Пошук

29.11.2021 11:10   Паводле: Наталля Мацюкевіч / Фота: Ірына Гайдамовіч, Анатоль Пальчэўскі / Waladarka.by

У суботу 27 лістапада ў зале дома айца Францішка Ярдана пры парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе, якой апякуюцца ксяндзы з супольнасці сальватарыянаў, прайшоў хрысціянскі баль.

Як паведамляе сайт браслаўскага санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў Waladarka.by, гэтае прыгожае мерапрыемства, якое ўжо ў пяты раз прайшло ў парафіі напярэдадні Адвэнту, сёлета сабрала больш за сотню ўдзельнікаў рознага ўзросту.

Вечарына распачалася супольнай малітвай, якую правёў вікарый парафіі ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі.

Святочны настрой стварыла выступленне моладзевага парафіяльнага гурта Ex anima. Маладыя музыкі з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі імпрэзы.

Як адзначаецца на сайце санктуарыя, гэта ўжо сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы з багатым рэпертуарам.

Цікавым сюрпрызам для гасцей стала выступленне сталічнага «Тэсла-шоў».

Артысты паказалі, што электрычнасцю можна кіраваць. Лямпы працавалі без падключэння да сетак, маланка «танцавала», бенгальскія агні ўспыхвалі ў электрычным полі…

Удзельнікаў вечарыны парадаваў пачастунак, асабліва вяндлінка ад пробашча парафіі ксяндза Станіслава Мжыглуда.

Усе ўваходныя квіткі на хрысціянскі баль былі адначасова латарэйнымі. У выніку розыгрышу калонка, тэлефон і ровар трапілі ў рукі тым, каму пашанцавала.

 

Абноўлена 29.11.2021 11:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця