Пошук

16.10.2021 07:07   Catholic.by

Сёлета вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы адзначаюць 425-годдзе падпісання Берацейскай уніі 1596 года, якая на нашых землях стала спробаю аднавіць адзінства хрысціянаў Усходу і Захаду. З гэтым юбілеем ад імя ККББ іх віншуе кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Віншавальны ліст Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
з нагоды 425-годдзя Берасцейскай уніі

Апостальскаму візітатару для беларускіх грэка-католікаў архімандрыту Сяргею Гаеку

Дастойны архімандрыт Сяргeй!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі жадаю выказаць Вам, шаноўным святарам і вернікам Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі братэрскае прывітанне і шчырыя віншаванні з нагоды 425-годдзя Берасцейскай царкоўнай Уніі — аднаўлення еднасці (communio) Усходняй Царквы на беларускіх і ўкраінскіх землях з Рымскім Апостальскім Пасадам. Еднасці, якая існавала ў час Полацкай місіі Торвальда Вандроўніка.

Гэты Юбілей дае нам нагоду падзякаваць нашаму Збаўцу Езусу Хрысту за чатыры стагоддзі, на працягу якіх рыма-католікі і грэка-католікі сумесна абвяшчалі Хрыстовае Евангелле на нашых землях.

На шляху супольнага духоўнага служэння Божаму народу былі і цяжкія часы, калі нараджаліся сапраўдныя героі веры. У гэтым годзе вы асабліва ўзгадваеце драматычны час Другой сусветнай вайны, калі былі знішчаныя вашыя парафіі на Палессі, а таксама крыжовы шлях экзарха-пакутніка Антона Неманцэвіча, якога ў лістападзе 1941 года Папа Пій ХІІ прызнычыў апостальскім адміністратарам для беларускіх грэка-католікаў.

Трыццаць гадоў таму, ужо ў незалежнай Беларусі, вы змаглі аднавіць душпастырскую дзейнасць і літургічнае жыццё вашых парафій, а таксама распачаць актыўнае дабрачыннае сацыяльнае служэнне на карысць усяго беларускага грамадства.

З нагоды вашага юбілею ўсім, хто прычыняецца да развіцця Божай справы ў нашай краіне, хачу выказаць словы шчырай падзякі і пажадаць, каб душпастырскія намаганні духавенства і вашых вернікаў прыносілі шчодры плён і служылі паглыбленню супрацоўніцтва паміж католікамі ўсходняй і заходняй традыцый.

У духу малітвы i братняга адзінства ў Хрысце

Біскуп Алег Буткевіч
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Віцебск, 16 кастрычніка 2021 г.

Абноўлена 19.10.2021 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа