Пошук

08.02.2024 10:17   Catholic.by
Фота Марыны Сінкевіч / Catholicnews.by

8 лютага спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Апостальскаму адміністратару для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку. З гэтай нагоды Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч скіраваў віншаванне дастойнаму юбіляру.

Найдастойнейшы Ойча Архімандрыт Сяргей, Апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду Каталіцкай Царквы ў Беларусі!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ад мяне асабіста прыміце самыя шчырыя віншаванні са знамянальнай асабістай датай — 75-гадовым юбілеем.

У маладым узросце Вы пажадалі прысвяціць сваё жыццё служэнню Найвышэйшаму Богу і ўступілі ў Кангрэгацыю Ксяндзоў Марыянаў пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе прынялі сабе імя Сяргей, а таксама прынялі візантыйскі абрад.

У перыяд навучання на тэалагічным факультэце Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, дзякуючы знаёмству з выдатным сынам Беларускай зямлі біскупам Чэславам Сіповічам, Вы зацікавіліся беларускай культурай і рэлігійнасцю. І калі на пачатку 1990-х гадоў Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі атрымала магчымасць дзейнасці, а дакладней, у 1994 годзе Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў Вашу Высокапрападобнасць Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў.

Бачачы адданую працу на карысць Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, у 1996 годзе Святы Айцец надзяліў Вас годнасцю архімандрыта, а ў 1997 абраў Вас кансультантам Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.

У 2023 годзе Святы Айцец Францішак пажадаў заснаваць Апостальскую адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі і прызначыў Вашу Высокапрападобнасць Апостальскім адміністратарам згаданай царкоўнай структуры, якой Вы кіруеце да сённяшняга дня, клапоцячыся аб развіцці царкоўнага жыцця і імкняцеся быць узорам для яе душпастыраў і вернікаў.

Жадаю Вам моцнага здароўя, шчодрай дапамогі ад Госпада ў далейшым пастырскім служэнні, апекі Маці Божай, а таксама заступніцтва ўсіх святых Беларускай зямлі.

На многія гады, глыбокапаважаны Ойча Архімандрыт!

З малітвай і павагай,

Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Віцебск, 8 лютага 2024 г.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця