Пошук

28.11.2023 14:39   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

Увечары 27 лістапада ў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску адбыўся ўрачысты прыём з нагоды 40-й гадавіны з часу ўступлення ў сілу новага Кодэкса Кананічнага Права, прамульгаванага Папам Янам Паўлам ІІ.

Мерапрыемства ў прадстаўніцтве Святога Пасаду праводзілася па ініцыятыве Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча. Яно дало старт першаму ў гісторыі Агульнабеларускаму форуму касцёльнага права, праца якога праходзіць у аўторак.

Прыём распачаўся з «Маленькай начной серэнады» Моцарта ў выкананні Пан-квартэта, пасля чаго вядучы прыёма ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB заўважыў, што, як у музыцы неабходна гармонія, так яе стварэнню ў жыцці Касцёла служыць кананічнае права.

«Сёння, у 40-ю гадавіну з часу абнародвання новай рэдакцыі Кодэкса, якое адбылося ў 1983 годзе, мы ўспамінаем знамянальную дату ў гісторыі Каталіцкага Касцёла. Кодэкс, які ўступіў у сілу 27 лістапада 1983 года — 40 гадоў таму, — быў не толькі ўсёабдымным, але ў пэўным сэнсе і рэвалюцыйным, бо адлюстроўваў духоўнае і пастырскае аднаўленне Другога Ватыканскага Сабору. Ён аказаў вялікі ўплыў на касцёльнае жыццё і сфармаваў яго ў многіх сферах», — падкрэсліў ксёндз Віктар. Зрабіўшы кароткі экскурс у гісторыю і пазнаёміўшы сабраных са значэннем галоўнага збору законаў Касцёла лацінскага абраду, святар прывітаў удзельнікаў мерапрыемства. Перадусім словы прывітання ён скіраваў гасціннаму гаспадару — нунцыю Ёзічу, а таксама Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, запрошаным біскупам, кананістам, Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандру Румаку, прадстаўнікам Беларускай Праваслаўнай Царквы і юдэйскай супольнасці, а таксама ўсім гасцям.

З прывітальным словам да сабраных звярнуўся нуцый Антэ Ёзіч. Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне выказаў радасць ад магчымасці прымаць у ягоным доме дарагіх гасцей.

«Карыстаюся шчаслівай нагодай 40-годдзя Кодэкса Кананічнага Права, каб падзякаваць усім святарам-кананістам, перакладчыкам, карэктарам і мовазнаўцам, якія ўдзельнічалі ў перакладзе беларускай версіі, і адначасова пажадаць ім плённага вывучэння і адпаведнага тлумачэння абноўленага Кодэкса і збаўчай місіі Божага народа», — дадаў Апостальскі нунцый, які ініцыяваў і актыўна ўдзельнічаў у справе перакладу Кодэкса на беларускую мову, а год таму ажыццявіў яго выданне.

Пасля нунцыя з прывітальным словам да прысутных звярнуўся ўпаўнаважаны Аляксандр Румак. Прадастаўнік дзяржаўнай улады выказаў задавальненне ад правядзення форуму касцёльнага права, што, на яго думку, павінна спрыяць яго лепшаму пазнанню і дакладнаму выкарыстанню ва ўсіх каталіцкіх супольнасцях. Высокі чыноўнік прызнаўся, што таксама карыстаецца ў сваёй працоўнай дзейнасці плёнам зробленай працы і рэгулярна заглядае ў Кодэкс па тых ці іншых пытаннях. На заканчэнне прамовы Аляксандр Румак заклікаў жыць згодна з Бібліяй і Кодэксам Кананічнага Права.

Прысутны на прыёме прадстаўнік Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна протаіерэй Мікалай Балахоўскі прывёў словы праваслаўнага тэолага і кананіста сербскага паходжання Юстына Попавіча, які параўноўваў Біблію з аўтастрадай, а нормы царкоўнага кананічнага права — з дарожнымі знакамі на ёй. Ад імя Мірапаліта Веніяміна святар пажадаў плённай працы ўдзельнікам Першага агульнабеларускага форуму касцёльнага права.

Прывітальнае слова ад імя Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскупа Віцебскага Алега Буткевіча зачытаў яго прадстаўнік, ксёндз канонік Віктар Місевіч. Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату нагадаў словы Папы Францішка, які заклікаў кананістаў найвышэйшага касцёльнага трыбуналу ніколі не выпускаць з поля зроку людзей і іх правы.

«Задавальняе той факт, што і беларускія спецыялісты ў галіне кананічнага права, разумеючы неабходнасць пастаяннага яго вывучэння і абнаўлення, пажадалі далучыцца да гэтага працэсу», — напісаў біскуп Буткевіч, выказаўшы надзею на тое, што першая агульнабеларуская сустрэча спецыялістаў у галіне кананічнага права стане добрай нагодай для паглыблення яго ведання не толькі святарамі, але таксама семінарыстамі і ўсім Божым народам у Беларусі.

Удзельнікі прыёму з цікавасцю паслухалі даклад на тэму «Значэнне Кодэкса 1983 года для партыкулярнага Касцёла ў Беларусі і яго ўплыў», які прадставіў кансультант Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па прававых пытаннях ксёндз канонік Андрэй Зноска. Святар кампетэнтна і даступна раскрыў тэму, засяродзіўшыся на ключавых момантах касцёльнага права ў кантэксце нашай краіны.

Завяршыў афіцыйную частку прыёму арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які таксама з’яўляецца кананістам і нават працягвае выкладаць кананічнае права ў духоўнай семінарыі.

Іерарх з гумарам узгадаў, як падчас навучання ў каталіцкім універсітэце без запінкі сказаў на лацінскай мове акрэсленне закона строгаму экзаменатару, чым зрабіў на яго прыемнае ўражанне. Арцыбіскуп Станеўскі выказаў падзяку нунцыю Ёзічу за справу перакладу Кодэкса з лаціны, мовы Касцёла, на беларускую — мову народа і пажадаў плённай працы ўдзельнікам форуму.

Абноўлена 28.11.2023 14:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.