай верай, з большым даверам і з сэрцам, адкрытым на бліжняга. Няхай заступніцтва Марыі дапаможа нам зразумець, што кожны, каго мы сустракаем, мае патрэбу ў Божай міласэрнасці — і што часам менавіта праз нас Бог хоча яе яму перадаць, — сказаў іерарх. — Няхай гэтая ўрачыстасць стане для нас нагодай абнавіць нашу веру і нашыя абяцанні. Папросім Марыю навучыць нас слухаць Бога, як Яна, давяраць Яму, як Яна, выходзіць насустрач людзям, як Яна».

Абноўлена 17.11.2026 17:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця