Пошук

20.10.2023 18:03   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

14 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) адбылася ўрачыстасць Маці Божай Барунскай, якая ўшаноўваецца пад тытулам Суцяшальніцы Засмучаных.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сёлетняя ўрачыстасць адзначалася ў 330-ю гадавіну з часу прызнання абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным. Больш за тры стагоддзі таму спецыяльная касцёльная камісія ўпершыню даследавала і афіцыйна пацвердзіла праўдзівасць сведчанняў аб ласках, атрыманых праз заступніцтва Панны Марыі ў гэтым месцы.

Не толькі барунская парафія, але і ўся Гродзенская дыяцэзія духоўна рыхтавалася да ўрачыстасці з дапамогай навэнны.

Падчас навэнны санктуарый на працягу дзевяці субот наведвалі вернікі з усіх дэканатаў Гродзеншчыны, праслаўляючы мацярынскі клопат, з якім Найсвяцейшая Панна Марыя просіць у Бога неабходныя для людзей ласкі, каб яны ўзрасталі ў веры і шчасліва дасягнулі мэты свайго зямнога вандравання — Езуса Хрыста.

Каб падзякаваць Пану Богу за Найсвяцейшую Маці, якая ўшаноўваецца ў гэтым святым месцы як Суцяшальніца Засмучаных, на ўрачыстасці сабраліся шматлікія мясцовыя парафіяне, пілігрымы з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі — зблізку і здалёк, — а таксама духавенства на чале з пастырам Гродзенскай дыяцэзіі біскупам Аляксандрам Кашкевічам, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы. Прысутнічаў таксама Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, які ўзначаліў Эўхарыстычную працэсію напрыканцы Імшы.

Дэкан Ашмянскага дэканату ксёндз канонік Ян Пузына прывітаў усіх прысутных у старадаўняй святыні і нагадаў, што гісторыя цудадзейнага барунскага абраза бярэ пачатак з канца XVII стагоддзя. Менавіта з таго часу Панна Марыя прыцягвае да сябе вернікаў, якія праз Яе заступніцтва атрымліваюць у гэтым месцы ад Бога патрэбныя дары і ласкі.

Як падкрэсліў у гаміліі біскуп Кашкевіч, кожная ўрачыстасць у гонар Панны Марыі — напамін пра тое, што Пан Бог адарыў нас не толькі зямной маці, самым блізкім чалавекам у гэтым свеце, але і нябеснай Матуляй у асобе Панны Марыі, якая ёсць у людзей з волі Сына Божага. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што ўжо дзве тысячы гадоў хрысціяне ва ўсім свеце адчуваюць моц і паспяховасць заступніцтва Маці Божай.

«Аб гэтым сведчыць жывы культ Марыі, шматлікія санктуарыі, абразы і славутыя ласкамі фігуры, незлічоныя сведчанні цудаў і дароў, якія выпрошваюцца праз Яе заступніцтва», — сказаў іерарх.

Ён нагадаў, што Панна Марыя ў гэтым месцы, якое сама сабе абрала, больш за тры стагоддзі просіць Бога аб ласках для тых, хто Яе шануе.

«Марыя ў аб’яўленні пажадала, каб менавіта тут, у цёмным густым бары, дзе разыходзіліся дарогі ў Вільню і ў Гальшаны, быў устаноўлены драўляны крыж, а на ім змешчаны Яе цудадзейны абраз», — нагадаў біскуп. Урачыстае святкаванне ў Барунах іерарх назваў «цудоўнай нагодай, каб ад усяго сэрца падзякаваць Богу за дар Найсвяцейшай Маці, за Яе славуты ласкамі барунскі абраз, за гэтую святыню і за найкаштоўнейшую спадчыну веры, атрыманую ад продкаў».

«Марыя нікога не расчаравала, не пагардзіла ніводнай чалавечай просьбай, нікога не пакінула без сваёй мацярынскай дапамогі. І мы сёння таксама прыходзім да Яе з даверам і верай, у пакоры і прастаце сэрца», — дадаў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі.

На заканчэнне разважанняў біскуп падзяліўся радаснай навіной аб тым, што прыняў рашэнне ўвянчаць абраз Маці Божай Барунскай спецыяльнымі каронамі.

«Гэта будзе бачным знакам нашай удзячнасці за апеку Найсвяцейшай Маці, за багатую і цудоўную гісторыю Яе прысутнасці ў гэтым санктуарыі, за незлічоныя ласкі, якія Яна нястомна просіць для нас», — адзначыў іерарх.

Бісуп Аляксандр Кашкевіч паведаміў, што ўрачыстасці каранацыі, калі Пан Бог дазволіць, адбудуцца ў наступным годзе, і заклікаў прысутных ужо сёння пачаць рыхтаваць свае сэрцы да такой вялікай падзеі, найперш праз малітву, паглыбленне веры і любові, яшчэ больш стараннае прыняцце сакрамэнтаў і асабістае навяртанне.

Таксама на Эўхарыстыі маліліся за ўсіх маці з нагоды іх свята, якое адзначалася ў Беларусі ў гэты дзень.

Напрыканцы літургіі пробашч парафіі і кусташ санктуарыя ксёндз Павел Паўлюкевіч падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў ва ўрачыстасці і хто любіць Маці Божую. Святар заахвоціў пілігрымаў наведваць санктуарый, бо Панна Марыя ў гэтым месцы адорвае людзей сваімі ласкамі і суцяшае ў жыццёвых нягодах.

Кусташ выказаў удзячнасць біскупу за яго рашэнне каранаваць абраз. Па словах ксяндза Паўла, для вернікаў мясцовай парафіяльнай супольнасці гэтая навіна будзе вялікім імпульсам, каб як мага лепш падрыхтавацца да такой важнай для ўсёй дыяцэзіі падзеі.

Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні, пасля чаго многія вернікі ў цішыні маліліся перад абразом, даручаючы Панне Марыі свой сённяшні і заўтрашні дзень.

 

Абноўлена 20.10.2023 18:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця