Пошук

06.03.2023 17:44   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

У панядзелак 6 сакавіка ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася святая Імша ў інтэнцыі вечнага жыцця для памерлага ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы.

У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел канонікі Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай, грэміяльным канонікам якога ксёндз Дзмітрый быў з моманту яго стварэння. Разам з імі маліліся арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які нядаўна выйшаў са шпіталя, дзе праходзіў лячэнне пасля перанесенай аперацыі, а таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх распачаў цэлебрацыю Грыгарыянскай святой Імшы, якую штодзённа на працягу цэлага месяца па чарзе будуць цэлебраваць святары архідыяцэзіі.

Узначаліў цэлебрацыю ў галоўнай святыні сталіцы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбісуп Юзаф Станеўскі.

На пачатку святой Імшы дэкан капітула ксёндз канонік Антоній Клімантовіч нагадаў, што ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў мястэчку Ракаў і дэкан Валожынскага дэканата, адышоў у вечнасць 28 лютага на 49-м годзе жыцця і 24-м годзе святарскага служэння. Развітанне і пахавальныя абрады прайшлі 1–2 сакавіка ў Ракаве.

Вітаючы сабраных у архікатэдры ўдзельнікаў святой Імшы і тых, хто духоўна да іх далучыўся з дапамогай анлайн-трансляцыі на партале Catholic.by, арцыбіскуп Станеўскі заўважыў, што да супольнасці Хрыстовых вучняў у пілігрымцы абвяшчэння Евангелля адны далучаюцца, іншыя адыходзяць. «Тыя, хто адыходзіць — мы ў гэта верым і гэтаму навучаем, — ідуць па ўзнагароду жыцця вечнага.

Сёння нашая супольнасць моліцца за святой памяці ксяндза грэміяльнага каноніка Дзмітрыя Барылу, які быў з намі, які абвяшчаў Евангелле парафіянам і не толькі. Сёння молімся за яго, каб Бог быў міласэрны: каб грахі і правіны, якія былі на зямным шляху ў яго жыцці, прабачыў, а ўзнагародзіў за ўсё тое дабро, якім ён дзяліўся тут, на зямлі», — сказаў арцыпастыр, заахвоціўшы ўсіх да малітвы ў гэтай інтэнцыі.

Гамілію падчас Імшы прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч, які перадусім падзякаваў усім за супольную малітву, а таксама за малітвы за яго, калі ён апынуўся ў шпіталі. Заслужаны іерарх прызнаўся, што цяперашні стан здароўя не дазваляе яму весці ранейшы актыўны лад жыцця, ездзіць на ровары, што дактары нават не рэкамендуюць яму шмат стаяць. «Будзем далей маліцца, і буду служыць Богу столькі, колькі Ён хоча», — дадаў арцыбіскуп.

Ён узгадаў даўнюю касцёльную прымаўку: Sacerdotum sors, improvisa mors, што азначае: «Лёс святара — нечаканая смерць». «Нечаканая смерць ксяндза Дзмітрыя пацвярджае праўду гэтага лацінскага выразу», — з горыччу канстатаваў іерарх, дадаўшы, што яшчэ за тыдзень да таго, як ракаўскі пробашч трапіў у шпіталь, яны размаўлялі з ім, абмяркоўвалі тое, чым жыве Касцёл.

«Ён упісаў сваё імя залатымі літарамі ў гісторыю адраджэння і станаўлення Каталіцкага Касцёла ў Беларусі», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч, адзначыўшы вялікі ўнёсак спачылага святара ў распачатае яго папярэднікамі аднаўлення знявечанай у гады выяўнічага атэізму святыні ў Ракаве і клопату пра мясцовую парафіяльную супольнасць, «жывы Касцёл, імя якому — народ Божы».

«Разам з сёстрамі дамініканкамі арганізаваў узорную катэхізацыю моладзі і дзяцей. Калі прыязджалася летам туды, там заўсёды былі дзеці, там заўсёды была моладзь, бо там рэалізавалася вельмі важная душпастырская праграма „Канікулы з Богам“. <…> Ён быў адкрыты для ўсіх; ён ішоў да гэтых дзяцей, размаўляў з імі, быў з імі», — падкрэсліў заслужаны іерарх, адзначыўшы, што ксяндза Дзмітрыя, які дваццаць гадоў быў ракаўскім пробашчам, любілі і паважалі не толькі католікі, але і праваслаўныя. Арцыбіскуп Кандрусевіч пачуў пра гэта ад саміх мясцовых жыхароў, многія з якіх працуюць у санаторыі ў Аксакаўшчыне, дзе іерарх пэўны час знаходзіўся на рэабілітацыі пасля адной з папярэдніх аперацый.

«Вялікая заслуга ксяндза Дзмітрыя — гэта таксама падрыхтоўка новых святароў і катэхетаў, бо ён выкладаў у Пінскай духоўнай семінарыі кананічнае права; ён выкладаў таксама і ў каледжы святога Яна Хрысціцеля тут, у Мінску», — узгадаў арцыпастыр, адзначыўшы заслугі ксяндза Дзмітрыя Барылы ў дзейнасці касцёльнага суда, заданне якога — дапамагаць вернікам, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі. Прыклад яго святарскага жыцця, як зазначыў арцыбіскуп, дапамог іншым пайсці за голасам паклікання: адзін з выхаванкаў ксяндза Дзмітрыя Барылы з’яўляецца святаром, яшчэ адзін вучыцца ў духоўнай семінарыі.

«Ксёндз Дзмітрый быў не наймітам, а сапраўдным пастырам», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч і яшчэ раз заахвоціў да малітвы аб Божай Мілсэрнасці за спачылага святара як выраз удзячнасці за яго адданае служэнне.

На заканчэнне цэлебрацыі дэкан капітула ксёндз Антоній Клімантовіч сказаў, што, хоць месца ксяндза Дзмітрыя ў прэзбітэрыі цяпер пустое, памяць аб ім застанецца назаўсёды. Пасля гэтага ксёндз дэкан перадаў арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму крыж і пярсцёнак грэміяльнага каноніка Дзмітрыя Барылы, якія будуць захоўвацца ў Мітрапалітальнай Курыі.

Абноўлена 06.03.2023 19:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа