Пошук

04.12.2023 15:30   Тэкст: А. Юрый Кулай OCD / Фота: з архіву супольнасці кармэлітаў босых / Catholic.by

2 снежня ў капліцы Маці Божай Шкаплернай у Мінску адбылася святая Імша ў інтэнцыі падзякі за 50 гадоў жыцця айца Пятра Фраштэнгі OCD — рэгіянальнага настаяцеля кармэлітаў босых у Беларусі.

Удзел у Літуріі прынялі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, настаяцель манаскай супольнасці ў Мінску айцец Сяргей Трысцень OCD, настаяцелі манаскіх дамоў айцец Аркадзь Куляха OCD  і айцец Юрый Кулай OCD, а таксама ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, ксёндз Павел Эйсмант, міністранты, мясцовыя вернікі і госці парафіі.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Нашыя гады прамінаюць як трава, а Ты, Божа, трываеш навекі»,

— распачаў гамілію іерарх.

Арцыбіскуп нагадаў гісторыю Ордэна кармэлітаў босых у Беларусі і ў гэтым кантэксце звярнуў увагу на асобу айца Пятра, які, «будучы паслухмяным сваім настаяцелям, пакінуў радзіму, каб 18 гадоў свайго жыцця прысвяціць беларускаму Касцёлу».

Іерарх таксама звярнуў увагу, што айцец Пётр нарадзіўся ў год, калі адзначалася 100-я гадавіна з дня нараджэння святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і Найсвяцейшага Аблічча.

«Мы атрымалі самы вялікі дар, якім з’яўляецца дар святарства. Але носім яго ў гліняных начыннях, якія лёгка могуць разбіцца. Злы дух не перастае нас спакушаць і ў нас могуць наступіць хвіліны цёмнай начы, як у святой Тэрэсы з Ліз’ё. Нарэшце, юбілей – гэта час прасіць у Бога благаслаўлення на будучыню»,

— распавёў арцыбіскуп і павіншаваў айца Пятра з днём нараджэння.

Пасля святой Імшы пры святочным стале сабраліся прадстаўнікі супольнасцяў кармэлітаў босых у Беларусі, прадстаўнікі свецкага ордэна, вернікі мінскай парафіі Божага Цела і прадстаўніца парафіяльнай рады з парафіі Маці Божай — Зоркі Евангелізацыі ў вёсцы Сініло, дзе служыць айцец Пётр.

Павіншаваць святара прыехалі таксама госці з Польшчы — блізкія сябры і сястра юбіляра разам з мужам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа