Пошук

20.06.2023 06:00   с. Марцэліна Мігач ISSM / Catholic.by

З 11 па 17 чэрвеня ў рэкалекцыйным доме «Голас Айца» пры дыяцэзіяльным санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат) адбыліся рэкалекцыі для сясцёр з розных манаскіх кангрэгацый, якія нясуць служэнне у Беларусі.

Духоўныя практыкаванні, якія сабралі ў адным месцы сясцёр з рознымі харызмамі, былі арганізаваныя ўжо ў трэці раз Радай Каардынацыйнай групы Вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў i таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

У рэкалекцыях ўзялі ўдзел 14 сясцёр з сямі жаночых манаскіх кангрэгацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі.

Канферэнцыі і духоўныя практыкаванні для ўдзельніц праводзіў ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB.

Тэма сёлетніх рэкалекцый была зачэрпнута з Катэхізіса Каталіцкага Касцёла і датычылася сямі галоўных грахоў. Паводле хрысціянскага веравучэння, імі з’яўляюцца пыха, хцівасць, зайздрасць, гнеў, распуста, неўмеркаванасць у ежы і піцці, лянота. У добра падрыхтаваных аскетычных канферэнцыях ксёндз рэкалекцыяніст дакладна прадставіў у святле вучэння Касцёла чалавечую схільнасць да здзяйснення пералічаных грахоў, а таксама іх вынікі ў жыцці. Удзельніцы тыднёвых духоўных практыкаванняў разважалі пра іх значэнне і уплыў на жыццё кансэкраваных асоб і манаскіх супольнасцяў.

У выніку сёстры атрымалі своеасаблівы духоўны рэцэпт, які дапамагае паставіць «дыягназ» і прызначыць належны «лек»: адпаведны кірунак працы над сабой.

У канферэнцыях была падрабязна раскрыта сутнасць галоўных грахоў і тое, як яны «маскіруюцца» ў жыцці чалавека. Былі вызначаны канкрэтныя спосабы таго, як іх распазнаць i перамагчы.

Рэкалекцыі адбываліся ў атмасферы засяроджанай цішыні, так званага sacrum silentium — сакральнага маўчання. Час канферэнцый чаргаваўся з удзелам у Эўхарыстыі, малітвамі адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, Літургіі гадзінаў, асабістай медытацыі і спатканняў з Езусам Журботным у роскім санктуарыі.

Усім удзельніцам у дні духоўных практыкаванняў спадарожнічала інтэнцыя выпрасіць супакой у свеце і шчодрыя ласкі для святога Касцёла і манаскага жыцця ў Беларусі.

Наступная сесія падобных рэкалекцый для кансэкраваных асоб запланавана на перыяд з 30 ліпеня па 5 жніўня ў Росі.

  
Абноўлена 20.06.2023 07:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа