Пошук

04.05.2026 20:16   Тэкст: Кс. Павел Эйсмант / Фота: Леанід Юрык, Марына Сінкевіч / Catholic.by

2 мая, напярэдадні 5-й Велікоднай нядзелі, у Віцебску адбылася важная падзея у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамэнт прэзбітэрскага пасвячэння дваім дыяканам: Антону Тышко з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім (Глыбоцкі дэканат) і Андрэю Янулю з парафіі Божай Міласэрнасці ў Пагошчы (Браслаўскі дэканат), якія павялічылі святарскую супольнасць Віцебскай дыяцэзіі.

Добрае і цёплае надвор'е, якое ўсталявалася ў паўночным абласным цэнтры Беларусі, спрыяла прысутнасці святароў з Віцебскай і іншых дыяцэзій Беларусі, законных сясцёр і шматлікіх вернікаў, якія прыбылі ў галоўны касцёл дыяцэзіі малітоўна падтрымаць новых прэзбітэраў Касцёла.

Напачатку Эўхарыстыі біскуп Буткевіч прывітаў прысутных святароў, асабліва ксяндза прэлата Францішка Кіселя, Генеральнага вікарыя Віцебскай дыяцэзіі, ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага, канцлера Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, ксяндза каноніка Віктара Місевіча, канцлера Віцебскай дыяцэзіі, канонікаў Катэдральнага капітула, рэктара Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксяндза Яна Раманоўскага, які прыбыў на ўрачыстасць разам з выхаваўцамі і семінарыстамі, і ўсіх прысутных.

Падчас прамоўленай гаміліі іерарх нагадаў, што ўсе ахрышчаныя з'яўляюцца святарамі на моцы агульнага святарства вернікаў. Але Бог выбірае сярод іх мужчын, якіх кліча да асаблівага служэння — абвяшчэння Божага слова і цэлебрацыі сакрамэнтаў. Менавіта такія людзі становяцца святарамі, каб ад імя Хрыста і Яго моцай моцнымі повязямі злучаць вернікаў з Богам.

Пастыр віцебскага Касцёла падкрэсліў, што кожны святар ахвяруе сябе дзеля служэння Богу і людзям. Ён спаслаўся на фрагмент Евангелля, які распавядае пра ўдовін грош (пар. Мк 12, 40-44). Бедная ўдава не затрымала сабе нічога з таго, што мела ў гэты дзень.

Святар таксама не павінен затрымліваць для сябе ніякую, нават невялікую частку. Іерарх перасцярог тых, хто прымаў пасвячэнне, што гэтая малая частка здольная павялічвацца ў памерах і праз нейкі час можа перарасці ўсё тое, што яны ахвяравалі Богу.

Затым наступілі абрады пасвячэння. Пасля таго, як кандыдаты да пасвячэння выразілі сваю згоду прыняць гэты вялікі Божы дар і абяцалі свайму біскупу і яго наступнікам пашану і паслухмянасць, яны ўпалі на твар, а ўсе прысутныя словамі літаніі заклікалі заступніцтва Усіх Святых. Устаўшы з зямлі, кожны з кандыдатаў падыходзіў да біскупа, які ў жэсце ўскладання рук у гэты момант далучаў іх да Хрыстовага святарства. Усе прысутныя святары таксама ўсклалі на іх свае рукі.

Біскуп Алег Буткевіч узнёс да Духа Святога адмысловую малітву за новапасвечаных, пасля чаго яны, апрануўшы святарскім спосабам стулу і арнат, далі сябе пабачыць прысутным ужо не як дыяканы, але як святары. Біскуп намасціў іх далоні алеем хрызма, падаў ім патэну з гостыяй і келіх на знак таго, што яны будуць складаць эўхарыстычную ахвяру, і ў жэсце абдымкаў удзяліў ім знак супакою. Гэты жэст паўтарылі прысутныя святары.

Новапрэзбітэры занялі сваё месца сярод канцэлебрантаў пры алтары і ўпершыню ў жыцці маглі прачытаць прызначаную ім частку эўхарыстычнай малітвы.

Пасля пастырскага благаслаўлення, удзеленага галоўным цэлебрантам — біскупам Алегам Буткевічам, ксёндз Антон і ксёндз Андрэй падзякавалі яму за ўдзяленне пасвячэння, бацькам — за дар жыцця і выхавання, сваім пробашчам — за дапамогу і прыклад на шляху паклікання, настаяцелям і выхаваўцам семінарыі — за прыкладзеныя намаганні ў справе іх фармацыі да святарства, усім прысутным — за супольную малітву.

Канцлер віцебскай курыі ксёндз канонік Віктар Місевіч уручыў новапрэзбітэрам пасведчанні аб удзяленні святарскага пасвячэння і права здзяйсняць сакрамэнт пакаяння ў Віцебскай дыяцэзіі і ва ўсім свеце. Затым ён прачытаў дэкрэты дыяцэзіяльнага біскупа, які прызначыў ксяндза Антона Тышко вікарыем парафіях святога Андрэя Баболі ў Полацку і святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах, а ксяндза Андрэя Януля — вікарыем парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім.

Урачыстасць завяршылася супольным фотаздымкам пры ўваходзе ў касцёл і абедам на свежым паветры на прыкасцёльнай тэрыторыі.

У наступны дзень, нядзелю 3 мая, новапасвечаныя святары цэлебравалі прыміцыйныя святыя Імшы ў сваіх родных парафіях.

Абноўлена 05.05.2026 07:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця