Пошук

08.04.2024 14:41   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

4 красавіка ў Мінску ўрачыста адзначылі 55-годдзе Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

Павіншаваць іерарха ў дзень нараджэння, які, па яго ўласных словах, найчасцей выпадае ў Вялікі пост, а сёлета прыпаў у Актаву Пасхі, на ўрачыстай святой Імшы ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі сабраліся шматлікія духоўныя, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, у тым ліку і родныя арцыбіскупа. Сярод удзельнікаў Эўхарыстыі былі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, чыім найбліжэйшым супрацоўнікам шмат гадоў быў арцыбіскуп Станеўскі, папярэднік арцыпастыра на Мінска-Магілёўскай катэдры арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча на цэлебрацыі прадстаўляў сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ксёндз Кшыштаф Сэрока. Імшу канцэлебравалі некалькі дзясяткаў святароў з розных мясцін, якія прадстаўлялі ўсе дыяцэзіі Беларусі. Сярод іх былі таксама кіраўнікі розных касцёльных структур.

У мінскай катэдры прысутнічалі прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, юдэйскай і мусульманскай супольнасцяў, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады.

На пачатку цэлебрацыі ўсіх прысутных сардэчна прывітаў арцыбіскуп Станеўскі, скіраваўшы патройны пасхальны заклік: «Хрыстус уваскрос!» Іерарх падкрэсліў, што Пасхальную актаву вернікі перажываюць як адзін радасны дзень, і назваў прычыну гэтай радасці, узгадаўшы назву адгартацыі Папы Францішка, напісанай у форме ліста да моладзі: Christus vivit — «Хрыстус жыве»: «Ён наша надзея і найпрыгажэйшая маладосць гэтага свету».

«Сёння пры алтары архікатэдры мы тут разам з вамі дзякуем за збаўленне, дзякуем Хрысту за перамогу, а таксама дзякуем за пакліканне, і не толькі святарскае, але жыццёвае, бо Ён жыве і хоча, каб і мы жылі», — сцвердзіў арцыпастыр, дадаўшы, што яго асабістае жыццёвае пакліканне распачалося 4 красавіка 1969 года.

Ён прыйшоў на свет у Заневічах, у Вялікую пятніцу, у сям’і Рамуальда і Гэлены Станеўскіх (сёння —  святой памяці), якія на той час ужо перадалі дар жыцця яго старэйшаму брату Тадэвушу, прысутнаму ў касцёле на святой Імшы, а таксама сёстрам Крыстыне і Гэлене.

Арцыпастыр сказаў, што святую Імшу цэлебруе ў інтэнцыі падзякі сваім бацькам, просячы для іх ласкі неба, а таксама ў першы чацвер месяца — дзень малітваў аб пакліканнях — далучыў інтэнцыю за ўсіх святароў, якіх сустрэў на сваім жыццёвым шляху і якія спрыялі яго духоўнаму ўзрастанню і развіццю яго ўласнага паклікання.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў біскуп Буткевіч, які перадусім засяродзіўся на праўдзе ўваскрасення Хрыста, што ў гэты час урачыста перажывае і абвяшчае Касцёл вуснамі сваіх служыцеляў.

«Сёння мы асаблівым чынам дзякуем за дар жыцця аднаго з гэтых слугаў і сведкаў Яго прысутнасці: ксяндза арцыбіскупа ў прыгожую гадавіну яго жыцця: дзве пяцёркі <…>. Гэта таксама яшчэ маладосць!», — адзначыў Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату. Іерарх дадаў, што не з’яўляецца чалавечай заслугай тое, што Бог кагосьці з нас выбірае і кліча, «але ад нас залежыць, наколькі мы адкрыем у сабе гэтае пакліканне, прымем і дазволім яму ў нас узрастаць».

«Эксцэленцыя, ты не проста прыняў; не проста дазволіў, каб гэтае пакліканне ў табе ўзрастала, але разам з гэтым пакліканнем — зрэшты, так і казаў Езус Хрыстус — прыняў на свае плечы і крыж», — падкрэсліў біскуп Буткевіч, дадаўшы, што гэта таксама ярмо цяжкіх абавязкаў, якое становіцца салодкім дзякуючы любові. Іерарх нагадаў, што Юзаф Станеўскі стаў адным з першых семінарыстаў заснаванай арцыбіскупам Кандрусевічам у Гродне семінарыі, паспяхова яе скончыў і пасля адпаведнага навучання стаў у ёй выкладчыкам, прэфектам, а пазней таксама рэктарам.

«Дзесяць гадоў таму Папа Францішак прызначыў цябе біскупам, і гэта, сапраўды, узровень, які надаецца чалавеку, які праявіў любоў да Касцёла, любоў да Хрыстовай паствы <…>. Ойча, і тут ты згадзіўся прыняць гэты крыж», — заўважыў Старшыня ККББ, дадаўшы, што кожны раз гэта было звязана з прыняццем на сябе ўсё большай адказнасці, асабліва ў крыжы служэнні арцыбіскупа Мітрапаліта.

«Таму сёння збіраючыся тут, у гэтым катэдральным касцёле, атуляем цябе, ойча, нашай малітвай; просім аб ласцы вытрываласці на гэтай дарозе; просім аб тым, каб твая любоў, якую маеш да Хрыстовай аўчарні, не стала меншай, каб яна ўмацоўвалася і ўзрастала, бо праз гэтую любоў ярмо, якое ты прыняў на сябе, яно сапраўды будзе салодкім, і тады на гэтай дарозе можна вытрываць», — сцвердзіў іерарх. Прыгадаўшы, што арцыпастыр прыйшоў на свет у Вялікую пятніцу, ён выказаў яму пажаданне, каб дадзены ў гэты дзень Хрыстом прыклад любові заўсёды кіраваў яго жыццём. «Няхай гэтая крыжовая ахвяра Езуса Хрыста і Яго ўваскрасенне надалей застаецца крыніцай любові, якая будзе дадаваць табе сілы несці гэты крыж, несці гэтае Хрыстова ярмо, і няхай яно будзе для цябе салодкім на карысць Хрыстовага Касцёла, на карысць нашага беларускага грамадства», — завяршыў гамілію пажаданнем біскуп Буткевіч.

Пасля Камуніі віншаванні арцыбіскупу Станеўскаму з нагоды 55-годдзя з дня нараджэння ад імя Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Антэ Ёзіча выказаў сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ксёндз Кшыштаф Сэрока. У прачытаным святаром віншавальным адрасе прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне падзякаваў іерарху за нязменную гатоўнасць ісці за Хрыстом, за адкрытае сэрца і мужнасць у выкананні ўскладзеных на яго Найвышэйшым Пастырам і Яго вікарыем на зямлі абавязкаў.

«Дзякуючы Богу за дар вашага жыцця, якое вы ахвяравалі Яму для руплівага пастырскага служэння, праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Апосталаў, а таксама святога Юзафа, апекуна паўсюднага Касцёла, жадаю вам моцнай веры, непахіснай веры і самаахвярнай любові ў служэнні на хвалу Богу і на карысць Яго вернаму народу. Асаблівая падзяка і малітва належыць вашым дарагім бацькам за іх адданую любоў і падтрымку, якія суправаджаюць вас на працягу ўсяго вашага жыццёвага шляху», — пажадаў нунцый, запэўніўшы арцыбіскупа ў сваёй малітоўнай памяці і даручыўшы яго асаблівай апецы Маці Божай Будслаўскай, Апякунцы Беларусі.

З віншаваннямі ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звярнуўся да арцыбіскупа Станеўскага Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Буткевіч. «У гэты дзень прагнем пажадаць святла і моцы Духа Святога, апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, твайго магутнага заступніка святога Юзафа і Міхала Арханёла. <…>

Няхай тваё жыццё будзе выразным знакам Божай любові і Яго апекі над нашай краінай», — сказаў біскуп Алег Буткевіч.

Пасля яго ад імя Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з віншаваннямі да арцыбіскаупа звярнуўся архімандрыт Сяргей Гаек. Да віншаванняў Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі разам са святарамі ўсходняга абраду дадалі падарунак — невялікую ікону святога Яна Залатавуснага, аўтара адной з найбольш вядомых гамілій на Пасху, якую пазней на нашай зямлі пераняў таксама свяціцель Кірыла Тураўскі.

Ад імя духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі свайго арцыпастыра павіншавалі ксяндзы канонікі Аляксей Раманчук і Францішак Рудзь. Старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця ксёндз Анджэй Юхневіч ОМІ разам з сястрой Марцэлінай Мігач ISSM выказалі віншаванне ад імя ўсіх кансэкраваных асоб Беларусі.

Да арцыбіскупа і ўсіх прысутных у мінскай катэдры звярнуўся Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, які напачатку зачытаў віншаванне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай. «Вельмі прыемна, што адным з духоўных кіраўнікоў беларускіх католікаў выступаеце менавіта вы: наш суайчыннік; чалавек, які карыстаецца заслужанай павагай і аўтарытэтам сярод прадстаўнікоў розных веравызнанняў, — адзначыла ў ім Старшыня вышэйшай палаты беларускага парламента. —

Няхай і надалей вашы пастырскія і духоўныя справы садзейнічаюць умацаванню шматвекавых традыцый грамадзянскага міру і згоды на нашай беларускай зямлі, развіццю канструктыўных адносін паміж дзяржавай і Рымска-Каталіцкай Царквой», — пажадала, між іншым, арцыбіскупу Станеўскаму Наталля Качанава.

Аляксандр Румак выказаў віншаванні таксама ад імя ўрада Рэспублікі Беларусь. У віншавальным адрасе, які зачытаў Упаўнаважаны, адзначалася, што пад апекай арцыбіскупа Станеўскага «ўвасабляюцца важныя асветніцкія і сацыяльныя праекты, умацоўваюцца каштоўнасці сям’і і патрыятызму».

«З гонарам выконваючы сваю місію, вы зарэкамендавалі сябе як прыхільнік ідэй міру, дабра, справядлівасці і канструктыўнага дыялогу паміж дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам. Няхай прыклад вашага высакароднага шляху і надалей спрыяе абуджэнню ў сэрцах людзей любові, духоўнасці і дабра, захаванню міжканфесійнай згоды на беларускай зямлі», — сказана ва ўрадавым віншаванні. Быў зачытаны таксама прывітальны адрас ад імя Старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ісачанкі.

Акрамя таго, з віншаваннямі з нагоды 55-годдзя з дня нараджэння да арцыбіскупа Станеўскага звярнуліся рэктар Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі, каардынатар інаўгураванай напярэдадні Асацыяцыі касцёльнага права ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB і навучэнцы Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля.

Акрамя таго, ксёндз канонік Юрый Санько, які бый цырымоніймастрам падчас урачыстай святой Імшы, зачытаў таксама віншаванне з Вялікаднем ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і віншаванне з днём нараджэння арцыбіскупу Станеўскаму ад кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі.

На заканчэнне святой Імшы слова ўзяў сам арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які, дзякуючы за віншаванні, заўважыў, што ўсе яны насамрэч скіраваныя не яму, а перадусім Езусу Хрысту, а таксама ўсім тым, хто дапамагае яму ў ягоным служэнні.

Пасля цэлебрацыі, якая доўжылася амаль дзве гадзіны, у архікатэдры адбыўся святочны канцэрт «Пасхальная містэрыя».

 

Абноўлена 08.04.2024 15:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа