Пошук

26.12.2023 11:52   Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Рыта Ляховіч

У магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава вігілійную цэлебрацыю узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Напачатку сваёй гаміліі біскуп Яшэўскі нагадаў прысутным вернікам, што Бог прыйшоў да людзей, каб выратаваць іх ад рабства, вывесці з цемры да святла і адчыніць зачыненыя дзверы раю перад няшчаснымі выгнаннікамі.

“Хаця Бог не меў патрэбы ў нічыёй хвале і можа абысціся без яе, Ён таксама хацеў паказаць сваю дабрыню, хацеў, каб гэтая дабрыня была хвалена, і таму атачыў сябе мільёнамі істот, надзеленых розумам і пачуццём. Таму ён стварыў чалавека і хацеў бачыць яго шчаслівым”, – заўважыў іерарх.

У той жа час людзі “аддзячылі” Богу несправядлівасцю, прагнасцю, забойствамі, сваркамі і падманам.

“Што ж зрабіў наш міласэрны Пан, каб падняць нас з нашага ўпадку і атрымаць ад нашага роду хвалу, якая належыць Яму? Тут Ён вырашыў зрабіць тое, што ніколі не прыйшло б у галаву ніводнаму чалавеку, што дагэтуль незразумела нашаму розуму і здаецца зусім непадобным на праўду: Ён сам вырашыў сысці з нябёсаў, стаць нашым братам і святым жыццём на зямлі і жорсткай мукай выправіць зло, выкліканае грахом”, – зазначыў біскуп.

Біскуп Аляксандр падкрэсліў, што Бог аб’яўляецца чалавеку не толькі ствараючы ўвесь свет, але і звышнатуральным чынам:

“Ужо ў раі Ён размаўляў з першым чалавекам і навучаў яго, Ён размаўляў з Ноем, Абрагамам, Якубам і іншымі патрыярхамі, і Ён абвясціў сваю волю ўсяму габрэйскаму народу праз людзей, натхнёных Яго духам, праз сваіх прарокаў. Але ўсяго гэтага было яшчэ недастаткова для Яго любові і нашай мізэрнасці: Ён заўсёды здаваўся нам Істотай занадта далёкай і недаступнай”.

На думку пастыра, праблемы была ў тым, што чалавек аддаваў перавагу пакланяцца ўласнаручна зробленым ідалам і нават маліўся жывёлам, бо бачыў у іх нейкі вобраз боства, хацеў бачыць Бога апранутым у цела.

“Вось што ўрэшце ўчыніў з намі найміласэрнейшы Пан Бог: прыйшоў да нас у бачным абліччы, Творца ўсяго прыняў аблічча свайго слугі і стаў чалавекам. Той самы, хто грыміць у небе і кіруе зоркамі, стаў маленькім, слабым Дзіцяткам і кажа нам: “Глядзіце, як я люблю вас! Не бойцеся прыйсці да Мяне!” – адзначыў іерарх.

Біскуп Яшэўскі падзяліўся з прысутнымі цікавай думкай: уцелаўленне Хрыста, усё Яго зямное жыццё, усе Яго малітвы, думкі, словы, справы, заслугі і ўрэшце Яго смерць на крыжы – усё гэта прынесла Богу такую хвалу, якую не магло прынесці Яму ўсё стварэнне:

“Няхай бы ўсе анёлы і людзі напружвалі свае сілы, як могуць, няхай бы рабілі ўсё, што могуць, каб ушанаваць свайго Творцу – яны не змогуць зрабіць гэтага годна, бо кожнае стварэнне само па сабе нішто, яно як нікчэмны чарвяк перад веліччу Божай. Нягледзячы на добрую волю яно не аддасць Яму заслужанай хвалы! Толькі Бог Сын мог вярнуць яе Богу Айцу”.

Іерарх нагадаў, што Бог жыве ў кожным з нас і робіць так, каб нашыя малітвы, думкі, словы, справы, заслугі, ахвяры і цярпенне набывалі каштоўнасць дзякуючы Яго заслугам. І хоць незлічоная колькасць мужчын, жанчын і дзяцей стала пад штандарам Хрыста, далёка не ўсе здабудуць спакой:

“Чаму? Бо ганарыстасць, прага задавальненняў, разлад і нянавісць, якія пануюць сярод людзей, не дазваляюць ім атрымаць яго. Чаму многія айцы так мала клапоцяцца пра сваіх дзяцей, не даюць ім добрага выхавання, нічога не ведаюць пра тое, што адбываецца ў гэтых маладых душах, што яны думаюць і адчуваюць? Таму што яны увесь час заняты сабой, таму што ўвесь час думаюць пра тое, каб заняць больш высокую пасаду”.

Напрыканцы свайго казання біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў вернікаў шчыра маліцца аб нараджэнні Дзіцятка Езуса ў сэрцах сёння, каб з гэтага часу сапраўды любіць нябеснага Айца:

“Вырашым пазбягаць граху, асабліва таго, у які мы дагэтуль часцей за ўсё ўпадалі, будзем працаваць на хвалу Божую, і тады супакой прыйдзе ў нашы душы і мы спазнаем сапраўднае шчасце тут, падчас нашай зямной пілігрымкі”.

Абноўлена 26.12.2023 11:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа