Пошук

10.03.2022 11:05   Catholic.by

10 сакавіка ў Касцёле распачынаецца Навэнна перад урачыстасцю святога Юзафа, якая адзначаецца 19 сакавіка. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе да духавенства і вернікаў архідыяцэзіі заклік, у якім запрашае іх прысвяціць гэтае набажэнства ў інтэнцыі спынення ўзброенага наступу ва Украіне.

ЗАКЛІК
да малітвы навэннай да святога Юзафа, Апекуна Каталіцкага Касцёла,
аб спыненні ўзброенага наступу ва Украіне

Умілаваныя браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, людзі добрай волі!

Перажываючы час Вялікага посту, разважаючы над мукай Пана нашага Езуса Хрыста, мы ўсё больш разумеем, што Хрыстус увайшоў у гісторыю чалавецтва, у жыццё кожнага з нас, каб мы нанава «ад Бога нарадзіліся» і такім чынам сталі адзін аднаму братам і сястрой. Менавіта да гэтага заклікае нас Папа Францішак ў энцыкліцы аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве Fratelli Tutti. У ёй Святы Айцец, між іншым, зазначыў, што «ніхто не можа адчуць каштоўнасць свайго жыцця без рэальных твараў тых, каго ён любіць». Таму Пантыфік лічыць, што цяпер для чалавецтва настаў момант «позірку сэрцам», «прынясення сябе ў дар» дзеля іншага.

Сёння, калі ва Украіне, у нашых суседзяў, цякуць рэкі крыві і слёз, Папа Францішак заахвочвае вучыцца нанава «бачыць сэрцам»: так, як робіць гэта Бог.

«Бог не глядзіць вачыма, Бог глядзіць сэрцам».

Мае дарагія! Мінулы, 2021, год згодна з воляй Папы Францішка быў прысвечаны святому Юзафу, апекуну Дзіцяткі Езуса і абранніку Насвяцейшай Панны Марыі. З гэтай нагоды Святы Айцец напісаў Апостальскі ліст Patris corde — «Бацькоўскім сэрцам», прысвечаны 150-годдзю абвяшчэння святога Юзафа апекуном Каталіцкага Касцёла. У гэтым лісце Пантыфік падкрэслівае «творчую мужнасць» святога Юзафа, які «ведае, як ператварыць праблему ў магчымасць, заўсёды давяраючы Провіду».

Ён сутыкаецца з «канкрэтнымі праблемамі» сваёй сям’і гэтак жа, як сёння многія сем’і ў свеце, а асабіліва ва Украіне.

Заахвочваю да малітвы навэннай да святога Юзафа, Апекуна Каталіцкага Касцёла, аб спыненні ўзброенага наступу ва Украіне, каб узялі верх перамовы і здаровы розум, каб ва ўсім свеце паважалася міжнароднае права.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 9 сакавіка 2022 года, ва ўспамін святой Францішкі Рымскай

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця