Пошук

29.11.2023 15:46   Тэкст: а. Аркадзь Куляха OCD / Фота: Karmel.by / Catholic.by

25 і 26 лістапада з братэрскім візітам у Беларусі знаходзіўся Генеральны настаяцель Ордэна кармэлітаў босых айцец Мігель Маркес Калле OCD.

Генеральны настаяцель наведаў усе супольнасці кармэлітаў у нашай краіне, сустрэўся з братамі і свецкімі кармэлітамі, а таксама ўдзельнічаў у мерапрыемствах, якія праходзілі ў гэтыя дні.

У першы дзень візіту айца Мігеля віталі кармэліты босыя ў Мядзелі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Гэта была першая супольнасць на шляху падарожжа высокага госця. Браты, якія служаць у парафіі Маці Божай Шкаплернай распавялі пра супольнасць, Кальварыю, а таксама рэкалекцыйны дом і паказалі святыню. Айцец Мігель цікавіўся актуальнай сітуацыяй і планамі на будучыню, а таксама пажадаў плённага служэння ў гэтым важным кармэліцкім месцы ў Беларусі.

Наступным пунктам візіту стала Нарач (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат), дзе 25 лістапада мясцовыя вернікі святкавалі адпустовую ўрачыстасць святога Андрэя Апостала, апекуна парафіі. Айцец Генерал узначаліў цэлебрацыю святой Імшы і правёў афіцыйную прэзентацыю ў Беларусі Апостальскай адгартацыі Папы Францішка C’est la сonfianсe — «Гэта давер» — з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса і Найсвяцейшага Аблічча.

Айцец Мігель коратка распавёў пра духоўную спадчыну святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, а таксама падзяліўся сваім асабістым вопытам духоўнага сяброўства з гэтай Святой, якая з’яўляецца не толькі кармэліткай босай, але таксама Доктарам Касцёла і Апякункай каталіцкіх місіі.

Пасля абеда прайшла агульная сустрэча айца Мігеля з братамі з усіх супольнасцяў Беларусі. Генеральны настаяцель падвёў вынікі нядаўняй візітацыі, а таксама заахвоціў братоў да руплівага служэння ў еднасці з усім Касцёлам.

Увечары 25 лістапада айцец Генерал у суправаджэнні Рэгіянальнага настаяцеля кармэлітаў босых у Беларусі айца Пятра Фраштэнгі OCD прыехаў у Гудагай (Гродзенская дыяцэзія). Пасля вячэры айцец Мігель бліжэй пазнаёміўся з братамі супольнасці і семінарыстам Паўлам Догелем. Супольная рэкрэацыя паспрыяла адпачынку пасля інтэнсіўнага дня.

Раніцай 26 лістапада айцец Генерал наведаў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай і памаліўся разам з братамі ў інтэнцыі кармэліцкіх супольнасцяў ва ўсім свеце.

Прыбыўшы ў той самы дзень у Мінск, айцец Мігель узначаліў цэлебрацыю святой Імшы і прамовіў гамілію, жадаючы ўмацаваць духоўна парафіянаў і братоў. Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету і літургічныя чытанні сталі зместам разважання манаскага настаяцеля, які заахвоціў сабраных да ажыццяўлення прынцыпаў Божага Валадарства ў асабістым жыцці і прыняцця Езуса Хрыста як Караля Любові.

Пасля абеду айцец Мігель сустрэўся з кармэліцкім свецкім ордэнам, які існуе ў Мінску. Госця цікавіла сітуацыя супольнасці, а таксама перспектывы развіцця свецкай галіны ордэна ў іншых частках Беларусі. Сам айцец Генерал распавёў сабраным пра дынамізм і надзеі свецкіх кармэлітаў у свеце.

Кульмінацыйным пунктам нядзельнага святкавання стаў баль Усіх Святых, які арганізавалі пры парафіі. Айцец Генерал прымаў актыўны ўдзел, пераўвасобіўшыся ў свайго нябеснага заступніка — святога Арханёла Міхала.

На заканчэнне свайго візіту ў Мінску Генеральны настаяцель кармэлітаў босых сустрэўся з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім.

За кароткі, але багаты падзеямі візіт айца Мігеля падзякавала супольнасць кармэлітаў босых. «Няхай Арханёл Міхал дапамагае нашаму Айцу ў кіраванні кармэліцкім ордэнам, які прысутны ў мужчынскіх супольнасцях, жаночых кляўзуровых кляштарах, сярод свецкіх кармэлітаў, а таксама ў сэрцам усіх, хто карыстаецца духоўным багаццем Кармэлю», — пажадалі госцю прадстаўнікі ордэна кармэлітаў босых у Беларусі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця