Пошук

20.10.2023 13:57   Тэкст: c. Дар’я Еўтухоўская FMA / Фота: з асабістых архіваў сясцёр / Catholic.by

19 кастрычніка сёстры з розных манаскіх кангрэгацый, якія нясуць служэнне на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, здзейснілі пілігрымку ў Глыбокае (Віцебская дыяцэзія).

Пасля супольнай малітвы ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску сёстры распачалі вандроўку, даручыўшы Богу свае інтэнцыі і намеры сэрцаў.

Cвятую Імшу ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім цэлебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Ён радасна прывітаў вандроўніц на супольнай Эўхарыстыі і заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі сясцёр, новых пакліканняў і супакоі ва ўсім свеце.

Падчас гаміліі іерарх звярнуў увагу на слова «прарок», якое не раз паўтаралася ў літургіі слова гэтага дня.

«Прарок — той, які прамаўляе, нясе пасланне, піша яго сваім жыццём. Кожны чалавек пакліканы быць прарокам і пісаць сваім жыццём „пятае евангелле“. І вы, сёстры, як манаскія асобы таксама выконваецца прароцкую місію. Вы сваім выбарам жыцця, сваёю прысутнасцю, нават сваім знешнім выглядам прамаўляеце для людзей, якія навокал», 

— падкрэсліў біскуп.

Іерарх таксама нагадаў пра прыклад з жыцця святога Францішка, які з братамі пайшоў навучаць, прапаведаваць па вуліцах горада, не прамовіўшы ані слова.

Пасля святой Імшы пілігрымы пачулі з вуснаў жыхара Глыбокага гісторыю пра касцёл Святой Тройцы і касцёл з кляштарам кармэлітаў босых, у якім цяпер знаходзіцца праваслаўная царква, а сам кляштар часткова разабраны.

Гэтыя дзве святыні нават падчас вайны не былі зачынены, а служылі людзям.

З вуснаў экскурсавода сёстры даведаліся, што Глыбокае раней складалася з дзвюх частак з аднолькавай назвай.

Часткі належалі двум магнатам, кожны з якіх імкнуўся развіваць і ўзмацняць сваю, не маючы думкі, каб аб’яднацца. Таму аж да сёння ў Глыбокім існуюць два цэнтры горада, аднолькавыя па важнасці.

Таксама сёстры наведалі могілкі, дзе памаліліся за спачылых святароў і сясцёр, а асабліва за ксяндза Антонія Зянкевіча, адданага пробашча парафіі, і сястру Тадэю Касцюшка — сястру непакалянку з ордэна, заснаванага благаслаўлёнай Марцэлінай Дароўскай. Сястра Тадэя была руплівай катэхеткай, і яе вельмі любілі жыхары горада катэхеткай.

Пасля абеду сёстры пазнаеміліся з гісторыяй горада, наведалі краязнаўчы музей і прайшліся па вуліцах. З вуснаў людзей, якія праводзілі экскурсіі, было цікава пачуць пра жыццё знакамітых асоб, якія паходзяць з Глыбоччыны, такіх як Язэп Драздовіч, Вацлаў Ластоўскі, Ігнат Буйніцкі, Павел Сухі і іншыя.

Напрыканцы вандроўкі сёстры наведалі помнік у лесе, дзе падчас Другой сусветнай вайны было расстраляна шмат мясцовых жыхароў, сярод якіх былі таксама каталіцкія святары.

Ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, ксёндз Уладзіслаў Мачковяк, ксёндз Станіслаў Пыртэк былі расстраляныя тут 4 сакавіка 1942 года, а ў 1999 годзе Папа Ян Павел ІІ абвясціў іх благаслаўлёнымі.

Абноўлена 20.10.2023 14:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа