Пошук

07.04.2024 19:19   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

3 красавіка ў Бараўлянах адбылася ўрачыстая інаўгурацыя дзейнасці ўнутрыкасцёльнай Беларускай асацыяцыіі касцёльнага права.

Рашэнне аб стварэнні гэтай структуры было прынята на Агульнабеларускім форуме касцёльнага права, які адбыўся напрыканцы лістапада мінулага года ў Апостальскай нунцыятуры. Статут асацыяцыі быў зацверджаныя на пазачарговым, 89-м пасяджэнні ККББ 1 лютага.

У сустрэчы ўзялі ўдзел шматлікія ганаровыя госці: Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама прадстаўнік Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча сакратар нунцыятуры ў Мінску ксёндз Кшыштаф Сэрока, афіцыялы касцёльных судоў з дыяцэзій, кананісты і прымяняльнікі кананічнага права.

Ва ўступным слове мадэратар сустрэчы і адзін з заснавальнікаў асацыяцыі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB узгадаў словы Альберта Энштэйна: «Жыццё падобнае да язды на ровары: каб захаваць раўнавагу, трэба заўсёды рухацца».

«Мы разглядаем стварэнне нашай асацыяцыі касцёльнага права як пачатак натхняльнага падарожжа, падчас якога абавязковымі з’яўляюцца пастаянная дынаміка і развіццё», — падкрэсліў пры гэтым святар.

Ксёндз Віктар адзначыў, што ўзнікненне руху было ініцыявана перакладам Кодэкса Кананічнага Права на беларускую мову і яго наступным прадстаўленнем. Ключавой фігурай у гэтым працэсе быў Апостальскі нунцый Ёзіч. Над перакладам тэксту кананічнага права на беларускую мову працавалі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі і ксёндз канонік Андрэй Зноска.

Іншым значным крокам у станаўленні асацыяцыі стаў першы сход кананістаў у лістападзе мінулага года, арганізаваны з нагоды 40-годдзя ўступлення ў сілу Кодэкса Кананічнага Права 1983 года. Сімвалічная і добрая нагода, святкаванне якой адбылося ў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску, дазволіла ўпершыню арганізаваць форум касцёльнага права ў цэнтры Caritas у Ляскоўцы, а таксама сабраць спецыялістаў касцёльнага права і яго прымяняльнікаў.

Выдатным і самым важным этапам на шляху станаўлення асацыяцыі, без сумневу, было зацвярджэнне яе статута Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 1 лютага.

Беларускія біскупы станоўча адказалі на просьбу кананістаў і падчас 89-а пленарнага пасяджэння заснавалі прыватную асацыяцыю. Дзякуючы рашэнню біскупаў з’явілася новая структура пад назвай «Беларуская асацыяцыя касцёльнага права», якая будзе дзейнічаць у сферы касцёльнага права ў Беларусі.

«Сёння мы дасягаем яшчэ аднаго значнага этапу: гэтым урачыстым мерапрыемствам распачынаецца афіцыйная дзейнасць асацыяцыі», — дадаў ксёндз Віктар.

Заснаванне Беларускай асацыяцыі касцёльнага права мае вялікую практычную карысць. Асацыяцыя бачыць сваю важную ролю ў папулярызацыі і развіцці касцёльнага права ў Беларусі шляхам навуковай дзейнасці, супрацоўніцтва паміж дыяцэзіямі і манаскімі супольнасцямі, абмене вопытам паміж касцёльнымі судамі. Дзякуючы гэтым момантам, зацверджаным у статуце, асацыяцыя мае на мэце ўмацаваць, паглыбіць і спрыяць большаму распаўсюджванню кананічнага права ў Беларусі.

Са словамі прывітання звярнуліся таксама і высокія госці. Старшыня ККББ біскуп Буткевіч падзякаваў за ініцыятыву стварэння асацыяцыі, асаблівым чынам адзначыўшы важнасць такой структуры ў жыцці Касцёла, асабліва ў перспектыве зменаў дзяржаўнага заканадаўства ў сферы дзейнасці рэлігійных арганізацый. Арцыбіскуп Станеўскі заўважыў, што кожны, хто працуе у сферы Касцёльнага права, абавязкова павінен стаць членам асацыяцыі. Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што дзень інаўгурацыі вельмі важны ў гісторыі Касцёла на Беларусі, і сімвалічным з’яўляецца тое, што ён адбываецца падчас святочнага Пасхальнага тыдня.

Прывітальнае слова ад Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча зачытаў сакратар нунцыятуры ў Мінску ксёндз Кшыштаф Сэрока.

Прадстаўнік Папы Францішка ў ім падкрэсліў, што стварэнне Асацыяцыі касцёльнага права з’яўляецца знакавай падзеяй у жыцці Касцёла ў Беларусі, якая сведчыць пра тое, што Касцёл жыве, развіваецца, узрастае.

Напрыканцы сустрэчы быў вызначаны склад часовага кіраўніцтва новастворанай асацыацыі, у які увайшлі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, ксёндз Андрэй Зноска і сястра Міраслава Капцюк OP. Было вырашана, што часовая рада падрыхтуе скліканне кворуму, на якім будзе абрана пастаяннае кіраўніцтва, згодна са статутам асацыяцыі.

Абноўлена 07.04.2024 19:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця