Пошук

02.07.2022 03:06   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Познім вечарам 1 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася адна з найбольш яскравых падзей фэсту — працэсія з запаленымі свечкамі і копіяй цудадзейнага абраза.

Узначаліў велічнае шэсце вакол Чырвонай плошчы і цэлебрацыю святой Імшы апоўначы Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Разам з прадстаўніком Папы Францішка ў нашай краіне маліліся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які толькі вярнуўся з Рыма, дзе атрымаў з рук Святога Айца палій Мітрапаліта, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскупы Юрый Касабуцкі і Казімір Велікаселец, больш за сто святароў лацінскага і ўсходняга абрадаў і тысячы вернікаў з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы.

На пачатку цэлебрацыі Нунцыя Ёзіча прывітаў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Буткевіч.

Іерарх падзякаваў шматлікім пілігрымам, якія прыбылі ў Нацыянальны санктуарый на ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай «не толькі для таго, каб маліцца ў сваіх асабістых інтэнцыях, але і каб даручыць Марыі лёс нашай Бацькаўшчыны Беларусі».

Ад імя ўсіх беларускіх біскупаў Старшыня Канферэнцыі папрасіў нунцыя ўзначаліць цэлебрацыю.

У прамоўленай гаміліі прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне напачатку выказаў сваю радасць ад магчымасці «ўзначаліць начную літургічную цэлебрацыю ў будслаўскім Марыйным санктуарыі, а таксама працэсію ў гонар нашай Нябеснай Маці, Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсёй Беларусі. Нунцый Ёзіч дадаў, што Яе цудадзейны абраз «кожны год натхняе нас і запрашае да аднаўлення веры і любові і дае новыя духоўня сілы для нашага зямнога шляху, нашага служэння і працы, якую мы выконваем кожны дзень».

«Будслаўская святыня прапануе хрысціянскаму народу каштоўнасці, якія ніколі не згасаюць; каштоўнасці, якія становяцца сапраўднымі маякамі ў цяжкасцях і падчас духоўнай ночы, у якой можа апынуцца кожны з нас», — адзначыў нунцый, засяродзіўшы ўвагу на неабходнасць вярнуць належную павагу да чалавечага жыцця ад моманту зачацця да натуральнай смерці.

«Свечка, якую мы запалілі і неслі ў працэсіі, сімвалізуе наша жыццё, якое ахвяруем Богу па прыкладу Марыі. Бог стварыў наша жыцё, і яно мае фундаментальную каштоўнасць. Ніхто не мае права яго забраць, ніхто не мае права аспрэчваць гэта. Чалавечае жыццё трэба паважаць ад зачацця да натуральнай смерці», — нагадаў высокі іерарх заснаванае на Евангеллі нязменнае вучэнне Касцёла.

«Дарагія браты і сёстры, у гэтую вігілію будслаўскай урачыстасці мы запрошаны да малітвы за ўсіх нявінна забітых і за кожнае чалаечае жыццё, аднятае або загубленае ва ўсім свеце і ў вашай краіне, якая неўзабаве будзе святкаваць Дзень незалежнасці», — сказаў Апостальскі нунцый, запрасіўшы ўдзельнікаў Імшы прасіць у Багародзіцы, «каб дапамагала нам ісці шляхам еднасці, прымірэння і святасці».

«Памолімся, каб не было больш войнаў, падзелаў, знішчэння чалавечых жыццяў. Памолімся, каб паміж людзьмі валадарылі мір, павага, сяброўства, дапамога і братэрства», — спаслаўся на вучэнне Святога Айца Папы Францішка яго прадстаўнік на нашай зямлі. Ён таксама заахвоціў вернікаў да малітвы аб хутчэйшым аднаўленні будслаўскага касцёла, каб ён зноў быў «адкрытым месцам для ўсіх, асабліва для пілігрымаў».

«Сёння вечарам асаблівым чынам молімся за мір і прымірэнне людзей у суседняй Украіне, каб пад апекай Маці Божай мы маглі пераадолець, як кажа Святы Айцец Папа Францішак, „культуру падзелу“ і ўмацаваць культуру міру», — заклікаў вернікаў арцыбіскуп.

Сваю гамілію Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч завяршыў наступнымі словамі: «Нарэшце, молячыся на ружанцы, мы дзякуем нашай маці, Маці Божай Будслаўскай, за нашае жыццё, за нашыя радасці і надзеі. Мы ўдзячныя Ёй за дапамогу, якую Яна нам прапануе кожны год, каб прывесці нас да свайго Сына Езуса».

 

Абноўлена 02.07.2022 08:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа