Пошук

18.10.2021 11:10   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

16 кастрычніка ў Мінску прайшлі святочныя мерапрыемствы ў гонар 100-гадовага юбілею прысутнасці салезіянаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Яны распачаліся гістарычным сімпозіумам на тэму 100-гадовага служэння салезіянскага таварыства ў нашай краіне. Кульмінацыяй святкавання стала святая Імша ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Разам з ім пры алтары маліліся Старшыня канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Рэгіянальны настаяцель салезіянаў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, першы «пасляваенны» салезіянін з Беларусі ксёндз Юзаф Занеўскі SDB і каля двух дзясяткаў святароў.

У Эўхарыстыі бралі ўдзел сёстры Марыі Успамогі, салезіяне супрацоўнікі, салезіянская моладзь і вернікі, удзячныя духоўным сынам ксяндза Боско за руплівае служэнне.

У прамоўленай гаміліі нунцый Ёзіч зазначыў, што ён вельмі шчаслівы дзякуючы магчымасці ўзначаліць літургічную цэлебрацыю з гэтай знамянальнай нагоды, калі супольнасць салезіянаў адзначае стогадовы юбілей сваёй прысутнасці на беларускай зямлі.

«З гісторыі мы ведаем, што першая група ксяндзоў салезіянаў прыбыла на тэрыторыю сённяшняй Беларусі 16 чэрвеня 1921 года, распачаўшы, такім чынам, сваю новую місію, і не ведаючы, з якімі цяжкасцямі давядзецца сутыкнуцца гэтай групе з гадамі. Першыя салезіяне Дона Боско прыбылі ў Дварэц — вёску на Навагрудчыне, якая цяпер знаходзіцца ў Дзятлаўскім раёне, адкуль пачалося новае абвяшчэнне і распаўсюджванне салезіянскай харызмы.

Дзякуючы дабрыні розных людзей салезіяне атрымалі новыя магчымасці велікадушна выконваць сваю апостальскую місію на гэтых землях, дзе панавала столькі няшчасцяў.

Трымаючыся ўласнай харызмы, салезіяне ўзялі на сябе абавязацельствы па навучанні і прафесійнай адукацыі мясцовай моладзі — палякаў і беларусаў, — якая вырасла ў галечы і патрабавала асаблівай апекі, паколькі многія дзеці былі сіротамі», — узгадаў прадстаўнік Папы Францішка першыя крокі салезіянскага таварыства на беларускай зямлі, падкрэсліўшы, што вернікі з любоўю і ўдзячнасцю ўспамінаюць адукацыйную і дабрачынную дзейнасць салезіянаў, таму што яны дзяліліся ўсім, што мелі, з мясцовай беднатой, незалежна ад веравызнання.

Апостальскі нунцый не абмінуў і тыя цяжкасці, якія паступова прывялі амаль да поўнага знікнення з такім поспехам распачатай і такой патрэбнай справы.

«У 1939 годзе, пасля прыходу савецкай арміі, пачаліся цяжкасці для салезіянскай місіі і для ўсяго Каталіцкага Касцёла. Савецкія ўлады канфіскавалі ўвесь набытак салезіянскай супольнасці, а шматлікія браты былі вымушаныя пакінуць тэрыторыю савецкай Беларусі.

Прынятая савецкім рэжымам камуністычная ідэалогія ліквідавала ўсю рэлігійную і грамадскую дзейнасць. <…> Пачаліся вялікія ганенні, якія сваёй жорсткасцю нагадвалі пераслед Касцёла і мучанікаў першых стагоддзяў. Храмы прымусова зачынялі, рабавалі і апаганьвалі. Большасць культавых будынкаў былі прыстасаваны пад склады, кінатэатры, клубы, крамы, тэатры. Абразы і іншыя святыя прадметы публічна знішчаліся ў агні на плошчах гарадоў і вёсак. Касцёльныя званы кідалі ў рэкі або адлівалі з іх скульптуры бальшавіцкіх лідараў», — адзначыў ватыканскі іерарх, дадаўшы, што, нягледзячы на гэта, нешматлікія салезіяне вырашылі працягнуць працу ў новай савецкай дзяржаве, якая была вельмі варожай да Касцёла. Падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе салезіянская супольнасць у Беларусі перажывала сваю «галгофу»: некаторыя святары былі забітыя нацыстамі, іншыя — асуджаны на доўгія гады сталінскіх лагераў.

«Салезіяне вырашылі застацца ў Беларусі, каб рэалізаваць сваю салезіянскую харызму на гэтых землях, дапамагаючы захаваць веру там, дзе яны з вялікімі ахвярамі прапаведвалі слова Божае. Гледзячы на іх часта вельмі ціхую прысутнасць у вёсках і гарадах Беларусі, многія людзі адчулі новую надзею і ўбачылі святло ў чорнай савецкай рэчаіснасці. Дзякуючы гэтым некалькім сынам Дона Боско многія людзі захавалі ў сэрцы веру ў Бога», — сцвердзіў Апостальскі нунцый. Ён дадаў, што сёння салезіяне ксяндза Боско працягваюць справу свайго Заснавальніка і хочуць заставацца вернымі сваёй харызме: «Быць знакам любові Бога да моладзі».

Сваю гамілію прадстаўнік Папы Францішка завяршыў пажаданнем, якое ў асобе Рэгіянальнага настаяцеля ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB выказаў усім сённяшнім беларускім салезіянам: «Дарагія браты салезіяне, у вашай штодзённай працы я запрашаю вас зноў адкрыць для сябе харызму, каб жыць сваім супольным жыццём. Я запрашаю вас вызначыць сапраўдныя патрэбы сучаснай моладзі, парафіяльных супольнасцяў, даручаных вашай апецы.

Я запрашаю вас дзейнічаць у адзінстве на карысць Касцёлу і аднавіць у Хрысце свет, каб ён стаў лепшым, больш справядлівым і братэрскім», — сказаў нунцый Антэ Ёзіч.

У працэсіі з дарамі да алтара салезіяне супрацоўнікі прынеслі «капсулу часу» з пасланнем да салезіянаў 2121 года і мемарыяльную дошку з імёнамі духоўных сыноў Дона Боско, якія аддалі сваё жыццё служэнню ў Беларусі. Капсула будзе закладзена ў новую салезіянскую святыню, будаўніцтва якой завяршаецца ў сталічным мікрараёне Серабранка, а памятныя знакі ўсталююць у касцёлах там, дзе сёння нясуць служэнне салезіяне.

Абноўлена 01.02.2022 16:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа