
«Ён — добрая навіна, знак надзеі для ўсёй моладзі», — такія словы Антоніі Сальцана Акуціс пра свайго сына перад французскай прэм'ерай дакументальнага фільма «Карло Акуціс, святы нашага часу» прыводзіць партал ekai.pl. Фільм рэжысёра Лукі Сальмаза запрашае адкрыць для сябе маладога святога праз раней неапублікаваныя сямейныя архівы і сведчанні тых, хто яго ведаў. Ён раскрывае асобу радаснага падлетка, захопленага новымі тэхналогіямі, але глыбока прасякнутага верай.
Кананізаваны 7 верасня 2025 года Папам Львом XIV, Карло Акуціс, якому было ўсяго 15 гадоў, памёр 12 кастрычніка 2006 года ад агрэсіўнай формы лейкеміі. Праз дваццаць гадоў яго гісторыя працягвае кранаць сэрцы далёка за межамі Італіі, дзе ён вырас. Захоплены камп'ютарамі, футболам і новымі тэхналогіямі, міланскі падлетак зрабіў Эўхарыстыю цэнтрам свайго жыцця, жывучы, як і іншыя маладыя людзі яго ўзросту.
«Святасць — гэта ўвасабленне Евангелля ў паўсядзённым жыцці»,
— кажа Антонія Сальцана Акуціс.
Карло ніколі не спрабаваў уцячы ад свету, каб жыць сваёй верай. Ён хадзіў у школу, сустракаўся з сябрамі, карыстаўся камп'ютарам і падзяляў штодзённыя клопаты падлетка. Але ў аснове яго жыцця ляжала незвычайная вернасць малітве, Імшы і эўхарыстычнай адарацыі. Такім чынам, Карло Акуціс з'яўляецца сучасным прыкладам універсальнага паклікання да святасці, пра што нагадвае Другі Ватыканскі Сабор.
Для Антоніі Сальцана Акуціс сведчанне яе сына нясе, перш за ўсё, глыбока пазітыўнае пасланне:
«Карло — гэта добрая навіна; ён знак надзеі для ўсіх маладых людзей».






