Пошук

10.01.2024 07:40   Тэкст: Максім Ленец / Фота: @vdsgrodna

З 5 па 7 студзеня, падчас зімовых канікул, у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне праходзілі рэкалекцыі для юнакоў і міністрантаў «Малітва ў маім жыцці». 

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у духоўных практыкаваннях удзельнічалі маладыя людзі з розных мясцін Гродзенскай дыяцэзіі.

Рэкалекцыі распачаліся ўвечары святой Імшой, цэлебрацыю якой у капліцы Міждыяцэзіяльнай семінарыі ўзначаліў рэктар гэтай духоўнай навучальнай установы ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі.

Удзельнікі духоўных практыкаванняў маглі засяродзіць увагу на асабістай малітве, а дапамаглі ім у гэтым духоўны айцец семінарыі ксёндз Ян Сарэла, ксёндз Павел Скуба і ксёндз Ян Раманоўскі.

Таксама падчас рэкалекцый маладыя людзі наведалі гродзенскую парафію Маці Божай Анёльскай. Айцец Павел Раманчук OFMConv арганізаваў для іх цікавую экскурсію і пазнаёміў з гісторыяй касцёла. Таксама яны пабывалі ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя, дзе перад цудадзейным абразом Маці Божай Кангрэгацкай узнеслі малітвы да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Духоўныя практыкаванні завяршыліся ў нядзелю Хросту Пана ўрачыстай святой Імшой у гродзенскай катэдры.

Перад развітаннем ксёндз Ян Сарэла благаславіў кожнага з удзельнікаў на добры шлях да родных парафій.

Дні, праведзеныя ў семінарыі, сталі для маладых людзей нагодай да далейшага ўмацавання сваіх адносін з Богам.

 

Абноўлена 10.01.2024 08:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа