Пошук

06.11.2023 08:00   ave-maria.by
Фота: ave-maria.by

Выйшаў з друку лістападаўскі нумар часопіса «Ave Maria» (№ 11 (344) 2023), у якім асаблівая ўвага надаецца эсхаталагічнай тэматыцы.

Кароткі агляд новага нумара прапануецца на інтэрнэт-старонцы гэтага папулярнага каталіцкага выдання ave-maria.by.

У лістападзе, калі навакольны свет няспынна развітваецца з прыгажосцю і пышнасцю фарбаў, са шчодрым сонечным святлом, а покрыва вогненна-яркай шалясцістай лістоты пад нагамі паліваецца халоднымі дажджамі, немагчыма не думаць таксама пра крэс і пра вынік чалавечага жыцця, якое з’яўляецца неад’емнаю часткаю прыроды.

Таму лістападаўскі нумар часопіса «Ave Maria» перадусім прысвечаны тэме, якая моцна звязаная з праблематыкай вечнасці, чыстца, пакарання за грахі, а менавіта тэме адпустаў.

Распачынаецца нумар разважаннем святога Яна Паўла ІІ «Урачыстасць Усіх Святых» у перакладзе рэдактара часопіса Крыстыны Лялько і катэхезаю Вялікага Папы «Дар адпусту» ў перакладзе Ганны Шаўчэнка.

У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка ў артыкуле «Чым адрозніваецца частковы адпуст ад поўнага?» тлумачыць сутнасць і ўмовы адпустаў, а ксёндз Віктар Бохан CSsR у гутарцы з Тэрэзай Клімовіч («Выпраўляючы свае грахі…») засцерагае вернікаў, ад небяспекі «спаўзання ў гандаль» з Богам і ад страты ўсведамлення каштоўнасці гэтага дару. У часопісе таксама друкуецца ўрывак з кнігі сястры Анны Чайкоўскай WDС «Адпусты. Скарб Касцёла» (выдавецтва «Pro Christo», 2023, у перакладзе з польскай мовы на беларускую), прысвечаны адной з умоваў адпусту — свабодзе ад прывязанасці да любога граху, нават лёгкага.

Гісторыю вучэння пра пасмяротнае ачышчэнне чалавечай душы сцісла апісвае ксёндз доктар Юрый Дрозд ў сваім матэрыяле «Чысцец у Традыцыі і навучанні Касцёла».

Айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Перад таямніцаю могілак» заклікае чытачоў да рэфлексіі над крохкасцю зямнога жыцця і над тым, як навучыцца ўлічваць гэтую праўду ў штодзённасці. Быццам у працяг гэтай тэмы Галіна Калевіч падрыхтавала вытрымкі з дзённіка сучаснай польскай містычкі Аліцыі Лянчэўскай «Сведчанне» (артыкул «Звышнатуральны свет не дзесьці далёка…»), дзе раскрываецца праўда пра сэнс чалавечых цярпенняў, пра важнасць нашай малітвы за памерлых і пра тое, што іх прысутнасць і дапамога нават больш рэальныя, чым бачны свет.

Ксёндз Алег Півавар, пробашч парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Валкалаце, «адкрывае» чытачам старажытны абраз Маці Божай, Апякункі душаў чыстцовых. Ксёндз Артур Ляшнеўскі, Віктар Ведзень цікава распавядаюць пра апошнія падзеі з жыцця Касцёла ў Беларусі. Данута Бічэль прапануе чытачам шчымлівы верш «Да Вастрабрамскай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці», а сястра Паўла Эва Бобер MSF у рубрыцы «Старонка псіхолага» ўздымае складаную тэму прабачэння.

На апошняй старонцы вокладкі чытачы знойдуць тэксты малітваў, за якія можна атрымаць частковы адпуст.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.