Пошук

09.07.2026 16:30   Прэс-служба Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі / Фота: кс. кан. Юрый Ясевіч / Catholic.by

8 ліпеня Віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Наталля Уладзіміраўна Пяткевіч наведала Духоўны цэнтр каталіцкага касцёла на Беларусі  Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, а таксама музей «Крокі веры».

Віцэ-прэм’ер Наталля Уладзіміраўна Пяткевіч з рабочым візітам наведала Духоўны цэнтр каталіцкага касцёла на Беларусі — Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, а таксама музей «Крокі веры». Прадстаўніка ўрада Беларусі ў рабочай паездцы суправаджалі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Аляксеевіч Румак, намеснік Мінскага аблвыканкама Аляксандр Іосіфавіч Ільяшэвіч, а таксама старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Васільевіч Прановіч.

З касцёльнага боку высокіх гасцей віталі і суправаджалі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які, вітаючы высокіх гасцей, падкрэсліў: «Касцёл і дзяржава — гэта сям’я сем’яў»; кусташ Нацыянальнага санктуарыя ксёндз канонік Аляксей Раманчук і прэс-сакратар беларускага епіскапата ксёндз канонік Юрый Ясевіч.

Госці наведалі Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Падчас наведвання ксёндз канонік Аляксей Раманчук распавёў прысутным гісторыю Касцёла і абраза Маці Божай Будслаўскай, а таксама гісторыю некаторых абразоў і алтароў што ўпрыгожваюць будслаўскую святыню: святога Антонія, святога Юды Тадэвуша, святой Барбары. Асобна святар засяродзіўся на двух крыжах, якія знаходзяцца ў святыні: першы з іх зроблены з абгарэлых бэлек, што засталіся пасля пажару даху святыні ў 2021 годзе; другі — з дрэва, якое некалі «сплавілі па воднай артэрыі» з Вільні і якое мае прынамсі 500 год. Раней з ваколіц Будслава сплаўлялі па рацэ дрэва на будаўніцтва касцёла айцоў бэрнардынаў у Вільні. Пасля рамонту святыні ў Вільні ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк частку бэлек прывёз у Будслаў. Дарэчы, вышыня кожнага крыжа — каля 3 метраў.

Асобна Мітрапаліт распавёў прысутным гісторыю паўстання абраза Найсвяцейшага Сэрца Езуса «з Сэрцам на далоні», што знаходзіцца ў святыні. Ён у свой час належаў парафіянам з вёскі Васілеўшчына, якія намалявалі гэты абраз падчас Другой сусветнай вайны і на працягу ўсёй вайны вернікі пераносілі абраз з сям’і ў сям’ю. Такім чынам, усе жыхары, якія былі вывезены на прымусовыя працы ў Германію, вярнуліся дадому.  

У святыні адбылася малітва словамі «Я малюся за цябе Беларусь, за тваіх сыноў і дачок, каб была паміж намі любоў і згода», якую узначаліў Мітрапаліт Юзаф. Прысутныя запалілі свечкі пры абразе Маці Божай і засяродзіліся ў хвіліне духоўнай цішыні.

Затым адбылося наведванне нядаўна створанага пры Духоўным цэнтры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі музея «Крокі веры». Стваральнік музея, ксёндз канонік Аляксей Раманчук, кусташ санктуарыя, распавёў пра ўнікальныя экспанаты, якія ўзбагачаюць музей і пра тое, як праз гэтыя святыя рэчы можна дакрануцца да мінуўшчыны рэлігійнага жыцця нашых продкаў.

Паміж прысутнымі таксама адбылася размова пра ход рэстаўрацыйных прац пры святыні. Мітрапаліт падзякаваў за фінансавую дапамогу ў памеры 260 тысяч беларускіх рублёў, што была выдзелена Дзяржавай з Прэзідэнцкага фонду. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Аляксеевіч Румак распавёў віцэ-прэм’еру пра агульны ход прац з праектнай дакументацыяй; больш падрабязна аб гэтых працах распавёў намеснік Мінскага аблвыканкама Аляксандр Іосіфавіч Ільяшэвіч. Старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Васільевіч Прановіч распавёў аб рэканструкцыі парку перад будслаўскай святыняй, які прыбраў выгляд сучаснага еўрапейскага парку, дзе ёсць месца на малітву і адпачынак.

Наталля Уладзіміраўна Пяткевіч пасля азнаямлення з ходам прац прапанавала арганізаваць у Мінску працоўную сустрэчу двухбаковай камісіі па справах рэстаўрацыі святыні, каб больш дакладна, грунтуючыся на дакументальных дадзеных, запланаваць выканання далейшых, пастаўленых Прэзідэнтам, задач па рэстаўрацыі сакральнага аб’екта.

Абноўлена 09.07.2026 16:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа