Пошук

29.01.2024 13:00   Тэкст і фота: Раман Ярмош / Catholic.by

28 студзеня ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія) адбыўся ХХІ фестываль калядных песень Gloria in excelsis Deo, які лічыцца адной з яскравых рэлігійных падзей жыцця Касцёла на Беларусі.

Каля дзвюх соцень маладых вернікаў з розных парафій нашай краіны ўзялі ўдзел у мерапрыемстве і праславілі Збаўцу сваім спевам

Традыцыйна фестываль распачаўся святой Імшой ў парафіяльным касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які на мінулым тыдні адзначыў 10-ю гадавіну свайго біскупскага служэння.

«Там, дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх. Сёння у гэтай святыні мы сабраліся разам, каб праславіць Збаўцу, а ваш фестываль — гэта трыумф Яго славы», — сказаў іерарх, які прыбыў са сталіцы.

На пачатку фестывалю дырэктар Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Беларусь ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч прачытаў прывітальнае слова біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што гэтая штогадовая падзея не толькі трывала ўпісваецца ў панараму сучасных культурных і душпастырскіх мерапрыемстваў Іўя і найбліжэйшага наваколля, але мае сваё заслужанае месца сярод найбольш вартасных грамадскіх і адукацыйных ініцыятыў рэлігійнага кірунку ва ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі і нават за яе межамі.

«Аднак перш за ўсё Фестываль, які прыцягвае такіх шматлікіх музычна і артыстычна здольных удзельнікаў, з’яўляецца найпрыгажэйшым сведчаннем нашай веры ў Езуса Хрыста — Сына Божага, які з любові да нас стаў Чалавекам і прыйшоў на гэты свет, каб нас збавіць», — падкрэсліў біскуп Кашкевіч у сваім прывітальным слове.

Іерарх падзякаваў ксяндзу Паўлу Калесніку, пробашчу парафіі ў Іўі і ўсім яго супрацоўнікам за тое, што ўзялі на сябе працу і адказнасць за арганізацыю і правядзенне такога важнага і прыгожага мерапрыемства.

«Дзякую таксама ахвярадаўцам, дабрадзеям, валанцёрам — усім, без чыёй зацікаўленасці, ахвярнасці і асабістага прысвячэння не было б гэтага фестывалю. Словы ўдзячнасці кірую да гарадскіх і раённых уладаў Іўя, якія на працягу многіх гадоў рознымі спосабамі добразычліва дапамагаюць фестывалю. Мяне вельмі цешыць, што гэтае важнае культурнае мерапрыемства ўсё больш становіцца своеасаблівай візітнай карткай горада Іўя і Іўеўскага раёна», — падкрэсліў у сваім прывітальным слове біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Прывітала удзельнікаў і гасцей фестывалю таксама загадчык аддзела культуры Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Святлана Кішкель. Падкрэсліўшы ўнікальнасць фестывалю, яна заўважыла што гэтая падзея, сабраўшы маленькія таленты з усіх куткоў Івейшчыны, падтрымлівае і ўмацоўвае міжканфесійны мір і згоду.

Сёлета фестываль «Gloria in Excelsis Deo» сабраў каля 200 удзельнікаў з парафій Івейскага дэканату, а таксама гасцей са Шчучына і з мікрараёна Новая Баравая, што пад Мінскам.

У атмасферы цеплыні, прыгажосці і ўтульнасці дзеці і моладзь з вялікай радасцю і энтузіязмам паказвалі свае таленты і праслаўлялі Езуса.

Як і належыць сапраўднаму святу, напрыканцы фестывалю кожны ўдзельнік атрымаў падарункі. Словы падзякі былі скіраваны таксама і тым, хто арганізоўваў і падтрымліваў фестываль, а асаблiва ксяндзу Яну Гавэцкаму, ініцыятару гэтага свята, і сястры Ірыне Бучынскай, якая з’яўляецца як бы ўвасобленым «сэрцам» фестывалю.

Фестываль калядных спеваў у беларускай глыбінцы яшчэ раз пацвердзіў, што наша зямля мае сапраўды здольных маладых людзей, якія жадаюць ісці ў свет з Евангеллем, з радаснай навіной аб тым, што Езус Хрыстус нарадзіўся ў беднай стаенцы, каб даць людзям збаўленне.

 

Абноўлена 20.02.2024 12:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.