Пошук

04.04.2023 19:00   Тэкст: Кс. Артур Ляшнеўскі SDB / Фота: з архіву парафіі / Відэа: Валерый Дубіцкі / Catholic.by

Падчас сёлетняга Вялікага посту, з 26 сакавіка па 2 красавіка ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні і філіяльнай капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Залессі (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат) адбыліся святыя Місіі, якія правялі святары з законніцкай супольнасці місіянераў аблатаў Марыі Беззаганнай.

Святыя місіі — гэта паглыбленыя духоўныя практыкаванні для ўсёй парафіі, мэтай якіх з’яўляецца ўмацаванне і аднаўленне жыцця веры ў супольнасці. У адрозненне ад звычайных рэкалекцый, Місіі, як правіла, працягваюцца цэлы тыдзень. Па запрашэнні пробашча парафіі прыязджаюць святары місіянеры, каб глыбей пазнаёміць вернікаў з асноўнымі праўдамі веры і маральнасці. Місіі — гэта асаблівая нагода, каб адкрыць сваё сэрца Богу. Звычайна яны праводзяцца ў парафіях раз на дзесяць гадоў.

Святыя Місіі для вернікаў смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла і жыхароў Залесся сёлета праводзілі ксёндз Анджэй Юхневіч OMI і ксёндз Павел Лемех OMI, якія нясуць душпастырскае служэнне ў дыяцэзіянальным санктуарыі Маці Божай Фацімскай ў Шуміліне (Віцебская дыяцэзія).

Гэтыя духоўныя практыкаванні, што распачаліся ў Смаргоні ў Пятую нядзелю Вялікага посту, а завяршыліся ў Пальмовую нядзелю, з упэўненасцю ўмацавалі веру ў мясцовых парафіянаў.

Місіі распачаліся ўрачыстым увядзеннем святароў місіянераў у парафію, душпастырскае служэнне ў якой нясуць ксяндзы салезіяне. Ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB, пробашч парафіі, урачыста прывітаў прапаведнікаў: падаў крыж для ўшанавання, перадаў кнігу Святога Пісання і пасхал, які місіянеры ўрачыста ўнеслі ў святыні як сімвал святла Хрыстовага Евангелля. Пасля пробашч усклаў на місіянераў святарскія стулы і перадаў душпастырскую ўладу ў парафіі на час місій, удзяліўшы двум аблатам благаслаўленне на плённае навяртанне і ўзмацненне веры ў парафіі.

У панядзелак удзельнікі Місій разважалі над Божымі запаведзямі і іх значэннем у жыцці хрысціянаў. У місійнай навуцы ксёндз Павел звярнуў увагу на тое, што ўсе запаведзі з’яўляюцца важнымі і ніводнай з іх нельга змяніць. У гэты дзень адбылося набажэнства «Сінайскага закона»: удзельнікі вызналі веру словамі Дзесяці Запаведзяў, прасілі Бога аб вытрымцы ў іх выкананні і, кладучы руку на Білію, абяцалі захоўваць гэты Божы закон у сваім жыцці.

У аўторак асаблівай апекай былі атулены хворыя і пажылыя парафіяне. З раніцы ўсе святары наведвалі хворых у іх дамах, спавядаючы, ўдзяляючы святую Камунію і намашчаючы алеем хворых.

Падчас святых Імшаў прапаведнікі адзначалі, што хворыя — гэта скарб парафіі, бо яны сваім цярпеннем і болем могуць выпрошваць ласкі навяртання для ўсёй парафіяльнай супольнасці.

У сераду вернікі перажывалі місійны дзень памяці аб памерлых. У тэматычнай навуцы місіянеры раскрывалі ўдзельнікам хрысціянскі сэнс смерці. Увечары ўся парафія прайшла ў працэсіі на могілкі. Падчас шэсця ўдзельнікі маліліся за памерлых святароў, родных, загінулых падчас войнаў і катастроф, за тых, чые магілы не пазначаны крыжам і за тых, пра каго ўжо ніхто не памятае. Да серады ўключна пасля кожнага казання біў «пакутны звон», каб духоўна абудзіць тых парафіянаў, якія адкладаюць сваё навяртанне.

У чацвер парафія святкавала місійную «ўрачыстасць Эўхарыстыі». На працягу гэтага дня парафіяне разважалі над сутнасцю Эўхарыстычнага цуду і важнасцю Яго прыняцця. Увечары адбылося Эўхарыстычнае набажэнства, падчас якога ўдзельнікі тройчы абышлі святыню з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У працэсіі людзі неслі харугвы, ферэтроны, спявалі эўхарыстычныя спевы пад гук касцёльных званоў. Пасля працэсіі адбылася начная эўхарыстычная адарацыя «Ноч Нікадэма», падчас якой удзельнікі мелі магчымасць індывідуальнага благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Пятніца стала днём пакаяння і ўшанавання святога Крыжа.

Вернікі разам з духавенствам у гэты дзень пасцілі на хлебе і вадзе як уміласціўленне за ўсе ўчыненыя грахі.

Увечары пад гук драўляных трашчотак у касцёл быў урачыста ўнесены крыж пакаяння. Перад гэтым крыжам парафіяне па чарзе перапрашалі Бога: спачатку мужчыны, потым жанчыны, моладзь і дзеці. Пад канец набажэнства пробашч прафіі лёг крыжам перад алтаром, перапрашаючы за грахі ўсёй парафіі. Пасля вернікі, несучы вялікі крыж, прайшлі па вуліцах горада, разважаючы над Мукай Езуса Хрыста ў набажэнстве Крыжовага шляху.

У першую суботу месяца смаргонцы разам з усім Касцёлам адзначалі Марыйны дзень. Набажэнствы да Маці Божай, спевы і тэматычныя казанні завяршыліся ўрачыстым чынам прысвячэння парафіі Беззаганнай Панне Марыі. Чын прысвячэння здзейсніў пробашч, побач з якім у гэты момант знаходзіліся ўдзельнікі марыйных рухаў з запаленымі свечкамі, паказваючы сваю падтрымку і малітоўную салідарнасць у інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці.

У Пальмовую нядзелю адбылося ўрачыстае заканчэнне святых Місій.

Пасля Імшаў вернікі збіраліся каля місійнага крыжа, пры якім вызнавалі веру продкаў і абяцалі захоўваць вернасць Богу.

Місіянеры на завяршэнне місій благаславілі місійную табліцу на крыжы і ўсталяваныя нядаўна побач з ім фігуры Маці Божай Балеснай і святога Яна Евангеліста. Пасля місіянеры перадалі пробашчу святарскія стулы на знак завяршэння справы святых Місій, а вернікі паасобку падыходзілі да місійнага крыжа, каб ушанаваць гэты знак хрысціянскай веры і збаўлення.

  
Абноўлена 04.04.2023 19:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа