Пошук

09.11.2023 07:50   Тэкст і фота: кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

8 лістапада апоўдні канонікі Мінскага катэдральнага капітула сабраліся ў парафіяльным касцёле Маці Божай Ружанцовай у мястэчку Ракаў, што непадалёк ад Мінска, каб супольна памаліцца за субратоў святароў, якія апярэдзілі іх на шляху да вечнасці.

Змена месца традыцыйнай сустрэчы канонікаў ў актаву малітваў за памерлых — Ракаў замест архікатэдральнага касцёла ў Мінску — была прадыктавана ўшанаваннем памяцці аб спачылым у лютым субраце, ксяндзу каноніку Дзмітрыю Барыле, шматгадовым пробашчы ракаўскай парафіі, пахаваным на мясцовых парафіяльных могілках.

Цэлебрацыю святой Імшы ў ракаўскай святыні ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і ўсе прысутныя святары.

Напачатку сабраных у святыні прывітаў ксёндз Дзмітрый Чупрын, пробашч парафіі ў Ракаве. Гамілію падчас Імшы прамовіў ксёндз канонік Аляксандр Барыла, пробашч парафіі ў Вілейцы і родны брат спачылага ракаўскага пробашча. Звяртаючыся да прысутных біскупаў і святароў, ксёндз Аляксандр нагадаў, што «сёння мы молімся за памерлых святароў, а заўтра, магчыма, ужо будуць маліцца за нас.

Смерць можа наступіць раптоўна, нават праз хвіліну, бо святар — гэта таксама чалавек, зямное жыццё якога калісьці скончыцца. Таму святарам, таксама як і свецкім вернікам, трэба быць увесь час падрыхтаванымі да спаткання з Хрыстом у вечнасці», — падкрэсліў ксёндз Аляксандр Барыла.

Пасля святой Імшы іерархі і святары скіравіліся на могілкі, каб пры магіле ксяндза Дзмітрыя Барылы памаліцца аб вечным жыцці для яго і для ўсіх памерлых святароў. Напрыканцы сустрэчы біскуп Юрый Касабуцкі здзейсніў абрад пасвячэння адноўленых помнікаў святароў, пахаваных на ракаўскіх могілках.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.