Пошук

07.02.2026 21:50   Фота: Крысціна Ефімовіч, Ганна Мацко / Catholic.by

7 лютага, у першую суботу лютага, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе прайшоў Агульнабеларускі дзень кансэкраванага жыцця, які супаў з пятым днём Агульнабеларускай навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!» Навэнна праводзіцца з нагоды падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і як выраз удзячнасці Богу за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Распачала сустрэчу адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цішыні, якая працягнулася малітвай Фацімскага Ружанца.

Наступным пунктам дня была святая Імша, цэлебраваная з фармуляра, узятага са свята Ахвяравання Пана, якую ўзначаліў Адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Эўхарыстыя распачалася каля бочнага алтара Святой Сям’і, дзе загадзя сабраліся законныя сёстры і куды затым прыбыла літургічная працэсія. Біскуп Яшэўскі правёў уступныя абрады і асвяціў свечкі, прынесеныя і запаленыя прысутнымі. Затым працэсія са свечкамі адправілася да галоўнага алтара святыні.

Галоўны цэлебрант са свайго месца прывітаў усіх прысутных: кансэкраваных асоб, святароў і вернікаў — шанавальнікаў Беззаганнага Сэрца Марыі. Асабліва іерарх адзначыў прысутнасць у святыні групы выкладчыкаў і студэнтаў Белдзяржуніверсітэта з нагоды 5-годдзя існавання праекту «Дыялог культур і рэлігій». Супольнай малітве спадарожнічала інтэнцыя падзякі за дар кансэкраваных асобаў у Беларусі з просьбай аб Божым благаслаўленні і новых пакліканнях для іх супольнасцяў.

У прамоўленай гаміліі біскуп Аляксандр нагадаў, што Агульнабеларускі дзень кансэкраванага жыцця адбываецца ў дзень малітвы навэннай з нагоды прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Хрыста, а таксама ў святле свята Ахвяравання Пана, «таямніцы, калі Езус-Немаўлятка прыносіцца ў святыню, каб ахвяраваць сябе Айцу і свету як Той, хто цалкам належыць Богу». У гэтым святле ўсе прысутныя ў будслаўскім касцёле, а асабліва манаскія асобы, адкрываюць у сабе сваё пакліканне.

«Сёння Касцёл нагадвае нам: наша пакліканне гэта не толькі дар, але і заданне»,

― моцна падкрэсліў іерарх і растлумачыў: слова «дар» азначае перш за ўсё, што пакліканне ― гэта «не заслуга, не ўзнагарода, не вынік нашых здольнасцяў», але «Божая ініцыятыва». Менавіта Бог, паводле яго слоў, «першы глядзіць на нас, першы кліча і першы давярае нам», выбіраючы кансэкраваных асобаў, каб яны «былі знакам Яго прысутнасці ў свеце» і аказваючы ім падтрымку на гэтым шляху.

Пастыр узгадаў святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса, якая казала: «Маё пакліканне — гэта любоў». Ён звярнуў увагу на яе духоўнае адкрыццё: «Шлях святасці праходзіць праз маленькія ўчынкі, якія выконваюцца з вялікай любоўю». Біскуп запэўніў законнікаў і законніц, што ,нават калі дар паклікання у іх жыцці зусім непрыкметны, «ён заўсёды плённы, калі належыць Богу і выконваецца ў імя Любові і з любоўю».

Пераходзячы да разважання над другім акрэсленнем манаскага паклікання, якім ёсць «заданне», біскуп Яшэўскі зазначыў: «Бог не дае дары для таго, каб мы Ім захапляліся. Ён дае іх, каб мы служылі і каб нашае служэнне было плённым». Хрыстус, ахвяраваны ў святыні, становіцца выклікам для кансэкраваных асобаў, якія, паводле слоў іерарха, пакліканыя «быць ахвярай любові, ахвярай служэння, ахвярай нястомнай прысутнасці з тымі, хто ў патрэбе»

Далей пастыр пералічыў па пунктах, што азначае выраз «заданне паклікання»:

  • быць святлом, калі свет губляе арыентацыю і блукае ў цемры граху;
  • быць суцяшэннем, калі людзі перажываюць страх і няўпэўненасць;
  • быць сведкамі надзеі, калі многія адчуваюць пустэчу і адчай;
  • быць знакам Божай вернасці ў сучаснасці, калі яна становіцца рэдкасцю.

Прамоўца дадаў, што «заданне паклікання» — гэта таксама вернасць у малым: малітве, супольным жыцці, штодзённай працы, служэнні бліжнім. Менавіта «ў гэтай ціхай, штодзённай вернасці», «у “так” Богу, паўтораным тысячу разоў у дробязях і выпрабаваннях», паводле яго, раскрываецца сіла паклікання кансэкраванай асобы, бо гэта «шлях святасці, які будуецца з маленькіх каменьчыкаў штодзённай любові і ахвярнасці».

Галоўны цэлебрант узгадаў таксама святога Яна Боско, заснавальніка салезіянаў, кангрэгацыі, да якой належыць іерарх. Гэты святы, звяртаючыся да моладзі, казаў: «Дастакова, каб вы былі маладымі, каб я вас любіў». Іерарх падкрэсліў, што прыклад святога Яна Боско паказвае, што «вернасць у малым – гэта не слабасць, а моц; не абмежаванне, а шлях сапраўднай свабоды».

«Кансэкраваныя асобы ў Беларусі – гэта сэрца Касцёла»,

— такое нечаканае акрэсленне даў законнікам і законніцам пастыр і дадаў, што іх вернасць — «гэта дар для ўсёй нашай краіны». Ён нагадаў пра манаскія супольнасці, якія «служылі ў цішыні, калі Касцёл быў пераследаваны», і пра братоў і сясцёр, якія захавалі веру, «калі святыні былі зачыненыя, а малітва была забароненай», асабліва вылучаючы ахвяру жыцця благаслаўлёных сясцёр-мучаніц назарэтанак з Навагрудка: «Яны не трымалі ў руках зброі, не мелі зямной улады, але мелі тое, што перамагае смерць цалкавітую адданасць Богу і чалавеку. Калі іх вялі на расстрэл, яны маліліся і прабачалі. Іх пакліканне стала ахвярай любові, якая не згасае».

Пастыр адзначыў, што прыклад сясцёр-мучаніц з’яўляецца заклікам да кожнага быць верным да канца, а паняцце паклікання набывае новы сэнс гэта «не толькі дар, але і шлях, які вядзе праз крыж да ўваскрасення».

«Наш Касцёл трывае на крыві тых, хто выбраў вернасць замест уцёкаў, любоў замест нянавісці і Бога замест уласнай бяспекі»,

— сказаў ён.

Галоўны цэлебрант нагадаў, што сёлета Касцёл адзначае Год святога Францішка з нагоды 800-годдзя яго смерці. Гэты святы, які пачуў словы Хрыста «Ідзі, прадай усё, што маеш, <…> і ідзі за Мной» (Мк 10, 21) з’яўляецца прыкладам чалавека, які «аддае ўсё, каб атрымаць узамен таксама ўсё». Іерарх прывёў, а затым паўтарыў словы святога з Асізі:

«Пачні рабіць неабходнае, потым магчымае, і раптам убачыш, што робіш немагчымае».

Гэтыя словы, паводле яго, з’яўляюцца «сведчаннем чалавека, які дазволіў Богу дзейнічаць у сабе без абмежаванняў» і які ведаў, што «пакліканне пачынаецца з маленькіх крокаў, але вядзе заўсёды да вялікіх цудаў». Святы Францішак паказаў, што пакліканне — гэта не толькі абавязак, але і радасць быць Божым чалавекам. «Ён ішоў да пракажоных, абдымаў тых, каго ўсе баяліся, і казаў сваім братам: “Там, дзе цемра, нясіце святло; там, дзе нянавісць, нясіце любоў; там, дзе роспач, нясіце надзею”», — нагадаў факты з біяграфіі святога пастыр, адзначаючы, што гэта не проста прыгожыя словы, але праграма жыцця для кожнага, хто асаблівым чынам прысвяціў сябе Богу. Гэты шлях прыносіць «глыбокую, сапраўдную радасць», бо, як казаў святы Францішак, «хто служыць Богу, той заўсёды мае дастаткова». Іерарх падзякаваў усім прысутным законнікам і законніцам за іх «так», сказанае некалі Богу, у якім яны надалей верна трываюць.

Завяршаючы сваё разважанне над пакліканнем кансэкраваных асобаў, прамоўца звярнуў увагу на тое, што яны сабраліся ў Нацыянальным санктуарыі Беларусі невыпадкова, бо Маці Божая Будслаўская «ведае, што значыць несці дар і заданне паклікання». Ён пажадаў, каб Езус, які быў ахвяраваны ў святыні, аднавіў у іх сэрцах радасць манаскага служэння, Дух Святы ўмацоўваў іх у вернасці, а Найсвяцейшая Панна Марыя і святыя заступнікі вялі шляхам святасці.

Пасля Камуніі Старшыня Аб’яднання вышэйшых настаяцеляў мужчынскіх і жаночых кангрэгацый у Беларусі ксёндз доктар Андрэй Лысы SCh узначаліў абрад аднаўлення манаскіх абяцанняў, які здзейснілі прысутныя ў святыні кансэкраваныя асобы.

Напрыканцы Імшы кусташ санктуарыя ксёндз канонік Аляксей Раманчук падзякаваў усім кансэкраваным асобам, многія з якіх прыбылі здалёк, за прысутнасць на супольнай сустрэчы, біскупу Аляксандру Яшэўскаму за «прыгожае слова Божае», а таксама вернікам, якія ўшаноўваюць Маці Божую. Затым дзеці парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе павіншавалі законных айцоў, братоў і сясцёр з Днём кансэкраванага жыцця і раздалі невялікія пачастункі. Эўхарыстыя завяршылася супольным фотаздымкам.

Пасля Імшы ў больш цёплым памяшканні мясцовага клуба ўдзельнікаў сустрэчы пачаставалі абедам валанцёры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Затым прысутныя пазнаёміліся з прэзентацыяй, падрыхтаванай сястрой Міхалінай Маркевіч OP, якая распавядала пра манаскія ордэны і кангрэгацыі ў Беларусі.

У гадзіну Божай Міласэрнасці ўдзельнікі сустрэчы сабраліся на малітву Вяночкам да Божай Міласэрнасці, давяраючы таксама свае супольнасці Найдаражэйшай Крыві Хрыста ў Літаніі і іншых адпаведных малітвах. Завяршыла сустрэчу пастырскае благаслаўленне, якое ўдзяліў прысутным біскуп Яшэўскі.

Абноўлена 07.02.2026 23:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця